Untitled-13Атрымалі дыплом
і “Шкляны яблык”

ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” прыняло ўдзел у XXI Міжнароднай выставе-кірмашы “Прадэкспа-2015”, якая праходзіла ў Мінску. У ёй удзельнічалі каля 300 харчовых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці з прадукцыяй і яе навінкамі з усіх абласцей Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых краін.
Спецыялісты камбікормавага завода прэзентавалі навінку сухіх кармоў для кошак “CatFit”, расказалі, што яны пад гэтым брэндам неўзабаве з’явяцца ў продажы ў нашай краіне і ўжо ёсць у фірмовай сетцы прадпрыемства. Таксама звярнулі ўвагу арганізацый, з якімі супрацоўнічае завод, што зменены дызайн пакетаў гандлёвай маркі “Рэкс”. Наведвальнікам выставы расказалі пра кармы і камбікармы завода, адказалі на пытанні, якія датычыліся не толькі прадукцыі, але і харчавання свойскіх жывёл сухімі кармамі.
За ўдзел у выставе-кірмашы “Прадэкспа-2015” Жабінкаўскаму камбікормаваму заводу быў уручаны дыплом “За актыўнае прасоўванне прадукцыі прадпрыемства на беларускі рынак”, а за прафесійнасць у гэтай справе атрымалі спецыяльны прыз “Шкляны яблык”.

Вярнуўся з Польшчы
майстрам спорту

У польскім горадзе Калабжэгу з 18 па 30 лістапада праходзіў моладзевы чэмпіянат Еўропы ў боксе. За званне лепшага спаборнічалі звыш 200 спартсменаў з дзесяці краін свету. Прыемна адзначыць, што ў камандзе ад Беларусі гонар нашай краіны абараняў жабінкавец Сяргей Дзятлаў.
У першым паядынку Сяргей выйграў у баксёра з Уэльса (Англія), у другім — з Эстоніі. У трэцім С. Дзятлаў баксіраваў з прадстаўніком з Азербайджана. У роўным баі яму зусім крышку не хапіла да перамогі. У выніку наш 17-гадовы спартсмен заняў 5-ае месца і выканаў нарматывы майстра спорту Рэспублікі Беларусь.
“Рыхтавалі баксёра да чэмпіянату трэнеры Мікалай Грыгарук і Юрый Аўчыннікаў”, — расказала Марына Грыцук, інструктар-метадыст ДУА “СДЮШАР Жабінкаўскага раёна”.

Ля вытокаў мясцовага радыё
і “Плыні”

Сёлета споўнілася б 80 гадоў беларускаму пісьменніку, аўтару зборнікаў апавяданняў і навел “Аднойчы летам” і “Чмяліная вясна” Сцяпану Крывалю (1935-1996). Таленавіты журналіст, якім быў пры жыцці Сцяпан Антонавіч, пакінуў прыкметны след у гісторыі жабінкаўскіх сродкаў масавай інфармацыі. Так, у 1966-1967 гадах ён быў карэспандэнтам-арганізатарам мясцовага радыё, а таксама першым старшынёй літаратурнага аб’яднання “Плынь”, заснаванага ў чэрвені 1967 года пры раённай газеце. У “Сельскай праўдзе” дасюль перыядычна выходзіць Крывалёва “дзіця” — літстаронка “Плынь”. Да апошняга дня вострым заставалася пяро Сцяпана Антонавіча. Як сатырык актыўна ўдзельнічаў у выхадзе “Жабінкаўскага вожыка” — аддзела сатыры і гумару “Сельскай праўды”.

Кантроль за транспартам працягваецца

— У лістападзе спецыялістамі КП-ПВГК “Федзькавічы” сумесна з аддзелам вагагабарытнага кантролю ў Брэсцкай вобласці праведзена амаль 780 раптоўных тэматычных аператыўных праверак, — сказаў начальнік кантрольнага пункта “Федзькавічы” Васіль Галюнчык. — Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 243 кіроўцы, штрафы склалі 383,4 мільёна рублёў. Пад час кантрольных мерапрыемстваў выяўлена 56 выпадкаў руху цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў з парушэннем дзеючага заканадаўства. З уладальнікаў іх спагнана ў бюджэт краіны 197,7 мільёна рублёў за ўрон, нанесены дарогам грамадскага карыстання, а вадзіцелі гэтага транспарту былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top