Не кладзі дрэнна, альбо Не крадзі спраўна

Не кладзі дрэнна, альбо Не крадзі спраўна

Untitled-12

Некалі старыя людзі з вясковай мудрасцю сцвярджалі: “Не кладзі дрэнна, не ўводзь злодзея ў грэх!” Жыццё вучыць: трымай свае рэчы так навідавоку, каб імі не змог пакарыстацца зламыснік. Гэтая думка не раз з’яўлялася, калі разбіралася справа Мікалая Ш. і Аляксея С. — хлопцаў з Буснёў.
Юнакі, пачуўшы, што на тэрыторыі аздараўленчага цэнтра “Арляня” атабарыліся байкеры, пайшлі да іх на вечарыну. Было сапраўды хораша: і танцы на дыскатэцы, і размова з цікавымі матацыклістамі, якія аб’ехалі мо паўсвета. Так што, як сабраліся дадому, было ўжо каля чатырох гадзін раніцы.
Праходзячы ля корпуса №4 аздараўленчага цэнтра, хлопцы заўважылі: на агароджы вісеў мотакасцюм, а на матацыкле — шлем. Побач стаялі чатыры палаткі. Людзі, мусіць, ужо адпачывалі.
Заўважыўшы, што ніхто не бачыць, Мікалай прапанаваў Аляксею ўкрасці мотакасцюм, сам жа забраў шлем. Украдзенае схавалі непадалёку, каб днём забраць сваю “здабычу”. Як задумалі, так і зрабілі. Апоўдні вярнуліся па рэчы. Дома высветлілася, што мотакасцюм малы на Аляксея, і ён пакінуў яго ў гаражы, а Мікалай забраў шлем сабе.
Рэчы гэтыя належалі байкеру Аляксандру Л. Раніцай, калі той прачнуўся і не знайшоў іх, пачаў шукаць, ды безвынікова. Пасля пазваніў у міліцыю. Міліцыя вельмі хутка выйшла на след зламыснікаў, і рэчы былі вернуты гаспадару…
Злачынства падпадала пад частку 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: крадзёж маёмасці групай асоб. Суд, аднак, улічваючы абставіны справы і асобу непаўнагадовага Мікалая Ш., які прыцягваўся да адказнасці ўпершыню, прыйшоў да высновы, што выпраўленне магчыма без назначэння крымінальнага пакарання, дастаткова прымяніць да Мікалая на аснове пункта 1 часткі 2 артыкула 117 КК меры выхаваўчага характару ў выглядзе перасцярогі. Пры гэтым парушальніку закона было растлумачана, якія вынікі чакаюць яго пры паўторным здзяйсненні злачынства. На аснове артыкула 81 КК у адносінах да Мікалая Ш. устаноўлена прафілактычнае назіранне.
Да Аляксея С. прыменена частка 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і назначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на адзін год з утрыманнем 15% заробку ў даход дзяржавы.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top