Задаволенасць кліентаў натхняе на плённую працу

Задаволенасць кліентаў натхняе на плённую працу

_DSC3271

Філіял “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” — гэта не толькі сетка магазінаў у нашым раёне, а й шэраг іншых структурных падраздзяленняў. Так, яшчэ з савецкіх часоў тут створаны і працуе швейны цэх, прадукцыя якога дапамагае напаўняць прылаўкі таварамі, вырашаць праблемы са спецвопраткай не толькі гандлёвым калектывам, а таксама іншым арганізацыям. Больш як дзесяць гадоў загадвае ім Святлана Пятрэнка. Яна прыйшла сюды з двума чырвонымі дыпломамі, якія — сведчанне выдатных тэарэтычных ведаў, атрыманых у Брэсцкім тэхнічным вучылішчы №26 імя Д. Карбышава і ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці імя В. Чарнышова, а таксама з пяцігадовым вопытам партной. Трывалыя практычныя навыкі былі набыты ў атэлье Жабінкаўскага райбыткамбіната. Да іншай працы душа ў Святланы Мікалаеўны не ляжала, ёй заўсёды хацелася ствараць новыя мадэлі, прыгожа і элегантна апранацца самой, захаплялася чароўнасцю сукенак, блузак, змадэліраваных мэтрамі-закройшчыкамі.
З падказкі знаёмай маладая жанчына і прыйшла ў швейны цэх райспажыўтаварыства. Нягледзячы на змены ў эканоміцы раёна і рэспублікі і, вядома, шыльдаў, функцыі і задачы швачак заставаліся нязменныя: шыць пасцельную бялізну для дарослых і дзяцей, начныя сарочкі і піжамы на розныя густы, ручнікі і насавыя хусцінкі. З часам пакупнік станавіўся больш патрабавальным, падштурхоўваў яе да самаўдасканалення. Да гэтага спецыяліста падганяла і канкурэнцыя. Жабінкаўскія швачкі Ніна Шурко і Ганна Кузнец пад умелым кіраўніцтвам Святланы Пятрэнка з дапамогай уласнай фантазіі і навыкаў, штодзень ператвараюць дзясяткі кавалачкаў тканіны ў прыгожыя рэчы.
— Брак у рабоце для швачак цэха, — расказвае Святлана Мікалаеўна, — справа недапушчальная. Гэта іх працавітымі рукамі пашыты камплекты пасцельнай бялізны, якія рэалізуюцца ва ўнівермазе, “Навінцы”, у вясковых магазінах прамысловай групы Жабінкаўшчыны. Ёсць у нас заказы і ад ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” і яго філіялаў, у прыватнасці, “Баранавіцкага”. Дарэчы, яны аб’ёмныя, прыемна, што нашы швейныя вырабы не залёжваюцца на прылаўках магазінаў. Таму што яны пашытыя якасна, з дабротнай тканіны, што пастаўляецца з РУП “Баранавіцкі баваўняна-папяровы камбінат”, з захаваннем тэхналагічных параметраў. На жаль, тэкстыльшчыкі неахвотна адпускаюць нам тканіну новых узораў. Часам удаецца дамовіцца.
Акурат перад наведваннем швейнага цэха філіяла “Жабінкаўскі” тут быў маніторынг з цэнтра стандартызацыі і метралогіі, так як прадукцыя знаходзіцца ў іх на кантролі і падвяргаецца сертыфікацыі. Такі інспекцыйны кантроль адбываецца штогод, пад час якога адсочваецца тэхналагічная дысцыпліна, якасць, у работніц нават правяраюцца тэарэтычныя веды. Так было і на гэты раз. Экзамен стандартызацыі вытрыманы з добраю адзнакаю.
Калектыў цэха маленькі, але дружны і зладжаны. Яму пад сілу выканаць любыя заказы. Спецвопратка, пашытая з улікам прапаноў саміх прадаўцоў, выглядае элегантна, прыгожа на кожным. Ацаніць яе зможаце, калі наведаецеся ў любы жабінкаўскі магазін. Ва ўсіх элементы яе аднолькавыя — халат, фартух і пілотка, толькі рознага колеру. Зроблены лекала, каб паскорыць працэс кройкі і шыцця. Балазе, праца над спецвопраткай патрабуе шмат часу і ўседлівасці. У гутарцы Святлана Пятрэнка заўважыла: “Без працы нашы швачкі не бываюць, многа вырабаў заказваюць-закупляюць санаторыі “Надзея”, “Буг”, ёсць заяўкі на сурвэткі, настольнікі, чахлы з рэстарана “Вясёлка”. У выпадку хваробы каго-небудзь з работніц, мне самой даводзіцца садзіцца за швейную машынку”.
Дарэчы, Святлана Мікалаеўна Пятрэнка захапілася шыццём у старэйшых класах, калі займалася ў Жабінкаўскім навучальна-вытворчым камбінаце і зарэкамендавала сябе здольнай вучаніцай. Яе сукеначкі, спаднічкі. выдзяляліся акуратнасцю, густам, перамагалі ў конкурсах. Цяпер, усё, што хочаш, можна знайсці ў інтэрнэце, а раней усё залежала ад асабістай фантазіі, якая “бурліла ў яе праз край”. Справа, якой захапілася яшчэ ў школе, стала яе прафесіяй, да таго ж любімай, не здраджвае, нягледзячы на цяжкасці рынкавай эканомікі.
З месячным заданнем — пашыць вырабаў на 70 мільёнаў рублёў — калектыў спраўляецца. У гэтым, вядома, заслуга працавітых і руплівых швачак Ніны Шурко і Ганны Кузнец, загадчыцы Святланы Пятрэнка. Дый швейныя машынкі не падводзяць, працуюць без збояў. Былі закуплены са згоды былога дырэктара райспажыўтаварыства Ірыны Уладзіміраўны Шэйка ў 2010 годзе. У распараджэнні работніц шэсць адзінак кітайскага абсталявання фірмы “Зоджы”. Святлана Мікалаеўна прызналася, што цэх можа пашырыцца: ёсць умовы для гэтага, заказы, жаданне саміх работніц, прафесіяналізм і задаволеныя водгукі кліентаў, якія найлепш натхняюць на плённую працу.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top