Дарога да храма кнігі

Дарога да храма кнігі

Данілюк

Нарыс

Усё на свеце выпадкова,
апроч дарогі той,
што стала сэнсам, і асновай,
і сутнасцю маёй.

Васіль Сахарчук.

І. Час выбару

Вясна была цёплая і сонечная. Дружна цвілі сады, а перад імі, выпуснікамі школ, сур’ёзна паўстала пытанне, кім быць, якую выбраць прафесію, каб не памыліцца, каб усё жыццё мець радасць ад яе.
Заслужаная настаўніца Беларускай ССР Валянціна Апанасаўна Талокіна, якая ў першай жабінкаўскай школе вяла ўрокі рускай мовы і літаратуры, вельмі хацела мець прадаўжальніцу сваёй справы і прарочыла Тамары Данілюк быць педагогам-філолагам. Дзяўчына пастаянна ўдзельнічала ў літаратурных вечарах, што праводзіліся ў школе, часта была вядучай, пісала змястоўныя сачыненні, любіла Пушкіна, Чэхава, Горкага.
Жыла Тамара на ціхай, зялёнай вуліцы Карла Маркса ў драўляным доме, вельмі звыклым для забудоў таго часу. Бацькі яе Надзея і Павел Данілюкі — простыя рабочыя — хацелі бачыць сваю дачку інжынерам, і Тамара, як скончыла школу, падала дакументы ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але не вытрымала экзамен па матэматыцы, вярнулася ў Жабінку, каб працаваць і далей рыхтавацца да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову.
У час працы на камбікормавым заводзе аднойчы сустрэла яе работнік раённай бібліятэкі Таццяна Данілюк (Карасёва). Убачыла, чым займаецца дзяўчына, і нечакана сказала:
— У нас у бібліятэцы ёсць свабоднае месца. Зайдзі. Я думаю цябе возьмуць на працу.
І сапраўды, дырэктар райбібліятэкі Таццяна Япішка ўзяла Тамару на вакантнае месца. З першых дзён дзяўчына адчула сябе сваёй у гэтым калектыве: не толькі Таццяна Антонаўна, але й усе жанчыны ахвотна дапамагалі маладой работніцы. У хуткім часе стала зразумела, што гэтая праца для яе, што бібліятэчнай справе гатовая прысвяціць усё жыццё, і падала дакументы на адпаведнае аддзяленне Мінскага інстытута культуры.
Яшчэ адзін выпадак пацвердзіў правільнасць яе выбару. У час, калі Тамара працавала ўжо дырэктарам абласной бібліятэкі, на базе Жабінкаўскай ЦБС праводзіўся семінар. Пасля пасяджэння госці паехалі ў Хмелева, да айца Серафіма. Цікавай і карыснай атрымалася гутарка з узбагачаным жыццём і верай святаром. Тады задалі айцу Серафіму самае важнае і няпростае пытанне:
— Як трэба жыць на зямлі, бацюшка?
Той яшчэ раз агледзеў суразмоўцаў і адказаў не спяшаючыся:
— Жить по сердцу нельзя — сердце слабое и податливое. Жить по уму тоже нельзя, ибо ум холодный и расчётливый…
Айцец Серафім зрабіў паўзу. Адна з жанчын у роспачы ўсклікнула:
— Дык як нам усё-такі жыць?
І мудры манах адказаў мудра:
— Живите по совести!
Ягоныя словы былі звернуты да ўсіх. Тамара Данілюк прыняла іх і ў свой адрас: усё жыццё яна імкнецца жыць сумленна.

ІІ. Жыццё гадоў размотвае клубок…

Пушкін пра сваю гераіню Таццяну Ларыну сказаў: “Пришла пора, она влюбилась…” Пара закаханасці ёсць у кожнага чалавека, каб з’явілася новая сям’я, каб нарадзіліся дзеці і доўжыўся род. Прыйшла яна і да Тамары Данілюк. Маладая сям’я перабралася жыць у абласны цэнтр.
Тады (ішоў ужо 1981 год) Тамара Паўлаўна першы раз пераступіла парог Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага, дзе знайшлося толькі паўстаўкі ў аддзеле камплектавання, але пагадзілася і на гэта. Разам з дочкамі Надзеяй і Кацярынай “падрастала” і яна як бібліятэчны работнік, рос яе аўтарытэт у калектыве.
Каляжанкі заўважылі, што яна ўмее знайсці “ключык” да кожнага чытача, і тыя пакідаюць бібліятэку натхнёныя і бадзёрыя, а наступным разам просяць сустрэчы з ёю.
Розныя бываюць чытачы. Суразмоўца з усмешкай успамінае, як адзін, вельмі настырны, ледзь не з парога запытаў:
— Чаму абласная бібліятэка не выпісвае газету “Советский спорт”?
Падпісныя выданні для бібліятэк былі строга лімітаваны, і гэтай расійскай газеты ў спісе не было. Любое тлумачэнне няўрымслівы чытач не прымаў. Ён схадзіў у абласны выканаўчы камітэт і даказаў, што газету, якая ўтрымлівае столькі спартыўнага матэрыялу, бібліятэка абавязана выпісваць: гэта будзе спрыяць прыцягненню ў храм кнігі новых чытачоў. Сёння “Советский спорт” уключаны ў той спіс. Ім карыстаюцца не толькі знакаміты спартыўны аматар, але і іншыя чытачы, намнога маладзейшыя.
Яшчэ ў 1991 годзе Тамара Данілюк становіцца намеснікам дырэктара абласной бібліятэкі, а праз шэсць гадоў і ўзначаліла калектыў. У яе даўно выпрацавалася крэда кіраўніка:
— Кіраваць людзьмі, дзе са 140 працуючых толькі дзесяць мужчын, вельмі няпроста. Жанчыны амаль усе з вышэйшай адукацыяй, розныя па характары, у кожнай свае ўзаемаадносіны з калегамі. Як зрабіць, каб падначаленыя былі задаволеныя табою? Кожны кіраўнік абавязаны прытрымлівацца некалькіх важных палажэнняў у рабоце. Першае — умець дакладна паставіць задачу, якую павінен выконваць калектыў. Другое — кантраляваць выкананне. Лепей, калі не будзе вельмі кідацца ў вочы тваё кантраляванне. І, нарэшце, трэцяе — не забываць пахваліць тых, хто заслугоўвае. Але трэба зрабіць гэта так, каб не пакрыўдзіць астатніх, каб у іх засталася надзея на тое, што і яны могуць некалі заслужыць тваё добрае слова. Калі ўмела выконваць гэтыя правілы, дык людзі будуць працаваць, нібы зладжаны механізм.
Жыццё гадоў размотвае клубок. Калектыў сталее, набывае вопыт. Колькі добрых спраў на рахунку брэсцкіх бібліятэкараў! Прыходзяць маладзейшыя, як, скажам, краязнавец Уладзімір Сухапар, паэтка Ярына Дашына… Ім захоўваць і доўжыць традыцыі, закладзеныя тры чвэрці стагоддзя таму — столькі мінула часу з дня заснавання бібліятэкі ў горадзе над Бугам.

ІІІ. Цікавыя праекты

Любая бібліятэка — гэта храм кнігі. У студзені саракавога года, калі толькі-толькі заходнебеларускія землі былі далучаны да БССР, у Брэсце, побач з іншымі важнымі жыццёва-гаспадарчымі задачамі, прымаецца рашэнне аб стварэнні абласной бібліятэкі. З той пары і пачалася яе гісторыя. З таго дня бібліятэка імя Максіма Горкага далучае гараджан да кнігі, да ведаў.
Берасцейцы трымаюць цесныя сувязі не толькі з айчыннымі калегамі, але і бібліятэчнымі работнікамі з суседніх краін, разам ажыццяўляюць цікавыя і карысныя праекты. Напрыклад, у 2008 годзе прайшла першая навукова-практычная канферэнцыя “Берасцейскія кнігазборы: стан і перспектывы даследавання”, якая стала брэндам у горадзе Брэсце.
Ідэю бібліятэкі падтрымаў аблвыканкам, спадабалася яна і ў навуковых колах Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны. Выступаючы, гісторыкі і навукоўцы, краязнаўцы і бібліёграфы пастараліся прасачыць лёсы, а таксама ўстанавіць месцазнаходжанне ўнікальных кніг з каштоўнымі звесткамі пра палацы, фальваркі і знакамітыя сядзібы, што месцяцца на нашай зямлі. У 2015 годзе ладзілася ўжо трэцяя па ліку канферэнцыя.
Праект “Берасцейскае вогнішча” ажыццёўлены сумесна з рэспубліканскім выдавецтвам “Літаратура і Мастацтва”. Было выдадзена звыш дзясятка розных кніг: ад навуковых і дакументальных да мастацкіх. Кнігі аўтараў аказаліся запатрабаванымі чытачом, многія ўганараваны літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка.
Колькі слынных паэтаў і празаікаў Беларусі, Расіі, Украіны, іншых дзяржаў выступала ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага! Тры гады таму была тут і Святлана Алексіевіч. Прыязджала яна ў Брэст з паэтам Алесем Разанавым. Расказваючы, як збіраўся матэрыял і пісаліся кнігі, Святлана Аляксандраўна гаварыла: “Калі пісьменнік распавядае пра аднаго чалавека, дык гэта будзе біяграфія таго чалавека, а як пра многіх людзей — гэта ўжо біяграфія эпохі”. За свае дакументальныя аповесці, за “біяграфіі эпохі” Святлана Алексіевіч сёлета атрымала вышэйшую міжнародную ўзнагароду — Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Тамара Данілюк і яе калегі-краязнаўцы — пастаянныя ўдзельнікі “Лунінскай восені”. Арганізаваныя выставы лепшых кніг, што экспануюцца на літаратурным свяце, прыцягваюць увагу пісьменнікаў, грамадскасці.
Даўно ўжо Брэсцкая абласная — гэта метадычны цэнтр для больш як 500 бібліятэк вобласці, займае вядучае месца сярод такіх жа ўстаноў краіны. Нездарма ў 2002 годзе калектыў быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Бібліятэчная справа”.
Шмат асабістых узнагарод мае і дырэктар, але найбольшая, лічыць сама Тамара Паўлаўна, — гэта тая, што з першых дзён працы ва ўсіх добрых пачынаннях яе падтрымліваюць вопытныя і старанныя калегі: Ала Мяснянкіна, Алена Бармута, Галіна Бурына, Людміла Пашкевіч і іншыя. Разам робяць сваю справу.

ІV. Наперад, да сямейнай дынастыі

На гэты конт ёсць вельмі ходкі анекдот. Размаўляе палкоўнік са сваім сынам.
— Тата, — пытае малы. — Ці буду я, калі вырасту, падпалкоўнікам?
— Будзеш, сынку. Абавязкова будзеш!
— А палкоўнікам?
— Будзеш. Я паклапачуся, каб ты атрымаў палкоўніцкія пагоны.
— А генералам?
— Не, генералам не будзеш.
— А чаму-у-у?
— Бо і ў генерала ёсць сын…
Сапраўды, існуюць цэлыя сямейныя дынастыі акцёраў і пісьменнікаў, ваенных і педагогаў. Бо змалку дзеці бачылі, чым займаюцца бацькі, і доўжылі іх справу. А як у бібліятэчных работнікаў?
Калісьці настаўніца і класны кіраўнік Валянціна Апанасаўна Талокіна жадала бачыць сваю любімую вучаніцу педагогам, а Тамара Данілюк выбрала для сябе іншую дарогу. Затое яе старэйшая дачка Надзея вядзе ўрокі ў гімназіі №3 горада Брэста, чым вельмі радуе маці. Меншая ж Кацярына пайшла па мацярынскай сцежцы: працуе ў абласной бібліятэцы.
Варта дадаць, што Таццяна Данілюк, якая некалі загітавала Тамару пайсці працаваць у Жабінкаўскую раённую бібліятэку, даўно значыцца ў яе родзічах. Сама Таццяна Уладзіміраўна на пенсіі, а яе дачка Ірына Ганчар — сёння дырэктар раённай бібліятэкі ў Жабінцы. Пра сваю пляменніцу Тамара Паўлаўна гаворыць з любасцю і цеплынёй:
— Маладыя людзі часта зняважліва адносяцца да старэйшых: яны, маўляў, адсталі ад жыцця! Гэтага ніяк не скажаш пра Ірыну. Мы з пляменніцай сустракаемся, перазвоньваемся. Яна імкнецца ўвесь час вучыцца, засвойваць вопыт сваіх папярэднікаў. З Ірыны, думаю, вырастае цудоўны бібліятэчны работнік і ўмелы кіраўнік!..
Пастаянна на рабочым стале дырэктара Тамары Данілюк стаіць партрэт яе ўнукаў: Дар’і, Макара і Рамана, якіх яна, як прызнаецца, любіць нават болей, чым сваіх дзяцей. Кім яны стануць, сказаць няпроста. Бо старэйшая Даша вучыцца ў трэцім класе, а хлопцы — яшчэ дашкольнікі.
Гледзячы на іх усмешлівыя твары, Тамара Паўлаўна з замілаваннем гаворыць:
— Расціце добрымі людзьмі!..
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: Тамара Паўлаўна Данілюк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top