Прапіска — вясковая, умовы — гарадскія

Прапіска — вясковая, умовы — гарадскія

_DSC4428Прыёмную адміністрацыйнага будынка СВК “Рагазнянскі” можна смела назваць галерэяй гонару. Тут сцены ўпрыгожваюць узнагароды, дыпломы і граматы ад раённага да рэспубліканскага ўзроўняў. Пасля святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК гэтую “калекцыю” папоўніла яшчэ адна — Дыплом упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жабінкаўскага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. СВК “Рагазнянскі” стаў лідарам у раённым аглядзе-конкурсе на лепшую работу ў стварэнні належных умоў працы і вытворчага быту працуючых у рамонтных майстэрнях. Галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Фёдаравіч Маеўскі, які падымаўся на раённую сцэну пад час урачыстасці па дыплом, лічыць гэтую ўзнагароду заслужанай.
— У нашай гаспадарцы з боку кіраўніцтва робіцца ўсё, каб рупліўцы ферм і палёў адчувалі сябе камфортна, — тлумачыць Мікалай Маеўскі. — У калектыве звыш дзвюх соцень чалавек. Хлебам, малаком, мясам забяспечваем горад. Дык чаму павінны жыць і працаваць у горшых умовах, чым гараджане?
Мікалай Фёдаравіч, працоўны стаж якога ў СВК “Рагазнянскі” налічвае звыш двух дзясяткаў гадоў, узгадвае, што ў роднай гаспадарцы чалавек працы заўжды займаў пачэснае месца. У канцы 80-ых у мехмайстэрню, кузню, гаражы рэгулярна паступала абсталяванне, а самі памяшканні штогод абавязкова рамантаваліся і фарбаваліся. І ў 90-ыя, калі наступілі эканамічна складаныя часы, стараліся захаваць набытае, падтрымлівалі парадак.
“Другое дыханне” набылі мехмайстэрні і гаражы напрыканцы 2012 года. На капітальны рамонт гэтых памяшканняў было выдаткавана звыш 3 мільярдаў рублёў. За гэтыя грошы зрабілі вельмі многае. Напрыклад, у мехмайстэрні столь “абшыта” сайдынгам мармуровага колеру, на сценах — светлая плітка. Так званая “заліўная” падлога мякка вібрыруе пад нагамі, затое “глушыць” грукат падаючых на яе інструментаў. У мехмайстэрні надзвычай светла і камфортна. У падсобных памяшканнях — таксама чысціня. Сцены і падлога высланы пліткай. У раздзявальні — сучасныя металічныя індывідуальныя шафы. Ёсць душ, з кранаў заўсёды цячэ гарачая вада, а сантэхніка такая, што не кожны гарадскі жыхар можа пахваліцца. Ва ўтульным пакоі адпачынку стаіць мяккі куток, а для прыёму ежы — халадзільнік, электрачайнік, мікра-хвалевая печ. У зале для правядзення планёрных пасяджэнняў таксама сучасная мэбля і паўсюль сцены ўпрыгожваюць карціны. А яшчэ ў вочы кідаецца… чысціня. На тэрыторыі не знойдзеш кінутага акурка ці нават абгарэлай запалкі. На ракавінах не пабачыш “разводаў” ад перапэцканых мазутам рук.
— Не будзе парадку — нічога не будзе, — лічыць галоўны інжынер. — Тое, што нам дасталося цяжкай працай, неабходна захаваць.
Можна рабіць рамонт кожны год, толькі якая карысць з яго будзе, калі работнік элементарна не прыбярэ за сабою? У мехмайстэрні, на камбайне, на ферме працаўнікі праводзяць іншы раз больш часу, чым дома, таму ў самасвядомасці павінна выпрацавацца: работа — гэта мой другі дом, адносіцца да ўсяго трэба ашчадна, з павагай. Як прыемна зірнуць на двор, на якім з ранняй вясны да восені радуюць вока кветкі, а не вецер “ганяе” смецце!
— Якія ўмовы былі створаны тут раней, сказаць не магу, бо параўнаць няма з чым, — кажа механізатар Уладзімір Іванавіч Буневіч. — А тыя, што ёсць сёння, — вельмі выдатныя. У мехмайстэрні цёпла і светла. Па-першае, шклопакеты захоўваюць цяпло, па-другое, памяшканне абаграваецца цеплапушкай на вадкім паліве. Наколькі ведаю, тут ідзе мантаж газавага катла. Так што не давядзецца зімою мёрзнуць на халоднай падлозе пад трактарам. Імпануе, што вялікіх праблем з дастаўкай запчастак не існуе, таму доўга не прастойваем на рамонце.
Радуе, як у СВК клапоцяцца пра рабочых людзей: можна на месцы і рукі вымыць з мылам, і душ прыняць, і ежу пагрэць, і адпачыць. Летам нас, занятых на палявых работах, кормяць ды абавязкова ваду, мыла і чысты ручнік прывязуць прама ў поле. Задавальняе і тутэйшы сацпакет: грашовыя прэміі да некаторых святаў, падарункі (мука, цукар, малочная прадукцыя), выплаты рупліўцам без бальнічных лістоў. Падобнае ў многіх іншых гаспадарках даўно скасавана. Адно застаецца: сумленна працаваць. І шанаваць тое, што робіцца для нас.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: галоўны інжынер М.Ф. Маеўскі і механізатар У.І. Буневіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top