3 снежня — Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь

3 снежня — Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь

IMG_3246Вера ў сябе ім дапамагае

Няправільна думаць, што ў Дзень інвалідаў людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя чакаюць ад іншых шкадавання, спачування.
Хутчэй яны чакаюць павагі і прызнання сваіх магчымасцяў, абароны гонару, правоў і дабрабыту. Вопыт паказвае, калі інваліды атрымліваюць магчымасць удзельнічаць у працэсе развіцця і кіраваць ім, добра ўплывае на грамадства ў цэлым. Адносіцца да такой катэгорыі людзей з павагай — значыць дапамагаць ім, клапаціцца пра іх, але не прыніжаючы іх шкадаваннем.
Інваліднасць заўсёды прыходзіць нечакана. І спасцігнуць яна можа любога, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Ад яе, як гавораць, не застрахаваны ніхто. Як знайсці сваё месца ў жыцці ў новай якасці? На жаль, у нашай краіне, асабліва ў маленькіх гарадах і сельскай мясцовасці не так многа месцаў, дзе людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць знайсці суразмоўцаў, якія жадаюць падзяліць зIMG_7354 імі іх эмацыянальны стан.
Асноўныя месцы, дзе яны могуць пагутарыць, праявіць свае пачуцці, паскардзіцца на праблемы, канечне, дом, а таксама сацыяльна-рэабілітацыйныя цэнтры для людзей-інвалідаў. Наведванне іх дае магчымасць чалавеку з пэўнымі абмежаваннямі рэалізаваць сябе ў дзейнасці, знайсці добрых знаёмых, з якімі можна весела і з карысцю праводзіць час, адзначаць святы і мець шчырыя сяброўскія зносіны. З гэтай мэтай у нашым раёне, менавіта, у ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ўжо пяты год працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Яно размяшчаецца ў новай прыбудове да цэнтра. Тут ёсць майстэрні — творчая для заняткаў у гуртках па інтарэсах і для працоўнай рэабілітацыі і працатэрапіі; зоны адпачынку для рэлаксацыі і зняцця напружання; пакой для правядзення заняткаў па сацыяльна-бытавой рэабілітацыі і прыёме ежы; пакой гігіены; зала для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Накіроўвае працу гурткоў Ірына Шостыр, якую паважаюць, любяць і цэняць наведвальнікі за яе творчы талент і ўмелыя рукі. Штодзень аддзяленне наведвае 20 чалавек, дзе IMG_7360кожны з іх можа рэалізаваць свае здольнасці, пра якія, магчыма, нават і не падазраваў, седзячы ў адзіноце. Некаторыя з гэтых лю-дзей ніколі не былі ў абласным цэнтры. Цяпер іх паміж сабою звязвае моцная дружба, трывожацца, калі нехта не прыходзіць на заняткі.
Галя Барысава, Андрэй Ткачук, Глеб Андрасюк прахо-дзяць у аддзяленні працоўную адаптацыю і рэабілітацыю. Астатнія глядзяць на іх з зай-здрасцю і чакаюць сваёй чаргі, таму што рэабілітацыя дапамагае атрымліваць новыя працоўныя навыкі, зарабляць і мець асабістыя грошы, а таксама павышаць пенсію. Праца ў майстэрні дае магчымасць ільготнага пераходу з сацыяльнай на працоўную пенсію. Адаптацыю і рэабілітацыю прайшлі Анжэла Шыкунец, Юрый Місіюк, Аляксандр Саўчук, Ларыса Біч, Уладзімір Шорах, Кацярына Кісель. Сталі пастаяннымі наведвальнікамі аддзялення браты Андрэй і Сяргей Палуночкіны, якія выдзяляюцца працавітасцю.
Тут усе шчаслівыя не толькі на словах. Людзі, на якіх на вуліцы глядзяць са здзіўленнем, знайшлі тут паразуменне да сваёй бяды і сябе. Усе яны аднолькавыя, адчуваюць сябе звычайнымі людзьмі, а не з абмежаванымі магчымасцямі.
Хочацца, каб маладыя людзі, якія маюць інваліднасць, ведалі, што яны могуць звярнуцца да нас па дапамогу ці проста прыйсці, каб пагутарыць, сустрэць аднадумцаў. Дзверы аддзялення заўсёды адчыненыя для іх.
Самае важнае, чаго патрабуе жыццё ад кожнага чалавека з абмежаваннямі, — навучыцца быць аптымістам і верыць у сябе, нягледзячы на фізічны боль і ранейшае расчараванне. І няхай іншыя думаюць, што інваліды — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а мы ведаем, што іх магчымасці бязмежныя.
Іна ДАВІДЧЫК, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання.
На здымках: шые пасцельную бялізну Галіна Барысава; прыгожыя рэчы з гліны лепяць Глеб Андрасюк і Аляксандр Саўчук; бісерапляценнем займаюцца Юрый Місіюк і Сяргей Палуночкін.
Фота Ірыны ЖУК.

“Я жыву ў сваім свеце”

Дапаможам гэты свет пашырыць!

Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь — гэта яшчэ адна падстава звярнуць увагу шырокай грамадскасці на праблемы, што існуюць у асяродку тых, хто, пазіраючы на наш прыгожы свет, бачаць (у лепшым выпадку) толькі няяснае святло ці невыразныя абрысы. Паляпшэння ўмоў іх жыцця, дапамога ў надзённым складае адну з галоўных мэтаў дзейнасці раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Сёння раённая суполка таварыства аб’ядноўвае больш за 60 чалавек, чацвёра з іх цалкам невідушчыя.
Мы ганарымся ветэранамі арганізацыі, зычым жыццёвых сіл і чалавечага шчасця Ганне Мікітаўне Асіпук і Пятру Антонавічу Жыгману, Зінаідзе Антонаўне Доржынавай і Надзеі Ільінічне Заціраха, Марыі Кірылаўне Грэнь і Мікалаю Іванавічу Алешку, Марыі Васільеўне Ануфрыюк і Ганне Дзмітрыеўне Пятручык. Дарэчы, Ганне Дзмітрыеўне, найстарэйшаму сябру раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, праз два тыдні споўніцца 92 гады! І ў гэтым надзвычай шаноўным узросце раптам з-пад яе пяра пачалі нараджацца… вершы, у тым ліку навеяныя ваеннымі ўспамінамі, з тых часоў, калі дзяўчынай была прымусова накіравана на работы ў германскі Рэйх. Усе пералічаныя асобы — надзвычай актыўныя сябры арганізацыі, заўсёды ўдзельнічаюць ва ўсіх яе мерапрыемствах, стараюцца прапанаваць нешта новае, каб узбагаціць жыццё раённай суполкі.
Сёлета з вялікім смуткам мы ўспрынялі вестку: пайшоў з жыцця актыўны наш сябар, член праўлення арганізацыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Рыгоравіч Цаль. Колькі добрых спраў зроблена разам з гэтым цудоўнейшым чалавекам! Памяць пра яго будзем захоўваць абавязкова. Тым больш, што за некалькі месяцаў да трагічнай падзеі яшчэ адзін наш актывіст Андрэй Антонавіч Шыманскі наведаў ветэрана з відэакамерай, каб занатаваць на стужку ўспаміны былога франтавіка пра ранейшае жыццё ў Жабінцы і раёне, пра ваеннае ліхалецце ды мірнае адраджэнне краю.
Самыя юныя сябры арганізацыі Хрысціна Кузьміцкая і Марыя Быкава зараз займаюцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Першая хутка стане дыпламаваным юрыстам, а Марыя абрала сабе дарогу педагога-псіхолага і рухаецца імкліва да пастаўленай мэты. Наймалодшая сябра суполкі — Насця Бутрым — навучэнка Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната. Асобна хочацца выказаць словы падзякі яе маці — Вользе Леанідаўне. Найперш, за тое, што верыць у шчаслівую будучыню свайго дзіцяці, часам на мяжы чалавечых магчымасцяў дапамагае дзяўчынцы далучыцца да агульных каштоўнасцяў і спраў, стаць арганічнай часцінкай свету і прыстасавацца да ягоных складанасцяў. Дарэчы, напрыканцы кастрычніка Насцечка прадстаўляла нашу арганізацыю ў абласным спаборніцтве “Я — самы рэабілітаваны”.
Словы, вынесеныя ў загаловак гэтай нататкі, належаць Станіславу Вячаслававічу Лойкуцу. Пра здольнага невідушчага майстра ў лозапляценні ўжо некалі пісала “Сельская праўда”. Сёлета Брэсцкая абласная арганізацыя “БелТІЗ”, калі ў яго зламалася тактыльная палка для сляпых, дапамагла набыць новую, падаравала таксама гадзіннік з сінтэзатарам мовы.
Асноўныя накірункі дзейнасці — наведванне інвалідаў зроку (гэта патрэбна, каб выявіць іх праблемы і аказаць сацыяльную падтрымку), забеспячэнне сяброў арганізацыі сродкамі рэабілітацыі і гуманітарнай дапамогай, у тым ліку ад дабрачынцаў з рэлігійных арганізацый, далучэнне іх да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах, стварэнне безбар’ернага асяродку. Штогод да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь усе без выключэння сябры раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” атрымліваюць прадуктовыя наборы. З гэтай нагоды хочацца выказаць шчырую падзяку калектыву ПМК-19 (начальнік Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі). Гэтая арганізацыя ўжо не першы год задзейнічана ў высакароднай справе, дапамагае людзям, што апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах. У правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў нам заўсёды з ахвотаю дапамагае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, які ўзначальвае Ніна Віктараўна Куракевіч.
Вялікая падзяка ўсім добрым людзям, што дапамагаюць пашырыць свет тым, каму даводзіцца жыць з парушэннямі зроку.
Раіса ЛІСКОВА, старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top