Кожны знойдзе занятак па душы

Кожны знойдзе занятак па душы

IMG_7238

Бацькоў часта хвалюе пытанне арганізацыі вольнага часу іх дзяцей. Ды каб арганізаваны ён быў цікава, пазнавальна і з карысцю! Хлопчыкі, як правіла, выбіраюць спартыўныя секцыі, дзяўчаты ж аддаюць перавагу рукатворным заняткам: вязанню, вышыўцы, стварэнню мяккіх цацак, вырабаў з саломкі. На дапамогу бацькам і дзецям прыходзяць цэнтры творчасці, якія справядліва можна назваць творчымі асяродкамі, майстэрнямі талентаў. Гэтыя ўстановы дадатковай адукацыі прапануюць мноства заняткаў для душы, арганізуюць шосты школьны дзень, работу летніх лагераў. Чым жыве сёння ДУА “Жабінкаўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, што прапануе хлопчыкам і дзяўчынкам, іх бацькам і педагогам, пра гэта гутарка з яго дырэктарам Г.І.Івановай.
— Галіна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, якія аб’яднанні па інтарэсах працуюць сёлета ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі?
— Калі расказваць пра ўсе, не хопіць газетнай паласы. У нас працуюць аб’яднанні дэкаратыўна-прыкладнога і мастацкага профіляў — усяго 69, у якіх займаюцца 734 навучэнцы. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца аб’яднанне па інтарэсах “Кераміка”, якім кіруе Наталля Іванаўна Сцепанюк. Яна вучыць дзяцей вырабляць цуды з гліны і набрала сёлета 6 груп. Не з меншай цікавасцю наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі аб’яднанні “Залатая саломка” і “Мяккая цацка” (кіраўнікі Тамара Міхайлаўна Казлова і Наталля Мікалаеўна Уласюк). Заняткі ў “Школе актыву” праводзіць Алена Канстанцінаўна Скрыпка. Вакальнае мастацтва выкладае ў ЦТДіМ Вікторыя Віктараўна Міцковіч, цырульніцкае — Вольга Сяргееўна Казінец. З задавальненнем запісваюцца дзеці ў аб’яднанне “Бісерапляценне” да Таісіі Уладзіміраўны Журомскай, заняткі тут развіваюць маторыку рук, а вырабы радуюць вока сваёй прыгажосцю.
Алена Мікалаеўна Філіповіч вучыць юных наведвальнікаў аб’яднання па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва” не толькі маляваць, але ў першую чаргу заўважаць прыгожае ў навакольным асяроддзі. Педагог Святлана Анатольеўна Постнікава займаецца з дзецьмі фларыстыкай. Пад яе кіраўніцтвам у хлопчыкаў і дзяўчынак атрымліваюцца выдатныя карціны з кветак, семечак, лісця. Другі год да тэхнічнай творчасці далучае хлопчыкаў Уладзімір Віктаравіч Даманскі, які кіруе аб’яднаннем “Юны матацыкліст”. Юнакі вырабляюць такія фігуры на матацыклах, што дух займае.
Маё дзецішча — гэта аб’яднанне “Тэатр “Асарці”, у якім юныя таленты вучацца пастаноўцы маўлення, развіваюць творчыя здольнасці.
Дарэчы, кожны год у пачатку верасня праходзіць тыдзень дадатковай адукацыі, калі можна выбраць адпаведны накірунак і запісацца ў аб’яднанне, да якога найбольш ляжа душа.
— Навучэнцы цэнтра пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях і спаборніцтвах розных узроўняў. Якімі іх дасягненнямі можаце пахваліцца?
— У мінулым навучальным годзе скарбонка раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі папоўнілася адным міжнародным дыпломам, Пісьмом падзякі міжнароднага ўзроўню, 21 дыпломам — рэспубліканскага значэння і Пісьмом падзякі — абласнога. Раённых жа ўзнагарод — лічыць не пералічыць. Выхаванцы аб’яднанняў “Мяккая цацка” і “Кераміка” былі заахвочаны пуцёўкамі ў лагер “Зубраня” і прынялі там удзел у рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”. Ірына Мецялёва прывезла дадому вышэйшую ўзнагароду — крышталёвага зубра і дыплом І ступені. Ксенія Уласюк заняла другое месца, а Настасся Мацвяюк і Таццяна Смеракоўская — трэція месцы і ўганараваны адпаведна дыпломамі Міністэрства адукацыі ІІ і ІІІ ступеняў.
Танцавальны калектыў “Гарэзы” (кіраўнік Ірына Феафанаўна Румко) заваяваў дыплом ІІІ ступені на
ІІІ Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Прывітанне, мір!”.
Неаднаразова выхаванцы цэнтра станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Калядная зорка”, абласной выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”, удзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Крылатыя арэлі” і іншых.
— Галіна Іванаўна, падзяліцеся планамі на бягучы навучальны год.
— У гэтым навучальным го-дзе будзе праводзіцца абласны фестываль “Радавод”, дзе плануецца арганізаваць выставу работ выхаванцаў нашага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Выкладчыца вакальнага аб’яднання Вікторыя Віктараўна Міцковіч рыхтуе сваіх выхаванцаў на конкурс “Твая хвіліна славы”. Чакаюцца і іншыя праекты і спаборніцтвы.
— Натхнення і поспехаў вам і вашым навучэнцам ва ўсіх пачынаннях!
Інтэрв’ю правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: педагог Жабінкаўскага ЦТДіМ Наталля Іванаўна Сцепанюк і навучэнцы аб’яднання “Кераміка”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top