Сябра маёй сям’і сем дзясяткаў гадоў

Сябра маёй сям’і сем дзясяткаў гадоў

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

29 кастрычніка раённая газета “Сельская праўда” адзначыла свой чарговы дзень нараджэння. Ужо 71 год выданне інфармуе жабінкаўцаў пра падзеі, што адбываюцца вакол нас, пра людзей, якія дабіваюцца вытворчых рэкордаў на палях і фермах, на заводскіх тэхналагічных лініях, аднаўляюць сацыяльна-культурную інфраструктуру. Усе гэтыя гады “Сельская праўда”, а ў першыя — “Ленинский путь” была сябрам нашай сям’і. Асабіста я чытала газету з гадоў дзесяці, пазней стала супрацоўнічаць з ёю як няштатны карэспандэнт.
Чытачоў раёнкі хачу вярнуць адразу да тых далёкіх гадоў, калі нават не было паштовых скрынак, і друкаванае выданне паштальён прыносіў у дом. Памятаю, што гэта быў паважаны і сумленны Пётр Усцінавіч Мятліцкі, яго чакалі ў сем’ях, каб даведацца пра тое, што адбываецца на жабінкаўскай зямлі. А яшчэ хачу нагадаць, што слова газета прыйшло да нас з Венецыі ў XVI стагоддзі. Там за паведамленне, інфармацыю сказальніку плацілі дробную манету — gazzetta. Паводле гэтага інфармацыйнае друкаванае выданне і атрымала назву газета.
Мне ўжо дзявяты дзясятак, а я па-ранейшаму сябрую з раёнкай і з нецярплівасцю чакаю паштальёна Аліну Пятроўну Ігнатовіч. Стараюся чытаць надрукаванае ад першай да апошняй старонкі. У кожным допісе знаходжу карысную інфармацыю. Асабліва люблю чытаць паведамленні, што сабраны пад рубрыкай “Навіны, факты, каментарыі”. Хоць і вопытны агароднік, але заўсёды знаходжу для сябе нешта новае ў старонцы “Дом. Сад. Агарод”. Радуюся за землякоў, калі газета паведамляе пра вытворчыя і творчыя іх набыткі, працоўныя дынастыі, шчаслівыя сем’і.
З цікавасцю чытаю літаратурную старонку “Плынь”. Як настаўніца рускай мовы і літаратуры адзначаю, што рыхтуецца яна на прафесійным узроўні. Прыемна, што поруч з вядомымі пісьменнікамі з’яўляюцца паэтычныя радкі юных творцаў. Вершы, якія кранаюць душу, вучу на памяць. Допісы-разважанні псіхолагаў, матэрыялы пад рубрыкай “З вамі гутарыць урач” узбагачаюць светапогляд. Апошнім часам шмат друкуецца гістарычных матэрыялаў. Думаю, яны цікавыя краязнаўцам, дый звычайным людзям, неабыякавым да свайго мінулага. Як чытачу, мне не хапае інтэрв’ю з ветэранамі працы, якія былі сведкамі многіх важных падзей. Часцей журналісты павінны ўзнімаць на старонках газеты праблемы, якія “жывучыя” ў нашым грамадстве, вельмі рэдка выходзіць “Кантактны тэлефон”, а задумка добрая і цікавая.
Наогул, тое, што друкуецца, падрыхтавана прафесійна, супрацоўнікі прытрымліваюцца аператыўнасці і аб’ектыўнасці ў асвятленні падзей.
Раіса МАРГЕВІЧ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top