Куды ж лодка паплыла?

Дакладна вядома, што гаспадар пакінуў яе ў чаратах паблізу дома, размешчанага ў Пятровічах, на ўзбярэжжы Мухаўца. А калі праз пэўны час наведаўся на месца, дзе заставалася лодка, быў непрыемна ўражаны яе прапажай. Супрацоўнікі міліцыі, што выехалі па заяве пацярпелага, канстатавалі, што акрамя лодкі зламыснік украў матор і рыбацкія прынады. Агульная шкода ад дзеянняў невядомага ацэнена ў 16 мільёнаў рублёў.

Каханне… з кулакамі?

Ужо чацвёрты раз на працягу года 43-гадовы жыхар Азятаў “даказваў” свае пачуцці да сужыцелькі з дапамогай… кулакоў. Сцэнарый “сямейных разборак” заўсёды быў адзіны: спачатку ўзнікала сварка, якая хутка перарасла ў пабоі з цялеснымі пашкоджаннямі ў жанчыны. У кастрычніку яна не вытрымала і звярнулася па дапамогу да праваахоўнікаў. Тыя прыйшлі да высновы, што сабраных матэрыялаў дастаткова, каб узбудзіць справу паводле часткі 1 артыкула 154 (“Катаванне”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

17662402Толькі саджанцы падраслі…

як на іх паквапіўся невядомы злодзей. Напрыканцы кастрычніка ён наведаўся ў фермерскую гаспадарку “Яквіл”, размешчаную ў Федзькавічах, і ўкраў саджанцы яблынь, груш, кустоўі буякоў. У выніку — страты гаспадаркі ацэнены ў 12,6 мільёна рублёў. Падобныя супрацьпраўныя дзеянні ў пачатку лістапада адбыліся і ў вёсцы Дзяглі, дзе таксама невядомая асоба ноччу выкрала саджанцы туі і ядлоўцу. Па абодвух фактах праводзяцца следчыя дзеянні на падставе часткі 1 артыкула 205 (“Крадзёж”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Замахнуўся дзед на ўнучку

Неверагодны па сваёй жорсткасці і цынізме ўчынак адбыўся 30 кастрычніка ў Вялікіх Якаўчыцах. Увечары, знаходзячыся нападпітку, дзядуля накінуў шаль на шыю сваёй дзевяцігадовай унучкі і пачаў яе душыць. Пры гэтым пагражаў забойствам. Ахвяра ўспрымала словы раз’юшанага родзіча рэальна, баялася за сваё жыццё. Супрацоўнікам міліцыі давялося ўмяшацца ў гэтыя драматычныя падзеі. Следчым узбуджана крымінальная справа паводле артыкула 186 КК (“Пагроза забойствам”).

Як валюта “канверсавалася”

Сярод белага дня 60-гадовая А. адамкнула ключом хату ў вёсцы Рагозна. Яе мэтай было завалодаць чужымі зберажэннямі. Удача спачатку “ўсміхнулася” злачынцы, якая адшукала 550 долараў ЗША і 2,5 мільёна беларускіх рублёў.
Аднак фартуна ад яе адвярнулася, калі за справу ўзяліся праваахоўнікі. Тыя хутка высветлілі, чыіх рук тут застаўся след, і “канверсавалі” незаконную “валютную аперацыю” ў крымінальную справу.

Аб’ява.
А за ёй і крымінальная справа

Відаць, не думаў той, хто развешваў аб’явы на пад’ездзе дома і на слупе, што за гэта яго чакае адказнасць паводле закона. Справа ў змесце паперчыны, у якой ўтрымлівалася яўная хлусня і ганьба ў дачыненні да іншай асобы. Цяпер супраць зламысніка ўзбуджана справа паводле часткі 2 артыкула 188 КК (“Паклёп”).
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top