Беларусь разглядае Сербію як ключавога партнёра на Балканах

Беларусь разглядае Сербію як ключавога партнёра на Балканах

210448-04

Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Сербіі правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным колах. Лідары дзвюх краін падпісалі сумесную заяву.
Кіраўнік сербскай дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея «Замкавы комплекс «Мір», наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ААТ «Мінскі трактарны завод».
Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч 20 лістапада заклалі капсулу на будпляцоўцы эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір», што сімвалізуе пачатак яго будаўніцтва.
Праект рэалізуецца з прыцягненнем сербскіх інвестараў. Аб’ект размесціцца на плошчы 320 га на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1. Там з’явіцца 30 тыс. кватэр, новы парк плошчай 50 га, чатыры школы і дзевяць дзіцячых садоў, а таксама гандлёвы і фінансавы цэнтры. Аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове з Сербіі ў першым паўгоддзі 2015 года склаў $45,5 тыс. У Беларусі з удзелам сербскага капіталу дзейнічаюць 6 сумесных і 5 замежных арганізацый, 2 прадстаўніцтвы.

Станоўчая дынаміка ў развіцці адносін Беларусі і Сербіі

Асабліва гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы, галіны гуманітарнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што маштабная задача па павелічэнні тавараабароту да $500 млн. яшчэ не выканана, але аб’ём двухбаковага гандлю расце і ў 2014 годзе дасягнуў $250 млн. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, у значнай ступені гэтаму садзейнічае рэалізацыя дамоўленасці па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, што ахопліваюць усе сферы ўзаемадзеяння. Разам з тым прадаўжаецца пошук новых эфектыўных форм і перспектыўных напрамкаў сумеснай работы.

Беларусь адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў

На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанц, і ім трэба скарыстацца, перш за ўсё прадпрымальнікам Сербіі. «Мы разумеем, у якой сітуацыі знаходзіцца Сербія. Яна аказалася ў цісках дзяржаў, якія бачаць у Сербіі толькі ўласны інтарэс або ў асноўным бачаць уласны інтарэс, але слаба глядзяць на інтарэсы Сербіі. І, вядома, Сербіі трэба праяўляць сёння максімум дыпламатыі і гібкасці, каб выжываць у гэтай сітуацыі», — адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў.
На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
Кіраўнік нашай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цвёрдыя намеры па развіцці двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, праведзены ўжо шэраг сумесных даследаванняў, вучоныя рэалізуюць праекты ў сферы эксперыментальнай батанікі, фізікі, інфарматыкі, у іншых галінах.

Прыхільнасць Беларусі і Сербіі
да выканання міжнароднага права

Аб гэтым сказана ў сумеснай заяве, якую падпісалі 19 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч.
Прэзідэнты падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін да выканання таксама мэт і прынцыпаў ААН, умацавання яе цэнтральнай ролі ў вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міру і бяспекі, сустрэчы з сучаснымі выклікамі і пагрозамі, мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і спрэчак. Лідары дзвюх краін дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва па лініі рэгіянальных аб’яднанняў і ініцыятыў.
Кіраўнікі дзяржаў адзначылі канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў АБСЕ. Падкрэслілі прыхільнасць бакоў да мэт захавання ролі арганізацыі як важнейшага форуму для вядзення раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва, павышэння яе эфектыўнасці пры захаванні асноўнага прынцыпу кансэнсусу.
Зыходзячы з узаемнага імкнення да далейшага ўмацавання доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі як на двухбаковай аснове, так і ў шматбаковым фармаце, Прэзідэнты канстатавалі пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, заснаванага на традыцыйна блізкіх духоўных і культурных сувязях двух славянскіх народаў.
Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч высока ацанілі вынікі супрацоўніцтва і прагрэс у розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2014 годзе ў Бялградзе, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, дынамічным развіцці міжпарламенцкіх сувязей, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва.

Мінск разлічвае ў 2016 годзе сабраць кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам. Сустрэча прайшла перад удзелам кіраўнікоў дзяржаў ва ўрачыстай цырымоніі закладкі памятнай капсулы ў знак пачатку будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір».
Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч паразмаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы. Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, адзначыў, што гэта будзе вельмі сімвалічна, калі ў наступным годзе тут змогуць сабрацца кіраўнікі рэспублік былой Югаславіі з вельмі важнай нагоды — будаўніцтва комплексу «Мінск-Мір».
Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. Таміслаў Нікаліч у сваю чаргу расказаў, што пэўныя захады па арганізацыі гэтай сустрэчы ўжо зроблены. Напрыклад, наконт удзелу прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб яшчэ адным праекце з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік, Прэзідэнт Сербіі пазітыўна ацаніў гэтую ініцыятыву. Ён лічыць, што было б цудоўна, калі можна было б аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі.

Нікаліч уражаны дасягненнямі беларускай прамысловасці

Таміслаў Нікаліч выказаў словы захаплення прагрэсам, які дэманструе Беларусь у сваім развіцці, і выказаў надзею на ўмацаванне двухбаковых эканамічных сувязей.
Прэзідэнт Сербіі наведаў корпус зборкі трактароў МТЗ. Высокага госця суправаджалі міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк і выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара МТЗ Уладзімір Макаранка. Прэзідэнт Сербіі таксама агледзеў выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці (МАЗ, МТЗ, «Амкадор», «Палессе»).
Ён быў уражаны дасягненнямі беларускай прамысловасці. На пытанні журналістаў адносна якасці беларускай тэхнікі ён даў адказ, расказаўшы сербскі анекдот: «Сербскі селянін выкарыстоўваў трактар «Беларус» на працягу 50 гадоў. На пытанне, што ён мяняў на гэтым трактары, селянін адказаў: «Нічога не мяняў, толькі трактарыста».
Па выніках наведвання ААТ «МТЗ» Прэзідэнт Сербіі пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей прадпрыемства.

На здымку: Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top