Атруціцца можна і замарожанымі грыбамі

Атруціцца можна і замарожанымі грыбамі

griby

Нягледзячы на познюю восень, працягваецца збор грыбоў, значыць, павышана рызыка атручэння імі. Сёлета ў кастрычніку ў раёне быў зарэгістраваны адзін выпадак, пацярпелі тры чалавекі, два з іх нават трапілі ў рэанімацыйнае аддзяленне. Такая з’ява носіць сезонны характар і найчасцей адбываецца ў канцы лета і восенню. Праўда, часта сталі сустракацца атручэнні замарожанымі ў хатніх умовах грыбамі.
Аматарам “ціхага палявання” трэба быць асцярожнымі. Найбольш успрымальныя да дзеяння таксінаў грыбоў дзеці.
Раннімі сімптомамі атручэнняў з’яўляюцца ванітаванне, дыярэя. Пры ўзнікненні іх пасля ўжывання ў ежу грыбоў неабходна адразу ж звяртацца да ўрача, асабліва, калі такія ж парушэнні ў здароўі назіраюцца ў іншых, хто еў разам з вамі. Калі вы на дачы, у вёсцы, а ўрач далёка, акажыце сабе першую дапамогу: прамыйце страўнік чыстай халоднай вадой (без марганцоўкі), прыміце актывіраваны вугаль у вялікай колькасці (не менш як 0,5–1 г/кг масы цела (40-60 г для дарослага чалавека). Піце як мага больш вадкасці, што дазволіць папярэдзіць абязводжванне арганізма. Аднак усе гэтыя меры ні ў якім выпадку не адмяняюць візіту да ўрача. Смяротнасць пры атручэнні грыбамі складае ад 2 да 5 працэнтаў; позна пачатае лячэнне на 2-5 суткі ў большасці выпадкаў беспаспяховае.
Яшчэ і зараз многія ходзяць у лес па зялёнкі, падзялёнкі, апенькі. Нагадваю, што трэба збіраць толькі вядомыя вам віды грыбоў. Яны вельмі хутка псуюцца, таму нельга адкладваць іх перапрацоўку. Нельга захоўваць свежыя грыбы нават у халадзільніку больш як суткі, а салёныя і марынаваныя — больш чым год. Нарыхтоўваць у запас неабходна толькі маладыя, а сушцы падлягаюць белыя, падбярозавікі, падасінавікі, маслякі, махавікі, казлякі. Памятайце, што ўжыванне ў ежу грыбоў разам з алкаголем, а таксама іх прыгатаванне з дабаўленнем яго можа актываваць шэраг таксінаў і прывесці да ўзнікнення адтэрмінаванага таксічнага сіндрому. Нават вядомыя і правільна прыгатаваныя грыбы павінны ўжывацца ў ежу ва ўмеранай колькасці і ў якасці гарніру, а не асноўнай стравы. Нельга купляць грыбныя кансервы, закрытыя накрыўкамі ў хатніх умовах, а таксама сухія грыбы і салаты з імі на рынку, грыбную ікру і ў выпадковых людзей…
Што датычыцца дарункаў лесу, то сёлета было даследавана на ўтрыманне радыенуклідаў дзікарастучай прадукцыі з нашага раёна: 38 проб ягад і 8 — грыбоў. Перавышэнне радыяцыйна-дапушчальных узроўняў не ўстаноўлена.
Уладзімір ЛАПУС, урач-гігіеніст райЦГЭ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top