Знайсці кліента — не праблема, галоўнае — утрымаць яго

Знайсці кліента — не праблема, галоўнае — утрымаць яго

IMG_7374

У народзе гавораць: “Беражонага Бог аберагае”, а ў жыцці ад бедаў засцерагае страхаванне. Непрыемнасці, дарэчы, узнікаюць нечакана і вынікі іх непрадказальныя: адбыўся пажар, моцным ветрам пашкодзіла дах пабудовы, трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і пашкодзіў свой аўтамабіль, атрымаў траўму, укралі маёмасць, суседзі зверху затапілі кватэру… На дапамогу вам абавязкова прыйдуць работнікі Жабінкаўскага аддзела ў аказанні страхавых паслуг прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” ў Камянецкім раёне, але для гэтага неабходна мець дагаворы адпаведнага віду страхавых паслуг. Дарэчы, тут аказваецца іх каля 50. Дынаміка запатрабаванасці паслуг у цэлым станоўчая ў нашым раёне і расце з года ў год. Абслугоўваюцца тут фізічныя і юрыдычныя асобы. Так, за 10 месяцаў сёлета жабінкаўскімі страхавальнікамі заключана 13532 дагаворы страхавання на 5,6 млрд. рублёў.

У гэтай справе на пярэднім плане работа страхавых агентаў, якіх у Жабінкаўскім аддзеле дзевяць. У іх самы складаны ўчастак паўсядзённай дзейнасці. Жанчынам-агентам дапамагаюць пісьменна і акуратна рабіць сваю справу, праводзіць агляды пашкоджанай маёмасці грамадзян пры наступленні страхавых выпадкаў, рабіць разлікі выплат страхавой кампенсацыі і забеспячэння спецыялісты Святлана Асійчук, Ніна Кажамяка і Святлана Шумская. За кожнай з іх замацаваны тры агенты, якія ў розны час прыйшлі на працу ў сістэму страхавання.
Самая старэйшая Антаніна Васільеўна Партная, у недалёкім мінулым працавала на чыгунцы, а як выйшла на пенсію, каб не быць без справы і падзарабіць грошай, балазе здароўе пакуль не падводзіць, вырашыла папрацаваць страхавым агентам. І вось ужо амаль дзесяць гадоў яна часты госць у дамах Крыўлянскага і Жабінкаўскага сельскіх Саветаў, якія знаходзяцца ў асноўным на мяжы з Кобрынскім раёнам, а яшчэ абслугоўвае больш за пятак вуліц райцэнтра.
— Не раз і не два наведваю кожны дом на сваім участку, — расказвае Антаніна Васільеўна. — Трэба ж выконваць планавыя паказчыкі. Толькі што вярнулася ад страхаўшчыкоў, “дабівала” лістападаўскі план. Мне трэба было ў мінулым месяцы заключыць дагавароў добраахвотнага страхавання на адзінаццаць з паловай мільёнаў рублёў, а абавязковага — на пяць. Даводзіцца неаднойчы тлумачыць людзям сутнасць страхавання, пераконваць, што гэта патрэбна не нам, а ў першую чаргу ім, каб у непрадбачлівых выпадках не застацца адзін на адзін са сваёй бядой.
— У страхавых агентаў на першым месцы інтарэсы кліентаў, — дадае Ірына Давыскіба. — У мяне ў працоўнай кніжцы два прыходы на працу ў страхавую службу Жабінкаўскага раёна. Першы быў у 1976 годзе і доўжыўся амаль сем гадоў, калі я не толькі працавала, але й паспяхова закончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці “дзяржстрах”. У наступны раз зноўку прыйшла сюды на працу ў 2008 годзе. Пакуль справы ідуць нядрэнна, жабінкаўцы разумеюць, што мы нясём ім спакой і надзею на дапамогу ў выпадку цяжкай сітуацыі. Пераконваем, што лепш да яе падрыхтавацца заранёў: няхай на руках будзе страхавы дагавор, а матэрыльная кампенсацыя, хоць частковая, але — гарантавана.
Сапраўды, жабінкаўскія страхавальнікі, нягледзячы калі прыйшлі на працу ў Белдзяржстрах, — месяц таму ці дзясятак гадоў, — імкнуцца да таго, каб паслугі адпавядалі інтарэсам самых патрабавальных кліентаў, умовы супрацоўніцтва задавальнялі б пажаданні і забяспечвалі поўную страхавую абарону ім, іх бізнесу і маёмасці.
Начальнік аддзела страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне Таццяна Руцюк пад час размовы сказала, што кожны агент — прафесіянал у сваёй справе, талковы спецыяліст, якому ўласцівы такія якасці як камунікабельнасць, прыстойнасць і цярпенне, а яшчэ ўсе яны добрыя псіхолагі, здольныя знайсці падыход да любога чалавека, пераканаць яго ў важнасці, неабходнасці і, самае галоўнае, выгаднасці страхавання. “Возьмем, напрыклад, агента Марыю Блоцкую, якая абслугоўвае 16 вёсак Ракітніцкага і Азяцкага сельсаветаў, — заўважыла Таццяна Якаўлеўна. — Аказаннем страхавых паслуг былая ткачыха займаецца 12 гадоў. Яна ўмее працаваць з людзьмі, суперажываць чужой бядзе, вылучаецца працавітасцю. У мінулым месяцы ў яе 115 дагавораў на агульную суму 50,5 мільёна рублёў. Гэта найлепшы вынік у нашым аддзеле страхавых паслуг. Найчасцей ракітчукі і азятчукі страхуюць пабудовы, маёмасць, транспарт, жывёлу.
Таццяна Шабацька па волі лёсу пасля 26-ці гадоў працы на Івацэвіцкім льнозаводзе давялося пераехаць у Жабінку і змяніць прафесію. Калектыў яе прыняў добразычліва, дапамагалі разабрацца ў нюансах новай прафесіі. “Дый участак мне дастаўся добры, — расказвае Таццяна Віктараўна. — Людзі на ім жывуць шчырыя, разумеюць, набываючы страхавы поліс, яны атрымліваюць спакой і ўпэўненасць у тым, што не давядзецца думаць, дзе знайсці сродкі на аднаўленне здароўя і маёмасці, калі адбудзецца непрадбачаная сітуацыя. Заўсёды з прыемнасцю заходжу да такіх кліентаў, як Соф’я Тамашук, Валянціна Ліпіч, Таццяна Краснянская, Алена Крыцкая, Ірына Грыцук і Ірына Міцкевіч”.
Завяршаючы свой аповед, хачу заўважыць, што для страхавых агентаў, якія працуюць на Жабінкаўшчыне, знайсці кліента не праблема, галоўнае — ўтрымаць яго надоўга, не абысці ўвагай ніводнага жыхара раёна і дапамагчы, калі нехта са страхаўшчыкоў трапіў у бяду.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: страхавые агенты (злева-направа) ў першым радзе Алена Кутасава, Любоў Ястрабкова, Ганна Жук, Ірына Давыскіба; у другім радзе знізу Антаніна Партная, Таццяна Шабацька і Марыя Блоцкая.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top