Будни и праздники сельского старосты

Будни и праздники сельского старосты

І святы, і будні вясковага старасты
Дагэтуль успамінаюць у Пшанаях, як напрыканцы сёлетняга жніўня тут ладзілася свята вёскі. Колькі весялосці было! Колькі добрых слоў выказана заслужаным людзям! Жыве вёска, адраджаецца, харашэе, будуецца. Мяняюцца пакаленні, мяняецца ўклад вясковага жыцця, напаўняючы яго гарадскімі выгодамі, нязменным застаецца адно — любоў да свайго роднага куточка, які завецца маленькай радзімай.
— Наша вёска багатая на добразычлівых, адданых сваёй справе людзей, — гаварыла стараста Вера Васільеўна Лук’янюк, выступаючы перад аднавяскоўцамі ў сельскім клубе. — У Пшанаях нарадзіўся доктар матэматычных навук, прафесар Яўген Рыгоравіч Завулічны, яго дом быў якраз на скрыжаванні. Кандыдат тэхнічных навук у галіне сельскай гаспадаркі Анатоль Цімафеевіч Іванюк, які некалі быў інжынерам у саўгасе “Жабінкаўскі”, таксама выхадзец за нашай вёскі. Нямала ў нас ветэранаў працы, якія добрасумленна шчыравалі на палях і фермах. Сярод іх Ксенія Сямёнаўна Яшчук, колішні палявод, а цяпер старэйшая жыхарка. Шмат гадоў працавала на ферме Святлана Фёдараўна Галаватая. Некалі гучала яе імя як даяркі-чатырохтысячніцы. А яшчэ яна мнагадзетная маці. Сённяшнія перадавікі — даярка Галіна Андрэеўна Воран і цялятніца Наталля Іванаўна Стакольская.
І дзеткі ў нас ёсць, якімі ганарымся, напрыклад, Косця і Максім Шпакавы — баксёры, займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах. А вось Каця Стакольская вельмі прыгожа вышывае бісерам, залюбавацца толькі. Сапраўдны талент у Святланы Мікалаеўны Шутка. Якія яна абразы вышывае! Не аднойчы народная ўмеліца прымала ўдзел у розных выставах…
Аднавяскоўцы шчыра апладзіравалі Веры Васільеўне. На самой справе, што не дом, што ні сям’я, што свая адметнасць. В.В.Лук’янюк добра ведае тут і старых, і малых. Статус старасты абавязвае, межы яе “гебернатарства” — Пшанаі, Нагараны, Салейкі, дзе пражывае 131 чалавек. Ды і зраднілася яна з гэтымі людзьмі, як-ніяк нараджэнка Азят вось ужо 40 гадоў, як прыехала і пасялілася пасля замужжа ў Пшанаях.
Работа загадчыцы бібліятэкі і клуба дазваляла быць сярод вяскоўцаў, жыць іх клопатамі, праблемамі. Вера Васільеўна не толькі выдавала кнігі, але і арганізоўвала мерапрыемствы, сярод якіх абмеркаванне літаратуры, выезды і выступленні перад людзьмі працы ў “чырвоных кутках”, і як тады казалі “на палявых станах”. Насіла кнігі пажылым людзям дадому. І нават цяпер, хоць ужо не працуе тры гады (у 60 вырашыла-такі скарыстаць магчымасць і пайсці на заслужаны адпачынак), ведае, што яе актыўныя чытачы Г.М.Федасюк, І.М.Ярашчук, Н.І.Стакольская, Н.Ю.Карагода па-ранейшаму сябруюць з кнігай і частыя госці ў сельскай бібліятэцы. Умела В.В.Лук’янюк  яна выклікаць прыхільнасць, дзе словам, а дзе і справай дапамагчы.
Як лічыць старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Г.С.Акуліч, гэта, бадай, тыя крытэрыі, якія сталі вызначальнымі, калі восем гадоў таму давялося выбіраць старасту. Вяскоўцы спыніліся менавіта на кандыдатуры В.В.Лук’янюк. Яе актыўная жыццёвая пазіцыя праяўлялася і на пасяджэннях сельвыканкама, членам якога яна была дзесятак гадоў. Неаднаразова на іх узнімала праблему аб неабходнасці рамонту Пшанайскага ФАПа. Зрабіла запіс у кнізе заўваг і прапаноў, дзе таксама адзначыла, што работа сельскіх медыкаў заслугоўвае пахвалы, а вось умовы, у якіх яны працуюць, жадаюць быць лепшымі. Справа зрушылася з месца. У будынак фельчарска-акушэрскага пункта правялі ваду і стала магчымай работа працэдурнага кабінета. Сёлета паставілі ажурную агароджу. Аднак “пытанне з барадой” яшчэ да канца не вырашана, патрэбен рамонт будынка, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— Мы тут навідавоку, побач траса, — гаворыць Вера Васільеўна, — і як выглядае наша вёска, будуць меркаваць, якія мы гаспадары. Вось паглядзіце, як папрыгажэў пасля капрамонту магазін, люба-дорага зайсці. І тавараў, прадуктаў хапае, а калі, скажам, патрэбны будаўнічыя ці гаспадарчыя тавары, можна і заказаць. Графік работы магазіна таксама задавальняе. А да жыхароў Навасад, Салеяк і Нагаран двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Так што праблем аніякіх. Усё можна купіць на месцы, не трэба ехаць у Жабінку ці Брэст.
… А мне ўспомнілася, як пару гадоў таму ў Пшанайскім сельскім клубе праводзіўся дзень адкрытага пісьма і як стараста В.В.Лук’янюк паднімала пытанне, што ў магазін позна завозіцца хлеб. “Не, — запэўнівае Вера Васільеўна, — цяпер скардзіцца няма на што. Хлеб дастаўляюць часта і даволі свежы”.
Доўгі час жыхары Пшанаёў дабіваліся, каб устанавіць хатнія тэлефоны. Розныя былі адгаворкі, якія зводзіліся да аднаго: немагчыма, ёсць, маўляў, у бібліятэцы, ФАПе, магазіне, на ўсялякі выпадак можна адтуль экстранна пазваніць. Першай паспрабавала з усім разабрацца былая настаўніца Валянціна Паўлаўна Іванюк, потым да яе падключыліся Галіна Іванаўна Андрайчук і Вера Васільеўна Лук’янюк. І толькі калі звярнуліся яны да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.Ф.Федарук, лёд, як кажуць, крануўся з месца. Усе жадаючыя змаглі ўстанавіць у сваіх дамах тэлефоны.
— Зараз у нас ёсць і газ. Што ж, вёска перспектыўная, — разважае Вера Васільеўна, — побач горад. Добра дабірацца і ў Жабінку, і ў Брэст. Дзяцей у школу і садзік возіць аўтобус. Ніякіх праблем. А яшчэ абяцалі хутка лазня працаваць будзе. Усе даброты для вяскоўцаў. Таму і Пшанаі, і асабліва Нагараны напаўняюцца новымі людзьмі, многія з горада пераязджаюць. Прыжываюцца. Становяцца сваімі. Наогул Нагараны хутка з’яднаюцца з Пшанаямі. Дамы будуюцца і будуюцца. Вось хутка выраслі ізноў два, якія ўзводзіць фермерская гаспадарка “Улас”. А побач плануецца (магчыма, у гэтым годзе і распачнуць) будаўніцтва яшчэ трох для работнікаў саўгаса “Жабінкаўскі”.
Адчувалася па ўсім, што Вера Васільеўна любіць сваю вёску, людзей, якія жывуць тут. Таму з любым пытаннем яны перш-наперш ідуць да яе: “Васільеўна, дапамажы…”. І яна то пазвоніць, каб брыкет ці дровы завезлі, то патрэбную даведку ў сельсавеце возьме, то паклапоціцца аб пакупцы збожжа…
У Жабінкаўскім сельвыканкаме ведаюць, што Вера Васільеўна з любым даручэннем справіцца. Перапіс асабістых гаспадарак своечасова правядзе, дагаворы на вывазку смецця аформіць, а што датычыцца навядзення парадку ў вёсцы, асабліва вясной і восенню, дык тут ёй ніякі напамінак не патрэбны: агледзіць прыдамавыя тэрыторыі, праўда, некаторым гаспадарам і падкажа, што пара прыбрацца. І яе разумеюць.
В.В.Лук’янюк як член ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі цяпер збірае подпісы ў яго падтрымку. Заходзіць да сваіх аднавяскоўцаў, і, канечне, не абміне запытацца пра жыццё-быццё, патрэбы. І людзі ўдзячныя свайму старасце за ўвагу.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top