Забяспечвае надзейны тыл на працы і ў сям’і

Забяспечвае надзейны тыл на працы і ў сям’і

IMG_7378

За час маёй працы ў раёнцы рэдка здаралася такое, каб пра героя нататкі больш гаварылі яго калегі, чым ён сам. Зразумела адразу, што Мікалай Паплаўскі, загадчык гаспадаркі групы тылавога забеспячэння Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, — чалавек справы, а не слова. У сэнсе, нешматслоўны, а ў тым, што ён заўсёды трымае сваё слова, сумненняў не ўзнікае.
Сваю біяграфію Мікалай Мікалаевіч як прапаршчык міліцыі ў мінулым “далажыў” дакладна, лаканічна, уклаўшыся ў пяць хвілін. У 1984 годзе скончыў Пружанскі саўгас-тэхнікум, служыў у арміі, у чэрвені 1987-га прыйшоў у раённы аддзел аховы на пасаду міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання. Затым служыў міліцыянерам узвода міліцыі, працаваў кантралёрам на кантрольна-прапускным пункце вартавой аховы, вартаўніком і — з 2007 года — загадчыкам гаспадаркі групы тылавога забеспячэння.
— Займаюся своечасовым аснашчэннем аддзела тэхнічнымі сродкамі, камп’ютарнай і аргтэхнікай, — пералічвае свае абавязкі Мікалай Паплаўскі, — рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем і рэканструкцыяй ацяпляльных і вентыляцыйных сістэм, навучаннем і забеспячэннем тэхперсаналу аддзела аховы. Словам, вырашаю гаспадарчыя пытанні.
Пад адным дахам з мужам працуе і жонка Галіна Валянцінаўна. Яна дзяжурная пульта кіравання і старшыня прафсаюзнай арганізацыі аддзела аховы ў адной асобе.
Бухгалтар фінансавай службы Тамара Якімавец ведае Мікалая Паплаўскага з таго самага дня, як ён прыйшоў у аддзел аховы. Характарызуе яго як выдатнага чалавека і сябра. За 28 гадоў не прыпомніць, каб Мікалай Мікалаевіч павысіў на каго-небудзь голас, не выканаў даручэнне або абяцанне. Дысцыплінаваны і адказны работнік, сціплы чалавек, добры сем’янін.
З павагай і цеплынёй расказала пра свайго калегу і старшы інспектар па рэжыме сакрэтнасці групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Ірына Дзям’яненка:
— Больш за 15 гадоў служу побач з Мікалаем і Галінай Паплаўскімі. Гэта цудоўная сям’я. І муж, і жонка шмат чытаюць, любяць разгадваць крыжаванкі, ездзіць па грыбы, адпачываць на прыродзе. Радасць і гонар бацькоў — дачка Марына, сын Віктар і ўнучак Цімафей.
Калегі Мікалая Паплаўскага расказалі, што пад час службы ён неаднаразова заахвочваўся за прадухіленне і выяўленне злачынстваў, потым — за работу па паляпшэнні фінансавага стану аддзела, забеспячэнні рацыянальнага выкарыстання сродкаў і захаванасці матэрыяльных каштоўнасцяў, а таксама за паспяховае выкананне праграмы энергазберажэння і выканання прагнозных паказчыкаў у гэтай галіне.
Сёлета Мікалаю Паплаўскаму была аб’яўлена падзяка Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь за шматгадовую працу ў патрыятычным выхаванні маладых супрацоўнікаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё аддзела аховы, актыўную і плённую дзейнасць. Ён таксама ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм і ў сувязі з 50-годдзем, якое Мікалай Мікалаевіч адзначыў учора, 8 снежня. Віншуем і зычым поспехаў у працы, здароўя і шчасця.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: загадчык гаспадаркі групы тылавога забеспячэння Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Мікалай Паплаўскі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top