Озятскому сельскому совету — 70 лет!

Озятскому сельскому совету — 70 лет!

Візітная картка. Вёска Азяты — цэнтр сельскага Савета і прыватнага ўнітарнага аграпрадпрыемства “Азяты” — размяшчаецца на паўднёвым усходзе нашага раёна ў 18 кіламетрах ад Жабінкі і ў 40 — ад абласнога цэнтра. У сельсавет уваходзяць 11 вёсак, дзе жывуць звыш 1200 чалавек. Ён мяжуецца з Брэсцкім, Маларыцкім і Кобрынскім раёнамі.
Знаходзячыся на ўсходзе Брэсцкага Палесся, гэтыя мясціны ўвабралі ў сябе асаблівасці, характэрныя раўніннаму рэльефу, з умераным і цёплым кліматам. Паселішча старажытнае: пра яго згадваюць дакументы, пачынаючы з XVI стагоддзя. Вялікія перамены чакалі Азяты ў 2007 годзе, калі ім было наканавана стаць аграгарадком.
Сапраўды, даўняя гісторыя, але мы пачнём свой аповед з перадваенных гадоў, калі гэтыя землі далучыліся да Беларускай ССР і быў створаны Азяцкі сельскі Савет.
Зямля-працаўніца, зямля-партызанка. Верасень 1939 года. Нарэшце на заходнія землі прыйшло вызваленне, за якое актыўна змагаліся лепшыя беларускія сыны і дочкі. У іх ліку — брат і сястра Міхаіл і Дар’я Чарнакі.
Новая ўлада прынесла значныя перамены. Побач узніклі два сельскія Саветы: Азяцкі і Старасельскі. Апошні ўзначаліў Міхаіл Мікітавіч Чарнак. У Азятах арганізавалі калгас імя К.Варашылава. Аднак мірную працу неўзабаве перапыніла вайна.
У першыя дні ліхалецця салдаты, якім удалося вырвацца з палаючага Брэста, дабраліся да Старога Сяла. З дапамогаю М.М.Чарнака яны арганізавалі ў Старасельскім лесе адзін з першых на Беларусі партызанскіх атрадаў. Людзі памагалі, чым маглі народным мсціўцам. Сувязнымі сталі М.Я.Карпінчук, С.В.Буснюк, Г.М.Чарнак. Дасюль як рэліквію захоўвае М.С.Козіч даведку, выдадзеную яго бацьку Сямёну Якаўлевічу, які падтрымліваў партызан.
Калі ў 43-м загінуў славуты камандзір разведкі М.М.Чарнак, атраду было прысвоена яго імя. З вызваленнем раёна многія мужчыны апранулі вайсковую форму. Пасля Перамогі дамоў вярнуліся каля 120 салдат. Сёння засталося толькі 9 ветэранаў і 2 інваліды вайны, атуленыя агульным клопатам.
Людзі зберагаюць памяць пра тыя грозныя дні. Сёлета напярэдадні 9 Мая быў адкрыты помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры Старога Сяла ўстаноўлены бюст М.М.Чарнака, на месцы дыслакацыі партызанскага атрада знаходзіцца шалаш, дзе размешчана мармуровая пліта з прозвішчамі загінулых, у мясцовай школе вам абавязкова раскажуць пра абаронцаў нашай зямлі. А людзі, дастойныя іх светлай памяці старанна працуюць на сваёй зямлі.
ПУАП “Азяты” з’яўляецца прамым пераемнікам калгаса імя К.Варашылава, створанага яшчэ ў 1940 годзе. Адразу пасля выгнання немцаў калектыўная гаспадарка аднавілася. Старшынёй выбралі Фёдара Ануфрыюка.
У 1949-1950 гады калгасы ўзніклі і ў навакольных вёсках. Пасля ўзбуйнення засталіся два: “Запаветы Леніна” і імя К.Варашылава. У 1959 годзе яны аб’ядналіся, і калгас стаў называцца “Беларусь”, а ў гэтым ужо стагоддзі яго замяніў ПУАП “Азяты”.
Гаспадарка, якую ўзначальвае С.С.Шык, мае звыш 5,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў, спецыялізуецца на вырошчванні цукровых буракоў, іншых сельскагаспадарчых культур. Па дарозе з Цялякоў у Азяты з’явіўся сучасны жывёлагадоўчы комплекс, дзе значна аблегчана праца работнікаў ферм.
Калектыўная гаспадарка дазволіла займець славу В.У.Лінкевічу, М.У.Сакайдановічу, Н.Е.Кароткай, В.Р.Федасюку, І.К.Кузьмічу, С.Ф.Кобец, М.І.Федасюк, Г.І.Давідзюк, А.У.Супрунюк, М.Ф.Федасюк, М.С.Каржук, В.М.Супрунюк і многім іншым. Як зазначыла старшыня сельвыканкама Г.В.Шкарупа:
— Яны стварылі надзейны падмурак. Што пачалі іх працавітыя рукі, тое мы працягваем.Многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а механізатар Пётр Кірылавіч Гумянка стаў кавалерам ордэна Леніна.
Новы час паклікаў ствараць фермерскія гаспадаркі. Іх на тэрыторыі Азяцкага сельсавета некалькі. Найлепшых поспехаў дабіліся фермеры Л.Я.Кукета і М.В.Махамет. Першы займаецца вырошчваннем буякоў і саджанцаў, другі — агародніны і бульбы. Яны шчыруюць старанна на зямлі.
Розныя віды гаспадарання зараз нармальна ўжываюцца побач. Гэта з аднаго боку, а з другога — людзі маюць магчымасць выбару, маюць магчымасць праверыць сваю кемлівасць і здольнасці, займаючыся цікавай для сябе справай.
Справы сельсавецкія. Створаныя ў 1940 годзе, сельскія Саветы адразу сталі выконваць задачы, якія ставіла перад імі жыццё. Чым выпала займацца ім, расказваюць былыя і сённяшнія “сельсаветчыкі”.
— У 1970 годзе, — успамінае І.К.Запрудская, — я прымала дакументы ад старшыні сельсавета Я.Д.Рагалевіча, які пераходзіў на працу ў калгас “Беларусь”. Гэта быў час, калі вёскі пачалі “губляць” маладых людзей, калі юнакі і дзяўчаты, скончыўшы школу, стараліся ўладкавацца на вучобу і працу ў гарады. Змяншалася колькасць вучняў, трэба было зачыняць пачатковыя школы, а дзетак падвозіць у сярэднюю, дзе былі створаны лепшыя ўмовы для атрымання ведаў. Адчынялі ФАПы і магазіны, а ў Баранцах у будынку былой школы сталі працаваць магазін, клуб і бібліятэка. На гэты ж перыяд прыпадае будаўніцтва базавай школы ў Старым Сяле, а ў скверы быў устаноўлены помнік М.М.Чарнаку. Мясцовы калгас “Беларусь” дасягнуў значных поспехаў, атрымліваў пераходныя чырвоныя сцягі, бо тут працавалі старанныя людзі, падабраліся выдатныя спецыялісты: галоўны аграном Т.А.Рагалевіч, галоўны заатэхнік В.Д.Качан, галоўны бухгалтар М.А.Канапалюк і інш.
Наступнаму старшыні сельсавета Г.А. Качан прыйшлося будаваць шашэйную дарогу паміж Стрыганцом і Старым Сялом. Гразкая, часта непралазная пасля дажджоў, дарога цераз лугі Лонкі дастаўляла людзям шмат праблем, і яны вылучаючы Ганну Андрэеўну кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета, далі адпаведны наказ. Дэпутат выканала яго.
— Калі адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС і трэба было тэрмінова адсяляць жыхароў з забруджанай зоны, — расказвае кіраўнік спраў сельвыканкама Л.С.Загорская, — для забудовы выбралі Азяты. Усе разумелі, якая бяда абрушылася на людзей, і стараліся як мага хутчэй пабудаваць жыллё для перасяленцаў. На новых вуліцах Гомельская і Маладзёжная ўжо ў маі 1992 года з’явіліся 15 домікаў. Ордэры атрымалі ветэран вайны Я.П.Казачэнка, пенсіянеры В.К.Жураўская і Ф.П.Сініцкі, ветурач А.З.Лаўшук, электрык В.П.Ярашэнка, трактарыст У.М.Зуб і інш.
Як і ўсе папярэднікі, сённяшняя старшыня Азяцкага сельвыканкама Г.В.Шкарупа стараецца зрабіць усё для таго, каб жыхарам сельсавета жылося ўтульна на гэтай зямлі.
— Дапамагаць вяскоўцам — мая работа і клопат, — прызнаецца Ганна Васільеўна.
Напрыклад, яшчэ пяць гадоў таму былі цалкам газіфікаваны Азяты, зараз — газ чакаюць і ў Старым Сяле. Для гэтага ствараецца праектна-каштарысная дакументацыя, а ў 2011 годзе распачнуцца работы.
У сельсавеце клапоцяцца таксама аб добраўпарадкаванні могілак. Летась ачысцілі, абнеслі ажурнай агароджай іх у Азятах, а сёлета абнаўляецца старасельскі пагост.
Не горад, а аграгарадок “Азяты” з’явіўся ў 2007 годзе. За тымі добрымі пераменамі, што прыйшлі ў вёску, стаіць вялікая, карпатлівая работа.
Сапраўды, у аграгарадка і выгляд павінен быць адпаведны. Папрыгажэлі, абнавіліся школа і дзіцячы сад, комплексны прыёмны пункт і магазіны, сельскі цэнтр культуры і адпачынку і АСБ “Беларусбанк”, аддзяленне сувязі і сельская ўрачэбная амбулаторыя. А колькі зручнасцей займелі азятчукі, калі пачаў працаваць водаправод!
У цэнтры аграгарадка з’явіўся камень-валун, на якім выбіты надпіс: “Упершыню ў 1516 годзе на старонках старадаўняй хронікі ўспамінаецца вёска Азяты”. Значыць, паселішча, абноўленае і памаладзелае, упэўнена крочыць да свайго 500-годдзя.
Аб людзях харошых расказвае апошняя частачка нашага допісу. Як бы працягваючы нас знаёміць з Азяцкім сельскім Саветам, Г.В.Шкарупа сказала:
— Зямля тут такая, што нараджае шмат таленавітых людзей!
І старшыня мае рацыю. Калі вы ўязджаеце ў аграгарадок з боку Целякоў, дык адразу трапляеце на вуліцу Юліяна Крачкоўскага (1840-1903), вядомага этнографа, фалькларыста, педагога, нараджэнца гэтага краю.
А семдзесят гадоў таму ў Азятах з’явіўся на свет В.В.Андруховіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”. Слава да Васіля Васільевіча прыйшла, калі ён быў трактарыстам-машыністам райаб’яднання “Сельгасхімія” і штодзень выконваў дзве нормы, але працаваць па-ўдарнаму вучыўся тут, на азяцкай зямлі.
Сярод найлепшых сваіх памочнікаў Г.В. Шкарупа з задавальненнем называе старастаў вёсак Бараны і Азяты Л.М.Зэлька і В.М.Андрасюк. Цяжка пералічыць усё, чым займалася баранцоўская стараста С.Р.Карась. Знакамітая каравайніца, яна стварыла самабытны фальклорны гурт, што стаў дыпламантам фестывалю “Беларусь — мая песня”. Па выніках 2002 года Соф’я Рыгораўна была абвешчана “Чалавекам года”.
Выпускнікі Азяцкай школы П.М.Кузьміч і Г.М.Снітко (Манец) сёння выкладаюць у брэсцкіх ВНУ, Н.А.Гумянка — падпалкоўнік у адстаўцы. Надзея Аляксееўна — першая жанчына ў Беларусі, якая займела такое высокае воінскае званне. М.М.Манец — артыст Гомельскай філармоніі.
У Азяцкай сярэдняй школе займаюцца 84 вучні. Яны прадаўжаюць добрую традыцыю, закладзеную амаль паўвека назад першымі навучэнцамі. Яшчэ за школьнай партай работу пра сваю Свята-Мікалаеўскую царкву падрыхтаваў Віталь Сабалеўскі. Карысную дапамогу яму аказаў настаяцель храма айцец Вадзім, які карыстаецца вялікай павагай сярод азятчукоў. Праца юнака з Азятаў спадабалася Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. Сёння Віталь — студэнт IV курса факультэта тэалогіі БДУ. Наталля Федарук — выпускніца 2010 года, якая закончыла родную школу з залатым медалём, стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Зямля, якая нараджае таленавітых людзей, мае сваю будучыню. Яна светлая, радасная, шматабяцальная.
А. і Р. БЕНЗЕРУКІ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top