“Клопаты ў канцылярыі разнастайныя”

“Клопаты ў канцылярыі разнастайныя”

IMG_7396

29 лістапада было два гады, як Прэзідэнт краіны падпісаў Дэкрэт №6 “Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь”. Гэты дакумент забяспечыў адзінства судовай практыкі, павышаючы якасць здзяйснення правасуддзя, далейшае развіццё спецыялізацыі пры разглядзе спраў. З 2014 года адбылося перападпарадкаванне: раней раённыя суды ў матэрыяльна-тэхнічным і кадравым забеспячэнні адносіліся да Міністэрства юстыцыі, зараз — да Вярхоўнага Суда. Змены закранулі многія бакі дзейнасці судоў, у тым ліку супрацоўнікаў канцылярыі.

“Клопаты ў канцылярыі разнастайныя”, — гэтая думка, выказаная загадчыкам канцылярыі суда Людмілай Дарашковай, чырвонай ніткай праходзіла праз усю размову з ёю і яе супрацоўніцамі.
Пералічваючы абавязкі, Людміла Іванаўна спачатку абмежавалася словамі: “Яны вельмі шырокія”, а потым канкрэтызавала: “Выконваем кантроль за выкананнем крымінальных, грамадзянскіх і адміні-страцыйных спраў; праводзім рэгістрацыю карэспандэнцыі, звязанай са справаводствам суда; калі такое здараецца — накіроўваем справы на касацыю ў абласны суд; кантралюем забеспячэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы суда; вядзём прыём грамадзян ды многае іншае”.
Перад тым, як улетку мінулага года прыйсці на пасаду загадчыка канцылярыі, Людміла Дарашкова мела стажыроўку ў сваёй папярэдніцы Святланы Казей, якая год таму пайшла ў водпуск па доглядзе за дзіцем.
— Але і цяпер, — гаворыць Людміла Іванаўна, — Святлана Мікалаеўна не адмаўляе пракансультаваць мяне, калі нешта ў справах канцылярыі выклікае пытанні. Вялікую дапамогу адчуваю з боку старшыні суда Віктара Віктаравіча Новіка, суддзі Людмілы Мікалаеўны Рубашэўскай, вядучага спецыяліста Анжэлікі Мікалаеўны Яскавец.
Дзякуй ім за тое. Справа ў тым, што, працуючы раней у райвыканкаме, мела 20-гадовы стаж работы з дакументамі, аднак судовыя выразна адрозніваюцца сваёй спецыфікай. Адказнасць — вялікая, бо за кожнай справай — лёсы людскія, і гэта ўскладвае асаблівы абавязак на кожнага, хто тут працуе.
Пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта №6 канцылярыя суда Жабінкаўскага раёна цалкам аднавілася. Зараз пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны Дарашковай — сакратары суда Вольга Сяргееўна Шульгач і Клаўдзія Уладзіміраўна Кунда, загадчык архіва Таццяна Уладзіміраўна Падлеская. Паводле слоў кіраўніка: “Яны ўсе вельмі акуратныя, старанныя, працавітыя”.
Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова трохі паназіраць за іх работай.
Вольга Шульгач, якая займае сваю пасаду з верасня мінулага года, адказвае за афармленне крымінальных і грамадзянскіх спраў, кантралюе выкананне прыгавораў і рашэнняў суда, што ўступілі ў сілу. Яна коратка ахарактарызавала ўвесь “ланцужок”, які праходзяць справы. Калі крымінальныя, то пасля вынясення прыгавору яны накіроўваюцца ў праваахоўны орган, які іх расследаваў дзеля ўнясення ў базу РАУС, а затым ў аддзел унутраных спраў па месцы жыхарства асуджанага альбо ў следчы ізалятар, дзе ён папярэдне ўтрымліваўся. Калі справа грамадзянская, выпісваюцца выканаўчыя лісты, якія накіроўваюцца ў аддзел прымусовага выканання.
Разумеючы, наколькі адказная яе праца, Вольга Сяргееўна вырашыла мець адпаведную адукацыю. Таму заканчвае Брэсцкі каледж бізнесу і права па спецыяльнасці “Правазнаўства”, праз колькі месяцаў стане дыпламаваным юрыстам-кадравіком.
У абавязках больш маладзейшай яе каляжанкі Клаўдзіі Кунда — адміністрацыйныя справы і выходная карэспандэнцыя. Год таму дзяўчына пераступіла парог судовай канцылярыі і адразу патрапіла ў атмасферу не проста дзелавую, але й сяброўскую.
— Суд жыве сваім жыццём, адметным ад іншых устаноў, — гаворыць Клаўдзія Уладзіміраўна. — Аднак вельмі падкупляе, што на ўзроўні простых чалавечых адносінаў тут створаны вельмі спрыяльны, можна сказаць, утульны мікраклімат, дзе заўсёды можна разлічваць на плячо больш вопытных таварышаў. І ўвогуле, гэтая праца мяне захапіла. Нельга працаваць у судзе, каб не дапускаць блізка да сэрца чужыя справы. Прызнаюся, часам чытаеш, як у адно імгненне ламаюцца лёсы, разбураюцца сем’і, гінуць нічым непавінныя — і слёзы міжволі наварочваюцца…
Апошняе месца, куды трапляюць справы, — судовы архіў, дзе з мая 2014 года працуе Таццяна Падлеская. Пытаюся ў Таццяны Уладзіміраўны, ці цяжкая ў яе работа, і чую у адказ бадзёрае:
— Цікавая! Што такое архіў? Не проста “месца, дзе век свой дажываюць” дакументы, ператвараючыся ў гісторыю. Часам паводле просьбаў грамадзян і праз дзясяткі гадоў даводзіцца вяртацца да былых спраў, актыўна працаваць з дзяржархівам, куды перадаём судовыя паперы для далейшага захоўвання. Дзеля зручнасці ствараем і электронны архіў. Адным словам — суд жыве разнастайным сучасным жыццём.
Напрыканцы размовы супрацоўнікі канцылярыі выказалі кароткія пажаданні калегам, што адзначаюць заўтра сваё прафесійнае свята:
— Няхай усё ў іх атрымліваецца, як задумана. Мець здароўе моцнае і настрой бадзёры, заставацца сапраўднымі прафесіяналамі, захоўваючы цярпенне і душэўны спакой. Каб было паменей спраў складаных, а заробак — годны. Няхай на працы будзе ўсё добра, а ў сем’ях — проста выдатна!
Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: Клаўдзія Кунда, Людміла Дарашкова, Таццяна Падлеская і Вольга Шульгач.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top