Дванаццатая “Лунінская восень”

Дванаццатая “Лунінская восень”

IMG_4133

Яшчэ ў 2004 годзе выпускнік Лунінскай сярэдняй школы Мікалай Елянеўскі, які стаў празаікам, сябрам Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі, звярнуўся да дырэктара Сяргея Іванавіча Курка і прапанаваў арганізаваць у роднай навучальнай установе паэтычны фестываль “Лунінская восень”, каб паклікаць у невялікую палескую вёску на Лунінеччыне творцаў з Брэста і нават са сталіцы. Дырэктар без ваганняў падтрымаў гэтую ініцыятыву.
Калі абласным выканаўчым камітэтам была зацверджана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка, яе вырашылі ўручаць менавіта на “Лунінскай восені”. Такім чынам, з 2007 года палеская вёска на гэты дзень становіцца культурным цэнтрам усёй Брэсцкай вобласці. За тузін гадоў у чытаннях бралі ўдзел дзясяткі паэтаў, празаікаў і крытыкаў не толькі з Брэстчыны, але й з Мінска.
Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў клапоціцца, каб пашыралася кола ўлюбёных у творчасць маладых, таму штогод ладзяцца літаратурныя конкурсы сярод вучняў і студэнтаў. Удзел у іх, атрыманыя дыпломы, памятныя падарункі за літаратурны дэбют застаюцца з імі на ўсё жыццё: верыцца, яны ніколі не адмовяцца ад кнігі, творчасці, роднага слова.
Сёлета краіна адзначыла 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта і падказала тэму конкурсу. Маладым трэба было напісаць, што яны ведаюць пра вайну, пра тых, хто вызваляў свет ад карычневай чумы, пра ветэранаў, якія жывуць побач. Як зазначыў старшыня абласнога аддзялення СПБ Анатоль Крэйдзіч, на творчы конкурс паступіла звыш трохсот дзіцячых і юнацкіх работ, так што няпроста было вызначыць пераможцаў. Журы выбрала шэсць найлепшых, напісаных прозай і вершам.
Дыпломы трэцяй ступені атрымалі Ганна Шпак і Алена Казловіч-Усцілоўская з Бярозы і навучэнка Пінскага ліцэя будаўнікоў Наталля Краўчук. Другое месца ў вучня Мотальскай сярэдняй школы Андрэя Мінюка і дзесяцікласніцы брэсцкага ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна Валідэ Асадавай.
Пасля смерці Мікалая Елянеўскага стала добрай традыцыяй, што ягоныя блізкія і родзічы прысутнічаюць на фестывалі. Сёлета яны былі ледзь не ў поўным складзе: жонка Надзея Мікалаеўна, яе дзеці, унучка Аня. Гэтаму спрыяла яшчэ адна нагода: вучаніца сярэдняй школы №15 Пінска Ганна Елянеўская названа пераможцай конкурсу.
Ганначка напісала пра свайго дзядулю. Мікалай Васільевіч нарадзіўся пасля вайны, але, скончыўшы журналісцкі факультэт Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча, доўга, да распаду СССР, шмат гадоў аддаў арміі, працуючы ў армейскіх газетах Расіі, Германіі і Узбекістана. Аднак, як далёка ні кідаў яго лёс, Елянеўскі ў памяці бярог малую радзіму, мілы сэрцу Лунін. У сваім лепшым рамане “Час пастыра”, за які Мікалай Васільевіч атрымаў Калеснікаву прэмію, расказаў пра святара ХІХ стагоддзя лунінскай Барыса-Глебскай царквы Платона Ціхановіча, які яшчэ ў 1875 годзе — роўна 140 гадоў таму — стварыў першую “Беларускую граматыку”.
У “Лунінскай восені” зарадзіліся і выспелі добрыя традыцыі. Тут сустракаюць гасцей хлебам-соллю, паказваюць сваю школу, ганарацца яе гісторыяй, з пашанай расказваюць пра слаўных выпускнікоў, пра айца Платона, якога адкрыў усім Елянеўскі. Абавязкова правядуць па алеі “Лунінскай восені”, усланай залатымі кляновымі лістамі, да краязнаўчага пакоя, дзе распавядуць пра лёсы землякоў, што змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў. Безумоўна, запросяць у гасцінную “Паляшуцкую хатку”, дзе госць зможа пакаштаваць прысмакі народнай кухні. А затым: “Сардэчна запрашаем у залу!” Туды — дзе ўжо 12 гадоў запар ладзяцца паэтычныя і празаічныя чытанні, дзе штогод адкрываюцца новыя творчыя імёны. Сёлета не толькі слухалі маладых, але й чыталі свае творы госці-пісьменнікі: Любоў Красеўская, Мікола Панасюк, Анатоль Шушко, Марыя Кобец, Андрэй Мазько…
IMG_4129Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: запамінальныя моманты “Лунінскай восені-2015”.
Фота Анатоля БЕНЗЯРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top