Служыў народу і мове

Служыў народу і мове

IMG_7314У кожнага творцы ёсць ключавыя словы, якія характарызуюць яго складаны ўнутраны свет. Для вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча такімі словамі з’яўляюцца “Беларусь”, “гісторыя”, “чалавек”. Патрыёт сваёй краіны, мастак з чулай і добрай душой за няпоўныя 54 гады, адмераныя яму лёсам, сцвердзіў сябе ў мастацкай прозе і паэзіі, драматургіі, публіцыстыцы і крытыцы, у дзіцячай літаратуры і перакладчыцкай справе. І гэта далёка не ўсе таленты Уладзіміра Сямёнавіча: ён нядрэнна маляваў, быў цікавым апавядальнікам і спеваком.
Сёлета 26 лістапада яму споўнілася б 85. Гэтай гадавіне з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча было прысвечана свята кнігі “Што ў душы, тое будзе і ў слове”, якое адбылося на мінулым тыдні ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Ва ўтульнай зале сабраліся адзінаццацікласнікі першай гарадской школы і ліцэя, іх класныя кіраўнікі, IMG_7316чытачы бібліятэкі — прыхільнікі творчасці У.Караткевіча. Прысутнічалі на свяце і ганаровыя госці: паэт, перакладчык, лаўрэат Літаратурных прэмій імя А.Куляшова і У.Калесніка Алесь Каско і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры мовазнаўства і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, лінгвіст, перакладчык, навуковец, паэт Мікалай Аляхновіч. Дарэчы, і адзін, і другі госць былі асабіста знаёмыя з Уладзімірам Караткевічам.
Паэт Алесь Каско расказаў, што яго завочнае знаёмства з пісьменнікам пачалося з аповесці “Чазенія”, а асабістае — з сустрэчы ў мінскім Доме літаратара. Не прапускаў Алесь Канстанцінавіч сустрэчы з аўтарам “Каласоў…” і ў брэсцкім педінстытуце, дзе вучыўся. Уладзімір Караткевіч часта прыязджаў у госці да Уладзіміра Калесніка, які, дарэчы, пазнаёміў пісьменніка з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай. У адзін з такіх прыездаў Алесь Каско ўзяў аўтограф ва Уладзіміра Караткевіча, на жаль, адзіны, таму што ў хуткім часе таго не стала.
Напрыканцы свайго расповеду Алесь Каско сказаў:
— Уладзіміру Караткевічу не прысвоілі званне народнага, але для ўсіх беларусаў ён і так быў народным, нацыянальным пісьменнікам. Філолаг, ён нездарма паглыбіўся ў гісторыю, там Уладзімір Сямёнавіч шукаў ідэал беларуса. Ён змагаўся за праўду і справядлівасць, быў сапраўдным патрыётам сваёй краіны і народа, служыў яму і роднай мове.
IMG_7301Цікавыя штрыхі да партрэта Караткевіча дадаў выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Мікалай Аляхновіч. Няўрымслівы, гарачы, цікаўны — такімі эпітэтамі ахарактарызаваў пісьменніка, расказаў, што той быў заядлым рыбаком, узгадаў пра сустрэчы з Уладзімірам Сямёнавічам.
У час святочнага мерапрыемства вядучыя — бібліятэкары Валянціна Славуціч і Ірына Пашкевіч — пазнаёмілі прысутных з жыццёвым і творчым шляхам славутага пісьменніка-гісторыка. Іх вусны расповед падмацоўваўся ўрыўкамі з дакументальных фільмаў пра У.Караткевіча, з мастацкіх стужак, знятых па яго аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” і рамане “Чорны замак Альшанскі”, відэакліпамі з яго паэтычнымі творамі, дэманстрацыяй фотаздымкаў мастака-творцы.
Мерапрыемства атрымалася цёплым і пранікнёным. Да глыбіні душы кранулі вершы В.Макарэвіча “Ты ад Хрыста святога…” і У.Караткевіча “Машэка”, прачытаныя інжынерам-праграмістам цэнтральнай раённай бібліятэкі Дзмітрыем Андрасюком, а таксама песня “К табе, Беларусь” у выкананні салісткі ГДК Аксаны Пракошынай.
Прысутныя яшчэ раз упэўніліся, што Уладзімір Караткевіч — гэта глыба, гэта сімвал беларускай літаратуры і “зямлі пад белымі крыламі”.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: пад час свята кнігі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, прысвечанага 85-годдзю У.Караткевіча.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*