Дораць асалоду выцінанкі

Дораць асалоду выцінанкі

Вашестюк

Адны майстрыхі славяцца сваімі вышыванкамі, іншыя — пісанкамі ці вырабамі з газетных трубачак. Галіна Вашасцюк, кіраўнік дзіцячай школы народнай творчасці Хмелеўскага СДК, вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак вышываць крыжыкам, вязаць кручком і выразаць з паперы выцінанкі. Акрамя таго, майстрыха стварае цікавыя вырабы з саломкі, работы са скуры, з птушыных пёраў і рыбіных касцей. Ствараецца ўражанне, што ўсе прыродныя матэрыялы падуладныя залатым рукам Галіны Цімафееўны.
Больш за сорак гадоў умеліца стварае рукатворную прыгажосць і вучыць гэтаму школьнікаў. У 1972 годзе скончыла Віцебскі тэхналагічны тэхнікум лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці “канструктар-мадэльер”. Выйшла замуж і пераехала на малую радзіму мужа — у вёску Хмелева. Працавала ў мясцовай сярэдняй школе настаўніцай працоўнага навучання, у КБА і нарэшце ў сельскім Доме культуры.
Галіна Цімафееўна прызнаецца, што любіць сваю справу, бо вельмі падабаецца ўласнаручна ствараць цуды. Аднак найбольшую любоў і прыхільнасць жанчына мае да выцінанкі. Яе работы не толькі ўпрыгожваюць сцены Хмелеўскага СДК. Не так даўно выцінанка “Фіраначкі”, зробленая рукамі Галіны Вашасцюк, удзельнічала ў абласным праекце “Вясельны рэнесанс”, прэзентацыя якога прайшла ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
А пачалася прыхільнасць майстрыхі да гэтага віду народнай творчасці са звычайных сняжынак, якія яна ў дзяцінстве выразала разам з мамай пад Новы год, каб упрыгожыць вокны. Потым займалася гэтай цікавай справай ужо разам з сынам Валерыем і дочкамі Святланай і Вікторыяй. З цягам часу стварэнне ажурных работ з паперы стала любімым заняткам.
— Выцінанка як працэс і як вынік не можа не захапіць, — кажа Галіна Цімафееўна. — Ажурныя ўзоры, выразаныя з белай, чорнай ці каляровай паперы, бываюць адзінарныя і складаныя, сілуэтныя. Гэта могуць быць фігуркі, дрэвы, цацкі, фіранкі ды іншае. Асабіста мне найбольш падабаюцца камбінаваныя выцінанкі — на аснове спалучэння колераў, напрыклад, чорнага і белага, чырвонага і белага. Найчасцей працую ў тэхніцы “люстраны адбітак”. Калі работа складаная, раблю эскіз. А калі лёгкая, выразаю без падрыхтоўкі.
Здаецца, Галіна Вашасцюк ведае пра выцінанкі ўсё, з захапленнем расказвае, што ў нашых продкаў яны былі больш распаўсюджаныя ва ўжытку. Вырабамі з паперы нашы прабабулі ўпрыгожвалі хаты, мэблю, сцены. Зараз старажытная народная творчасць рэдка выкарыстоўваецца ў побыце. Затое выцінанку пачынаюць шырока ўжываць для дэкаратыўных мэтаў, з яе дапамогай ствараюць аплікацыі на адзенне, прыгожыя календары, іншыя рэчы. Але, на думку Галіны Цімафееўны, галоўнае прызначэнне выразаных ажурных вырабаў — дарыць асалоду ад прыгажосці. Работы хмелеўскай рукадзельніцы — гэта не проста вытанчаная прыгажосць, але й сакральны сэнс, зашыфраваны ў кожным узоры. Вельмі цікавыя яе выцінанкі “Ваджэнне куста”, “Гуканне вясны”, “Беларускі зубр”, “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаныя роднаму краю.
— Я патрыётка, люблю Беларусь, свае мясціны, — прызнаецца самабытная майстрыха. — Жабінкаўшчына стала для мяне сапраўды другой радзімай.
Галіна Цімафееўна з задавальненнем перадае любоў да народных традыцый хмелеўскім школьнікам: Карыне Кавалёнак, Ульяне Дырман, Дзіяне і Ані Прыдатка, Ваню Гароху, Мікіту і Грышу Касперукам, Георгію Максімаву і Мікіту Ільківу. Разам ствараюць не толькі выцінанкі, але і лялькі. На выставе ў сельскім Доме культуры красуюцца лялька-карміліца, травянічка (робіцца на аснове траў), крупянічка (на аснове крупаў), дзесяціручка (сімвал працавітай жанчыны-маці, гаспадыні). Вельмі папулярныя і запатрабаваныя лялькі-заручнікі (мужчына і жанчына з адной агульнай рукой пасярэдзіне), часта іх заказваюць на вяселлі.
— Для стварэння вырабаў сваімі рукамі неабходна зацікаўленасць, цярпенне, уседлівасць, — кажа Галіна Вашасцюк.
Вось і выхоўвае яна гэтыя якасці ў сваіх навучэнцах, захапляе іх новымі ідэямі. Пра адно толькі шкадуе майстрыха: на ўсе задумкі не хапае часу.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Галіна Вашасцюк са сваімі навучэнцамі; адна з выцінанак.
Фота Наталлі ДЫРМАН і Святланы КІСЛАЙ.

Да тэмы
Выцінанка (абласныя назвы выразанка, выстрыганка) — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Матэрыялам для яе з’яўляецца папера (белая ці каляровая), дрэва, раслінныя нарыхтоўкі. У Беларусі ў 19 — 1-й палове 20 ст. выцінанкі выкарыстоўвалі для аздаблення інтэр’ера народнага жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.). На захадзе Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены жытла. Кожная выцінанка прымяркоўвалася да пэўнай падзеі і адрознівалася вызначанай традыцыйнай кампазіцыяй. Да жніва выразалі “ўраджайную”, да заручын — упрыгожаную кветкамі, на вяселле — “вясельную”. Былі таксама “калядныя”, “велікодныя”, выцінанкі да навагодніх святаў. Па тэхналагічных і мастацкіх асаблівасцях яны падзяляюцца на ажурныя (малюнак утрымліваецца ў прарэзах) і сілуэтныя (малюнак выступае ў якасці сілуэту), адзінарныя (вырабленыя з аднаго ліста паперы) і складаныя (аплікацыйныя — з некалькіх лістоў паперы).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top