Untitled-13

У лідарах — камбікормавы

Прадукцыя ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” вядомая не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за яе межамі. Якасць сухога корму для жывёлы, птушак і рыбы пацвярджаюць узнагароды ў шматлікіх конкурсах і выставах.
А нядаўна таварыства атрымала першую рэспубліканскую прэмію “Лідар года-2015”, якую заснавалі Агенцтва камунікацый “МедыяПартнёр” пры падтрымцы Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, бізнес-асацыяцыя і СМІ.
Як расказала спецыяліст аддзела маркетынгу Аксана Галавейка: “Цырымонія ўручэння прэміі адбылася ў Мінску. Яе атрымалі каля двух дзясяткаў кампаній, вядомых у Беларусі. У іх ліку, акрамя нашага завода, ад вобласці ў лідарах ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”, ААТ “Баранавіцкая птушкафабрыка”. Лаўрэаты і ўладальнікі спецыяльных прызоў атрымалі права выкарыстоўваць званне спажыўца і сімволіку прэміі ў рэкламных мэтах.

“Усе фарбы жыцця для цябе”

13 снежня бягучага года Брэсцкі абласны камітэт ГА “БРСМ” пры ўдзеле абласных аб’яднання прафсаюзаў, Фонду Міру і творчага Цэнтра ART_PIPPER праводзіць абласны этап рэспубліканскага марафону “Усе фарбы жыцця для цябе”.
А з 7 па 11 снежня ў вобласці прайшоў Тыдзень дабра, пад час якога адбыліся моладзевыя валанцёрскія акцыі і праекты, накіраваныя на аказанне адраснай дапамогі сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян, дабрачынныя кірмашы.
Усе сродкі, сабраныя валанцёрскімі атрадамі “Добрае сэрца”, а таксама бязвыплатныя ахвяраванні ад прадпрыемстваў і ўстаноў вобласці будуць накіраваны ў Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага Фонду Міру для наступнай перадачы сем’ям, якім патрэбна лячыць дзяцей.
Завершыцца Тыдзень дабра заўтра, дабрачынным канцэртам 13 снежня ў 18.00 у абласным грамадска-культурным цэнтры з удзелам артыстаў беларускай эстрады і вядомых творчых калектываў Брэста.

У шоу “Мой бізнес” — праект жыхаркі Жабінкі

Штопятніцы ўвечары гледачы канала АНТ становяцца сведкамі шоу “Мой бізнес”, дзе разглядаюцца цікавыя бізнес-ідэі, што могуць стаць карыснымі для беларускага грамадства. Сярод 700 анкет-заявак на ўдзел у спаборніцтве арганізатары пачаткова адабралі 200, а затым — трыццаць, якія і патрапілі ў эфір. Сярод “шчаслівай трыццаткі” ўдзельнікаў апынулася і наша зямлячка Алеся Крапчук, што марыць адкрыць уласную “Студыю А”, карысную для сямейнага адпачынку. Хоць Алеся і не аказалася ў ліку васьмі фіналістаў, што пазмагаюцца за галоўны прыз, усё ж яна набыла карысныя вопыт і веды, патрэбныя для далейшага развіцця сваёй справы.

З агнём жарты дрэнныя

За 11 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 20 пажараў (у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам — на два больш). Агнём пашкоджана 17 пабудоў, восем знішчана, згарэлі дзве тоны грубых кармоў. Адзін чалавек загінуў, трое атрымалі траўмы, выратаваны два, а таксама 19 пабудоў, адна адзінка тэхнікі і 200 галоў жывёлы. Матэрыяльныя страты склалі больш за 930 мільёнаў рублёў. Пажары былі выкліканы неасцярожным абыходжаннем з агнём, парушэннем правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прыбораў, правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. У двух выпадках умяшаліся сілы прыроды.
У ліку апошніх выпадкаў старшы інспектар РАНС Рыгор Рашанок назваў загаранні ў гаражы па вуліцы Скарыны, 26 у Жабінцы і дачным доміку ў садовым таварыстве “Бярозавы гай-2”. На шчасце, людзі ў гэтых пажарах не пацярпелі. Прычыны загаранняў высвятляюцца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top