Шарык

Шарык

416369

Браты Віця і Вася спяшаліся на рыбалку. Узялі прыгатаваныя з вечара вуды, чарвякоў, вядзерца, паклалі ў пакет акраец хлеба і шпарка пакрочылі ў бок лесу, які віднеўся адразу за вёскай. Хлопчыкі былі пагодкамі: аднаму — дзесяць, другому — дзевяць. Яны ніколі не тое, каб біліся, але нават не сварыліся, сапраўдныя сябрукі. Калі нехта правініўся, то віну бралі на сябе абое і разам неслі пакаранне.
Неўзабаве лес скончыўся, і сцяжынка вывела хлопчыкаў на луг, які раскінуўся да самай рэчкі. На беразе браты знайшлі ўдалае месца і закінулі вуды, засяродзіліся ў чаканні. Нідзе нікога не было, толькі воддаль, на сваім звычайным месцы, сядзеў дзед Максім. Жыў ён адзін. Жонка даўно памерла, дзеці раз’ехаліся, і старому было сумна ў пустой хаце, таму дні праводзіў то на рыбалцы, то ў лесе.
У той дзень рыба нешта не клявала, у вядзерцы было штук шэсць невялічкіх карасікаў, гарачыня прымусіла хлопчыкаў ісці дадому. Прайшлі луг, углыбіліся ў лес, і крочылі моўчкі па вузенькай сцяжынцы адзін за адным. Раптам Віця рэзка спыніўся і моўчкі паказваў некуды наперад. Васілёк глянуў і сумеўся: крокаў за дзесяць ад іх сядзеў сабака і моўчкі глядзеў на дзяцей. Быў ён вялізны, чорны з рыжымі плямамі. Дзеці хацелі абысці яго далей ад сцежкі. Але, як толькі рушылі, сабака ўстаў, натапырыў поўсць і зарычаў. І тут дзеці ўспомнілі пра хлеб, што ляжаў нечапаны ў пакеце. Дасталі яго, пачалі адломваць па кавалачку і кідаць сабаку. Той глытаў, нават не жуючы, відаць было, што ён надта галодны. Адзін з хлопчыкаў падышоў бліжэй і ласкава спытаў: “Як жа завуць цябе, сабачка? Будзь Шарыкам?” Сабака завіляў хвастом. “Бачыш, ён згодны!” — узрадаваўся Віця, і хутка ўжо абодва хлопчыкі сядзелі ля сабакі, гладзілі і лашчылі яго. Калі зноў рушылі дадому, Шарык пайшоў следам. Маці была дома, выйшла якраз да калодзежа. Убачыла іх і ўспляснула рукамі: “Навошта вы яго прывялі, ніякіх сабак”, — строга прыкрыкнула. “Мама, гэта Шарык, няхай жыве ў нас. Ён разумны, добры”, — у адзін голас прасілі хлопцы.
З хаты выйшаў бацька. Глянуў на сабаку і сказаў: “Гэта аўчарка, відаць, праўда разумная, няхай жыве, не выганяць жа цяпер”. Маці ўзяла старую міску, наліла супу, накрышыла хлеба і паставіла сабаку. Так Шарык і застаўся жыць у двары.
Было ў разгары лета, дні стаялі спякотныя. Маці з ранку разам з іншымі жанчынамі пайшла выжынаць палеглае ў нізіне жыта, бацька-шафёр быў у чарговым рэйсе. Хлопчыкі сядзелі на ганку, ім было сумна, горача, у цяньку ляжаў Шарык. “Вось бы зараз скупнуцца”, — заныў Віця. “Калі бацькі дазнаюцца, “уляціць” нам”, — запярэчыў Вася. “А мы мігам — туды і назад, ніхто не будзе ведаць”, — не супакойваўся Віця. На тым і пагадзіліся. Свіснулі Шарыка і маланкай выскачылі з двара.
Рэчка вабіла прахалодай і свежасцю. Калі спыніліся на беразе, на момант задумаліся. У іх памяці ўсплыў наказ бацькі: не хадзіць купацца адным, бо рака, казаў ён, небяспечная, мае многа падводных ям ці, як іх называюць, — віроў, дзе цячэнне як бы зацягвала, закручвалася і ішло ў глыбіню. Але каля берага было такое жоўтае дно, празрыстая цёплая вада, што хлопцы больш не вагаліся, хуценька раздзеліся, пачалі плёскацца з асалодай і радасцю. Шарык ляжаў на беразе і назіраў за імі. Віця першы задаволіўся, вылез на бераг і расцягнуўся на жоўтым пяску. Вася ўсё яшчэ плёскаўся. Раптам яго не стала чуваць і нідзе не было. Далей ад берага, з глыбокай цёмнай вады раптам паказалася Васіна рука, потым галава і зноў схаваліся. Віця зразумеў: здарылася бяда. У жудасным замяшанні ён бегаў па беразе, не ведаючы, што рабіць. І тут як страла, з разгону ў самую глыбіню скочыў Шарык. Цячэнне зносіла яго, але, моцна працуючы лапамі, ён даплыў да Васілька, галава якога зноў паказалася з вады. Рукі хлопчыка бездапаможна лавілі паветра і раптам схапілі сабаку спачатку за поўсць, а пасля моцна абхапілі за шыю. Шарык паплыў да берага, было бачна, што яму цяжка, дый абмяклы Вася цягнуў уніз, цячэннем адносіла назад. Шарык гроб лапамі і плыў. Віця, зайшоў па пояс у ваду, але ад плачу нічога не мог сказаць, толькі шаптаў: “Шарычак, міленькі, плыві, плыві…” І той плыў, цяжка дыхаючы, ён рвануўся і выплыў на мелкаводдзе. Тут ужо падхапіў брата Віця і вынес на бераг.
Задыхаўшыся, прыбег дзед Максім. Ён паклаў хлапчука тварам уніз, на сагнутае калена. З носа і рота ў таго пайшла вада, ён закашляўся і расплюшчыў вочы. Сабака выйшаў на бераг, лапы дрыжэлі, і ён адразу лёг на траву. Калі ўсе трохі ачунялі, Вася прысеў каля Шарыка, абняў яго за шыю і прыціснуўся галавой да мокрай яшчэ поўсці.
Дадому ішлі ўсе моўчкі. Маці ўжо ўсё ведала, але нічога не сказала хлопцам, толькі з дакорам глянула, у вачах яе былі слёзы, і хлопчыкі ўжо ў каторы раз адчулі такую моцную сваю віну, што слёзы роспачы самі пацяклі з вачэй. Жанчына падышла да Шарыка, які ціха ляжаў каля ганка, абняла яго за шыю, пагладзіла, а потым ласкава, узяўшы галаву сабакі ў свае рукі, пацалавала прама ў халодны, вільготны нос. Сабачка радасна фыркнуў і лізнуў яе ў шчаку. Усе з палёгкай уздыхнулі і рассмяяліся.
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top