1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Захоўвайце вернасць — не скарачайце сабе жыццё
11401909_26d988ee46e2e6e918749b787dd0310b_800

У Рэспубліцы Беларусь за перыяд назірання (з 1987 года па 1 лістапада 2015-га) сярод насельніцтва зарэгістравана 19406 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Па розных прычынах, звязаных і нязвязаных з вірусам імунадэфіцыту чалавека, памерла 4375 чалавек. Больш за 15 тысяч мужчын і жанчын жывуць з ВІЧ-станоўчым статусам.
У Брэсцкай вобласці на першае лістапада бягучага года кумулятыўны лік ВІЧ-інфіцыраваных складае 1514 выпадкаў, з вірусам імунадэфіцыту чалавека жывуць 1184 чалавек. У Жабінцы і раёне ўсяго зарэгістравана 12 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.
Вірус імунадэфіцыту чалавека можа праіснаваць у арганізме 10 і больш гадоў, перш чым з’явяцца якія-небудзь сімптомы захворвання. На працягу гэтага перыяду чалавек можа выглядаць і адчуваць сябе абсалютна здаровым, але пры гэтым здольны перадаваць вірус іншым. Познія стадыі ВІЧ-інфекцыі прынята называць сіндромам набытага імунадэфіцыту (СНІД).
Пераважная большасць ВІЧ-інфіцыраваных у Беларусі — маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў, сярод іх пераважаюць мужчыны, аднак няўхільна адзначаецца рост колькасці жанчын.
Асноўныя шляхі заражэння: пры сексуальных кантактах у мікратраўмы, якія ёсць на скуры і слізістых абалонках, можа трапіць кроў, сперма або вагінальны сакрэт хворага на ВІЧ; пры пераліванні суцэльнай крыві ці яе кампанентаў, якія не падвяргаліся пэўнай апрацоўцы; пры ўжыванні нестэрыльных інструментаў пры ўвядзенні якіх-небудзь прэпаратаў, уключаючы наркатычныя, пры праколванні вушэй, нанясенні татуіровак; ад ВІЧ-інфіцыраванай маці дзіцяці — пад час выношвання, у працэсе родаў, пры кармленні грудным малаком.
ВІЧ не перадаецца пры поціску рукі і абдымках, пацалунку, кашлі і чханні, праз сліну, пот і слёзы; пры выкарыстанні агульнага посуду, пасцельнай бялізны, сумесным карыстанні ваннай, туалетам, басейнам; праз кантакты з жывёламі і ўкусы насякомых.
Стандартным спосабам выяўлення інфекцыі з’яўляецца аналіз крыві на наяўнасць антыцелаў да ВІЧ і яго бялкоў. Абследаванне праводзіцца не раней чым праз 3-6 месяцаў пасля інфіцыравання.
Трэба адзначыць, што з 1996 года з’явіліся лекі, здольныя эфектыўна падаўляць распаўсюджванне вірусу ў арганізме. Пры строгім выкананні рэжыму прыёму лекаў і здаровым ладзе жыцця такое лячэнне значна падаўжае жыццё ВІЧ-станоўчаму чалавеку. Калі антырэтравірусная тэрапія была прызначана, яна павінна прымацца пажыццёва.
Здаровы лад жыцця, адмова ад прыёму наркотыкаў, вернасць аднаму палавому партнёру захавае вас ад заражэння ВІЧ-інфекцыяй і дазволіць пражыць доўгія гады.
Ананімна абследавацца на ВІЧ у нашым раёне можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”, а кансультацыю атрымаць
па тэлефоне ў Жабінцы — 22-5-02, у Брэсце — (80162)20-75-89, 20-75-86.
Ангеліна ЧАРНЕЙКА, урач-інфекцыяніст УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top