Ад старога — толькі “клюшкі”

Ад старога — толькі “клюшкі”

_DSC5026
Адзін з будынкаў малочнатаварнай фермы “Падлессе” прыкметна адрозніваецца ад суседніх: пафарбаваны ў цёплы персікавы колер, дах накрыты сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі, пластыкавыя дзверы шчыльна зачынены. Шыльда паведамляе, што тут знаходзіцца даільны блок.
— Мы нават не верылі, якую “лялечку” нам могуць зрабіць будаўнікі ПМК-10 з колішняга кароўніка, — расказвае загадчыца фермы Галіна Міхайлаўна Лось. — Шчыра кажучы, тут нават сцен не было — адны “клюшкі”. І менш чым праз год нашаму калектыву дастаўся такі падарунак! Сучасная даільная зала з найноўшым абсталяваннем, на рэканструкцыю якой было зрасходавана звыш 17,5 мільярда рублёў, была апрабавана 4 лістапада. Нашы работніцы нарадавацца не могуць створаным умовам.
Галіна Міхайлаўна запрашае на ферму і каменціруе: тут ёсць кацельня, пакой адпачынку, раздзявальня, душ, халадзільнікі, даільная зала, міні-лабараторыя.
Прыцягваюць увагу з густам аздобленыя сцены, на падлозе — плітка і ўсюды чысціня. Загадчыца фермы падкрэсліла, што дзяўчаты падтрымліваюць парадак, клапоцяцца, каб новенькае абсталяванне і далей радавала вока бляскам.
Хутка тут з’явяцца пральная машына, каб можна было мыць рабочую вопратку, а ў пакоі прыёму ежы — мікрахвалевая печ і электрачайнік. У кацельні ўстаноўлены кацёл на цвёрдым паліве. Балазе, дроў хапае, таму на ферме і ў памяшканнях цёпла кругласутачна. З гарачай вадой у кране перабояў няма. А два бойлеры награваюць ваду спецыяльна для даільнай залы.
— Аб такой даільнай зале мы нават і марыць не маглі, — кажа аператар машыннага даення з 30-гадовым стажам Любоў Кавальчук. — Зманціраваная ўстаноўка “Паралель” дазваляе адначасова абслугоўваць 24 каровы. У першы дзень яны пужаліся, а зараз — нічога, самі ахвотна ідуць у станок, спакойна даюць абмыць вымя дэзрастворам, абсушыць аднаразовымі сурвэткамі і выдаіць.
Пакуль тут дояць 170 рагуль. (Астатнія, менш прадукцыйныя, — у суседнім кароўніку з малакаправодам). Колькасць дойнага статка з цягам часу павялічыцца за кошт уводу пяршачак. Штодзень ад кожнай рагулі надойваюць у сярэднім 14 кілаграмаў малака, на перапрацоўку адпраўляецца 2,2-2,3 тоны яго тлустасцю 3,75 працэнта. Ёсць тут і свае “рэкардсменкі”, ад якіх атрымліваюць да 26 кілаграмаў. Каб у зімова-стойлавы перыяд не зніжаць вытворчасць малака, зааветслужба перагледзела “меню” для статка. Ахвотна паядаюць каровы сянаж, сілас, камбікорм уласнага вырабу, сена, жом. Дарэчы, нягледзячы на летнюю спёку, у аграпрадпрыемстве сёлета змаглі назапасіць дастаткова сенажу, а сена нават болей, чым летась. Так што зімоўка ў скаціны не будзе галоднай. Дарэчы, з уводам новай даільнай залы змаглі значна павялічыць якасць здаваемай прадукцыі — атрымліваюць не толькі вышэйшага гатунку, але і “экстра”.
— Дабіцца “экстра”-класа на малакаправодзе няпроста — уключаецца ў гутарку яшчэ адзін аператар машыннага даення Валянціна Хоміч. — А з уводам гэтай залы такія паказчыкі сталі магчымымі.
Механізавана тут па максімуме, аднак ад абслугоўваючага персаналу многае залежыць. Мы з Любай Кавальчук уважліва сочым за станам вымені кожнай каровы. Бывае, на саску трэшчына, або пачынаецца мастыт — абавязкова доім малако ад захварэлай каровы ў асобны бачок, а выяўленую небараку адпраўляем да ветурача. Уважліва сочым за санітарнымі ўмовамі ў зале. Дастаткова выдаіць адну хворую карову або неахайна апрацаваць вымя — як цэлая партыя малака будзе залічана ніжэйшым гатункам з-за павышанага ўтрымання саматычных клетак. Гэта, як бы мовіць, тая самая лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Прыемна, што менавіта нам з Любай даверылі працаваць на новым абсталяванні. Трэба апраўдваць давер калектыву.
Валянціна Хоміч расказала, што з уводам рэканструяванай фермы працоўны дзень у яе пачынаецца не ў 5, а ў 6 гадзін раніцы, працаваць значна лягчэй і больш з’явілася вольнага часу. Раней, калі даілі з дапамогай малакаправоду, у даяркі было больш абавязкаў, акрамя асноўнай задачы, яны таксама падсцілалі статак, вычышчалі гной да транспарцёраў, падкідвалі сілас бліжэй да кармавых сталоў. За адной даяркай “замацоўвалася” не больш за 50 галоў.
Жанна Іванаўна Крывалевіч, Яўгенія Уладзіміраўна Мухіна, Ганна Анатольеўна Шастачук абслугоўваюць 147 рагуль у суседнім кароўніку. Яны часам заглядваюць да калег у даільную залу, мараць, што калі-небудзь і іх малакаправод адыдзе ў мінулае. Можа, тут з’явяцца фермы-робаты? Ёсць жа такія ў Беларусі… Тэхнічны прагрэс імчыць сямімільнымі крокамі. З былога кароўніка, аб якім нагадвалі толькі нясучыя канструкцыі-“клюшкі” была зроблена сучасная ферма. Наперадзе — другая чарга рэканструкцыі. Яна “закране” суседнія кароўнікі, сіласныя траншэі і г.д.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top