РАВЕСНІК ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ

РАВЕСНІК ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ

универ 2

универ

Споўнілася 70 гадоў Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.С.Пушкіна, які даўно стаў інтэлектуальным цэнтрам Брэстчыны. З нагоды юбілею калектыў установы павіншаваў Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка, паводле распараджэння ўрада аб’яўлена падзяка за плённую працу ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, значныя дасягненні ў сацыяльна-культурнай сферы.
Найгалоўнейшым багаццем установы заўсёды былі і застаюцца людзі: педагогі, студэнты, выпускнікі, што рупяцца ў розных кутках нашай краіны. Не стала ў гэтым выключэннем і Жабінкаўшчына.
СВОЙ ПАЧАТАК універсітэт адлічвае з пераможнага 1945 года, калі выйшла пастанова Савета Народных Камісараў БССР “Аб адкрыцці настаўніцкага інстытута ў г. Брэсце”.
Навучальнай установе быў выдзелены двухпавярховы будынак колішняй мужчынскай гімназіі на вуліцы Міцкевіча. У ім і сёння існуе вучэбны, прыкметна адноўлены корпус. За перыяд свайго існавання інстытут падрыхтаваў амаль 600 дыпламаваных педагогаў. У 1949-ым, калі шырока святкаваліся 150-ыя ўгодкі з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, навучальнай установе было прысвоена імя вялікага паэта. Праз 45 гадоў педінстытут быў ператвораны ў дзярж-універсітэт, які з 1999 года зноў носіць імя А.С. Пушкіна.
СЁННЯ БрДУ — буйнейшая ўстанова вышэйшай адукацыі ў Брэсцкай вобласці, цэнтр навуковых даследаванняў і культурнага жыцця Заходняга Палесся. Універсітэт здзейсніў пераход да ўстановы класічнага тыпу, дзе побач з інавацыйнымі тэхналогіямі, методыкамі захоўваюцца лепшыя традыцыі папярэдніх пакаленняў выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў.
Сёлета праводзіўся набор студэнтаў на 10 факультэтах па 34 спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі. На дзённай і завочнай формах навучаюцца больш за восем тысяч чалавек, працуе больш як тысяча супрацоўнікаў, у тым ліку прыблізна кожны другі — з прафесарска-выкладчыцкага саставу. Сапраўдны залаты фонд складаюць 16 дактароў навук і 202 дацэнты. Адна з апошніх па часе доктарская дысертацыя, абароненая загадчыкам кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвічам, адзначана Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам у якасці ўзору дасягненняў вучоных-гуманітарыяў Беларусі.
Навуковыя даследаванні ў БрДУ імя А.С. Пушкіна вядуцца больш чым па 50 фундаментальных і прыкладных тэмах. Універсітэт — адзін з лідараў студэнцкай навукі, чыя дзейнасць спалучаецца з арганізацыяй творчасці, працай ў педагагічных, будаўнічых, валанцёрскіх, сервісных атрадах.
У 2015 годзе ўстанова расчыніла дзверы перад 470 студэнтамі з 9 краін свету, з іх больш чатырох соцень — з Туркменістана. Адукацыйны асяродак, створаны ў Брэсце, вельмі прыцягальны для іншаземцаў, сярод іх — грамадзяне Кітая, Паўднёвай Карэі, ЗША, Турцыі, Узбекістана, Азербайджана, Літвы, Украіны. Некаторыя з іх удзельнічаюць у прэстыжным рэспубліканскім фестывалі “Суквецце культур”.
Абмен выкладчыкамі і студэнтамі, сумесныя навуковыя, адукацыйныя праекты наладжаны з шэрагам вышэйшых навучальных устаноў Германіі і Бельгіі, Швейцарыі і Францыі, Італіі і Венгрыі, Польшчы і Кітая, Украіны і Расіі, дзяржаў Прыбалтыкі. Чытаць лекцыі ў Брэсце прыязджаюць расійскія, польскія, нямецкія, амерыканскія спецыялісты. Універсітет паспяхова ўдзельнічае ў рэалізацыі міжнародных праектаў па праграмах Эразмус Мундус, ТЕМПУС, Трансгранічнае супрацоўніцтва.
ВЫПУСКНІКІ педагагічнага інстытута, сённяшняга ўніверсітэта годна нясуць сцяг сваёй альма-матар. Прыемна, што яны запатрабаваныя ва ўсіх галінах жыццядзейнасці краіны. Нямала выпускнікоў БрДУ імя А.С.Пушкіна працуюць і на жабінкаўскай зямлі, памнажаючы яе гонар, славу і багацце. Перш-наперш хочацца сказаць пра былых навучэнцаў педінстытута — ветэранаў педагагічнай працы, што вырасцілі не адно пакаленне настаўнікаў. Гэта С.М.Янусік, С.В.Пятручык — прадстаўніца педагагічнай дынастыі Дошчыкаў, І.В.Созінава, М.І.Гаркалюк, А.В.Давідзюк і інш. Навучальная ўстанова дала пуцёўку ў жыццё не толькі начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Г.С.Бурко, але й многім сённяшнім кіраўнікам устаноў адукацыі раёна. Сярод іх — дырэктары ДУА “Ліцэй г.Жабінка” А.Р.Паляшчук, Крыўлянскай адзінаццацігодкі А.І.Казюра, Ракітніцкай СШ Ж.П. Прыхожка, Маціевіцкай базавай школы Г.В.Аксюцік; загадчыкі дашкольных устаноў раёна І.А.Кунц, Т.П.Мельнічук, В.М.Гацкевіч; дырэктар ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Г.І.Іванова і дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Т.А.Грынёва.
Сацыяльную сферу раёна курыруе намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А.С.Ануфрыюк. Надзвычай адказны накірунак у жыцці Жабінкаўшчыны вядзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Н.В.Куракевіч. Арганізацыяй сацыяльнай дапамогі ветэранам вайны і працы, людзям шаноўнага ўзросту займаецца А.М.Бойка.
Бяспека, правапарадак заўсёды былі каштоўнымі асновамі нашага грамадства, у гэтым ёсць заслуга начальніка Жабінкаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі А.Я.Лаготы. Нашы выпускнікі працуюць і ў банкаўскай сферы, прыкладам — Р.М.Грышко, які ўзначальвае ЦБП №402 ААТ “Белінвестбанк” у райцэнтры. На жабінкаўскай зямлі жывуць творчыя людзі, сярод іх — пісьменнікі Расціслаў Бензярук і Алесь Каско. І гэты пералік можна яшчэ доўжыць і доўжыць.
Зінаіда ЛЯЎЧУК, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
АД РЭДАКЦЫІ.
Здаецца, будзе лагічным дапоўніць ліст Зінаіды Ляўчук спісам не толькі жабінкаўскіх выпускнікоў, але й выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, што паходзяць з нашага краю.
А пачнем пералік з архітэктара Рыгора Рыгоравіча БУДЗЬКО (нарадзіўся ў 1931 г. у в. Арэпічы), які хоць і не стаў навукоўцам, але ж пакінуў прыкметны след у гісторыі ўніверсітэта. Менавіта па праекце дойліда з Жабінкаўшчыны ў 1980-ыя быў узведзены галоўны корпус гэтай вышэйшай навучальнай установы.
Тут у розныя часы выкладалі (многія выкладаюць і дасюль) псіхолагі Наталля Аляксееўна АКУЛІЧ (1980 г., г. Жабінка), Людміла Уладзіміраўна ВАЙТОВІЧ (1956 г., в. Залуззе) і кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры псіхалогіі развіцця Ірына Яўгенаўна ВАЛІТАВА (1960 г., г.п. Жабінка); кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Васіль Васільевіч ВАШЧУК (1931 г., в. Сцяпанкі); выпускнік, а затым і выкладчык географа-біялагічнага факультэта Мікалай Фёдаравіч ГРАЧАНІК (1955 г., в. Булькова); загадчык кафедры педагогікі дзяцінства, дацэнт Марыя Сцяпанаўна КАВАЛЕВІЧ (1948 г., в. Баяры); дацэнт кафедры інфарматыкі і прыкладной матэматыкі, намеснік дэкана матэматычнага факультэта па навуковай рабоце Андрэй Андрэевіч КАЗІНСКІ (1964 г., г.п. Жабінка); дацэнт філалагічнага факультэта Аляксандр Міхайлавіч ЛАГУНОЎСКІ (1967 г.,
в. Ракітніца); дацэнт Надзея Сцяпанаўна ЛАЎРАНЮК (1946 г., в. Карды, памерла ў 2008 г.); выкладчык замежных моў Ангеліна Сцяпанаўна ПАПЛАЎСКАЯ (1957 г., г.п. Жабінка); дацэнт кафедры заалогіі і генетыкі Святлана Фёдараўна ПАЎЛАВА (1952 г., в. Жабінка); кандыдат філалагічных навук Ірына Васільеўна ПОЎХ (1980 г., в. Вялікія Якаўчыцы); кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі і астраноміі Уладзімір Станіслававіч СЕКЯРЖЫЦКІ (1951 г., в.Жабінка); кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Станіслаў Станіслававіч СЕКЯРЖЫЦКІ (1955 г.,
г.п. Жабінка); выкладчык-філолаг Галіна Мікалаеўна СНІТКО (1971 г., в. Азяты), іншыя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top