Пад абаронай анёлаў-ахоўнікаў

Пад абаронай анёлаў-ахоўнікаў

IMG_7125 IMG_7135 IMG_7144 IMG_7185

21 лістапада, у дзень, калі праваслаўны свет з удзячнасцю ўзгадваў у сваіх малітвах Архангела Міхаіла і іншыя Нябесныя Сілы бесцялесныя, вернікі Свята-Міхайлаўскай царквы аграгарадка Сцяпанкі святкавалі 235-ыя ўгодкі асвячэння свайго храма.

Да гэтай царквы маю асаблівае стаўленне. Перад вачамі і ў думках найперш адзін з найстаражытнейшых цэнтраў духоўнасці і веры на жабінкаўскай зямлі. Разам з тым — гэта храм, дзе ўжо больш за сем дзясяткаў гадоў шануюць памяць пра ахвяры бязлітаснага знішчэння Драмлёва — нашай “вогненнай вёскі”, што прыняла пакутніцкую гібель 11 верасня 1942 года. Нарэшце, Свята-Міхайлаўская царква — вельмі цікавы помнік дойлідства з непаўторным у мастацкім плане старадаўнім іканастасам.
Сёння адлік гісторыі мясцовага “Божага дома” выводзяць ад 1780 года. Аднак старыя дакументы даносяць звесткі і больш ранніх часоў. Так, пад 1619 і 1629 гадамі згадваецца сцяпанкаўскі святар Захарый Лаўрэнцьевіч, ёсць успаміны і пра пазнейшых настаяцеляў “царквы Святога Міхаіла Архангела ў сяле Сцяпанкі” — Мікалая Кунцэвіча, Іераніма і Іаакіма Александровічаў, што правілі тут службу ў XVII — XVIIІ стагоддзях.
Храм не аднойчы перажываў аднаўленні. Самае істотнае і адбылося 235 гадоў таму. Год 1780-ы
ад Раства Хрыстова прынята лічыць часам нараджэння сённяшняй царквы ў Сцяпанках.
Суботнім ранкам 21 лістапада зноў, як і сотні гадоў таму, тут святкаваўся Міхайлаў дзень, асабліва шануемы ў аграгарадку і навакольных вёсках. Па сцежцы, усцеленай жывымі кветкамі, урачыста ў храм увайшоў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Паводле традыцыі, што ўзнікла ў часы ранняга хрысціянства, высокага госця сустракалі кветкамі і хлебам-соллю. У су-праваджэнні сакратара епархіі протаіерэя Пятра Рама-новіча, дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі святара Сергія Петрусевіча, прыходскага настаяцеля айца Сергія Разановіча ўладыка правёў архіерэйскую службу, прысвечаную Сабору Архістратыга Міхаіла і іншых Нябесных Сіл бесцялесных, падзякаваў прыхаджанам за сумесную малітву, павіншаваў з прастольным святам, якое сёлета супала з юбілеем храма, што “за вякі бачыў многае і многіх, і ў чым і ёсць сіла Божая, калі цэрквы зачынялі, выстаяў”. Уладыка Іаан нагадаў таксама, што ў кожнага — не толькі чалавека, але й царквы, вёскі, горада — “ёсць свой анёл-ахоўнік — светлая чыстая істота, якая не пакідае нас, стараючыся зберагчы, падтрымаць, навучыць”.
У памяць пра наведванне Сцяпанак епіскап Брэсцкі і Кобрынскі падараваў Свята-Міхайлаўскаму храму абраз з выявай Жыровіцкай Божай Маці, вельмі шануемай у праваслаўным свеце.
Храм, нібыта чаша, быў напоўнены людзьмі, што завіталі сюды, каб падзяліць радасць свята, згадаць родных, блізкіх, памаліцца за іх здароўе, паставіць свечкі за спачын тых, чые душы адляцелі ў нябесны вырай.
За дапамогу царкве яе настаяцель і каля двух дзясяткаў вернікаў атрымалі ў той святочны дзень з рук уладыкі граматы, прымеркаваныя да 1025-годдзя хрышчэння Русі. Сярод уганараваных, каму спявалі “Аксиос!” (“Годны!”), — старшыня СВК “Шпіталі” Віктар Марковіч, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Аляксандр Будзько, дырэктар ДРБУ №103 Алег Марчанка, вернікі Сяргей і Аляксандр Кузняцы, Вольга і Ніна Малецкія, Людміла Ягорчанкава, Вольга Балакер, Еўдакія Іванюковіч, іншыя.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час царкоўных урачыстасцяў з нагоды 235-годдзя Свята-Міхайлаўскай царквы ў аг.Сцяпанкі.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top