Ад спадчыны — да сучаснасці

Ад спадчыны — да сучаснасці

abb86c953725dd55a0dfa7b9d674ba8a

Ёсць рэчы-“чарадзеі” ў жыцці, без якіх нашу духоўнасць цяжка ўявіць. Іх шанавалі продкі, любяць сучаснікі, самадзейныя і прафесійныя артысты. Да такіх прама-такі боскіх прадметаў адносіцца гармонік, які спрадвеку дапамагаў наладжваць гармонію ў нашым быце.
Гармонік (“гармошка”, “гармоня”) — духавы інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Іншымі словамі, галоўныя канструкцыйныя часткі — гэта корпус (нашы продкі яго называлі “каробкай”), мех, меладычная і басавая клавіятуры (“галасы”, “басавікі”), сталёвыя язычкі (“пішчыкі”).
Гармонік прыйшоў у Беларусь у другой палове ХІХ стагоддзя спачатку на Віцебшчыну, а ў ХХ ст. пашырыўся на іншыя рэгіёны Бацькаўшчыны. Найбольшае распаўсюд-жванне атрымалі дзве разнавіднасці гармоніка — хромка (“грамаціка”) і “венка”. Адметна, што ў вясковым побыце нашы суайчыннікі выраблялі гармонікі саматужным спосабам.
Інструмент палюбіў беларусаў, а беларусы — яго. Ніводныя вячоркі не абыходзіліся без гармоніка. А якая ж песня без яго! Увішна і прыгожа ён дапамагаў у выкананні прыпевак пра працу, сям’ю, каханне, прыроду, іншыя пачуцці і з’явы навакольнага жыцця, якіх таленавіты народ заўсёды ствараў безліч. Гармонік дапамагаў беларусам і беларускам спяваць. Ды й гарманісту прыпеўкі таксама дазваляюць раскрыць сваё віртуознае майстэрства і здольнасць да імправізацыі.
Папулярнасцю ў народзе карыстаўся таксама губны гармонік — інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.
Баян — вялікі язычковы ўдасканалены гармонік з храматычным гукарадам. Існуюць баяны “гатовыя” з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе, а таксама “гатова-выбарныя”, дзе прысутнічае клавіятура левай рукі побач з кнопкамі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы паасобку і змешчаны кнопкі “гатовых” акордаў.
Папярэднікам баяна лічыцца чатырохрадковы пецярбургскі гармонік і трохрадковы венскі. У распрацоўцы канструкцыі бралі ўдзел расійскія і нямецкія майстры. А тэрмін “баян” у сучасным разуменні ўвёў рускі майстар П. Сцерлігаў разам з га-рманістам Я.Арланскім-Цітарэнкам у 1907 годзе.
Цікава, што баянам нашы продкі называлі паэта, песняра. Баян — гэта і легендарны пясняр у Кіеўскай Русі ў 2-й палове ХІ стагоддзя. Дарэчы, сам аўтар “Слова аб палку Ігаравым” згадвае Баяна як свайго выдатнага папярэдніка, называе яго “вешчым”, “салаўём старых часоў”, велічае ўнукам Вялеса — язычніцкага бога ўсходніх славян, з пашанай характарызуе яго ўзнёслае майстэрства. Лічыцца, што Баян быў дружыннікам князя Святаслава Яраслававіча і ў сваіх песнях услаўляў яго родзічаў. Ён складаў таксама песні-“славы” і спяваў іх “старому Яраславу” (Мудраму), брату Яраслава “храбраму” Мсціславу, сыну Святаслава “краснаму” Раману, князю цьмутараканскаму і чарнігаўскаму, які адолеў касожскага князя Радзядзю ў 1022 годзе. Баян склаў прыпеўку аб трагічным лёсе полацкага князя Усяслава: “Ні хітраму, ні быстраму, ні шпаркаму птаху не мінуці божага суда”.
Акардэон — разна-віднасць гармоніка з клавіятурай фартэпіяннага тыпу для правай рукі. Клавіятура для левай — кнопачная з гатовымі акордамі ва ўсіх танальнасцях.
Акардэоны бываюць розных памераў і гукавых аб’ёмаў. Гэты інструмент створаны венскім майстрам К.Даміянам ў 1829 годзе. Сучасную форму акардэон набыў каля 1910 года.
У Беларусі ён з’явіўся напачатку ХХ стагоддзя. Ды й сёння чароўныя гукі акардэона можна пачуць асабліва пры суправаджэнні танцаў, вясельных маршаў.
Бярыце часцей у рукі гармонікі, стварайце вакол весялосць і радасны настрой! Упэўнены: яны розныя, але ўсе яны здольныя ствараць вакол нас сапраўдную гармонію.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top