Крадзёж праз злоўжыванне службовым становішчам

Крадзёж праз злоўжыванне службовым становішчам

16big

Барацьба з карупцыяй павінна насіць сістэмна-комплексны характар, ахопліваць усе сегменты грамадскага жыцця, у першую чаргу органы дзяржаўнага кіравання і эканомікі. Яна не можа быць абмежавана толькі мерамі крымінальна-прававога характару.
Акрамя крымінальна-прававых захадаў, важную ролю ў барацьбе з ёю павінны адыграць меры прафілактычнага характару, што заключаюцца ва ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання і кантролю ў сферах дзейнасці, якія падвяргаюцца карупцыйным рызыкам.
Дзяржаўная праграма накіравана на зніжэнне ўзроўню злачыннасці, звязанай з карупцыяй; павышэнне эфектыўнасці дзейнасці органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, папярэджваюць, выяўляюць і спыняюць карупцыйныя правапарушэнні, высвятленне аб’ектыўных крытэрыяў адзнакі іх дзейнасці ў дадзенай сферы; на ўзмацненне пракурорскага нагляду і дзяржаўнага кантролю за выкананнем дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі антыкарупцыйных мерапрыемстваў; стварэнне эфектыўнага механізму прафілактыкі карупцыі; далейшае ўдасканаленне заканадаўства ў пытаннях барацьбы з ёю на аснове практыкі яго прымянення і з улікам палажэнняў міжнародных антыкарупцыйных дакументаў; на паглыбленне навуковых даследаванняў, накіраваных на распрацоўку практычных рэкамендацый у сферы барацьбы з ёю; на стварэнне атмасферы грамадскага непрыняцця яе ва ўсіх праяўленнях.
Няма неабходнасці даказваць, што злачынствы, якія здзяйсняюць кіруючыя асобы і асабліва карупцыйнай накіраванасці, наносяць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, перашкаджаюць нармальнаму функцыянаванню яе органаў, а таксама кіраўнікам іншых арганізацый незалежна ад формы ўласнасці; падрываюць давер грамадзян да тых, хто ва ўладзе. Асабліва небяспечныя яны яшчэ й таму, што гэта замах на правы і інтарэсы грамадзян, на іх сацыяльную роўнасць, на разбурэнне маральных каштоўнасцяў. Таму пазіцыя дзяржавы паслядоўная і непрымірымая.
Злачынствам карупцыйнай накіраванасці з’яўляецца крадзёж шляхам злоўжывання службовым становішчам. Найбольш распаўсюджанымі спосабамі яго з’яўляюцца: непасрэднае завалодванне маёмасцю, якая даверана кіруючай асобе; незаконнае атрыманне ёю прэмій, надбавак да заработнай платы ці выплата грашовых сродкаў тым, хто не мае права на іх атрыманне, з наступным іх пераразмеркаваннем; пералік грашовых сродкаў на рахункі фіктыўных прадпрымальніцкіх структур пад выглядам выканання абавязацельстваў па дагаворных адносінах; крадзёж пры ажыццяўленні закупак.
Па сваёй сутнасці такое злачынства адбываецца з мэтай наўмысна авалодаць чужой маёмасцю ці правам на яе з карысцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Пры гэтым шкода наносіцца не толькі ўласніку, але і інтарэсам калектыву, прадстаўніком якога з’яўляецца кіруючая асоба, што дзейнічае супраць яго інтарэсаў. Асаблівасцю злачынства можа быць тое, што кіруючая асоба не мае непасрэдна ў карыстанні маёмасці, яна дадзена іншым асобам, але паводле свайго службовага становішча ёй дадзена права на кіраванне і распараджэнне гэтай маёмасцю, а таму можа завалодаць ёю праз іншых асобаў.
Сёлета на тэрыторыі раёна выяўлена 7 такіх злачынстваў. Супрацьпраўнымі дзеяннямі кіраўнікоў пры здзяйсненні каруп-цыйных злачынстваў дзяржаве і арганізацыям нанесены ўрон на суму больш як 50 мільёнаў рублёў. Безумоўна, за лічбамі стаяць канкрэтныя асобы. Так, была ўзбуджана крымінальная справа супраць дырэктара СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Дарошкі В.І., які займаў кіруючую пасаду з 30 верасня 2010 года. Пад час пракурорскай праверкі высветлілася, што з 1 верасня 2013 года па 31 снежня 2014 года, маючы на мэце крадзёж грашовых сродкаў, якія належалі дзяржаўнай установе, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, яму незаконна была налічана заработная плата на агульную суму 15280244 рублі. Знаходзячыся на сваім рабочым месцы ён абавязаны быў ажыццяўляць навучальна-выкладчыцкую дзейнасць па лёгкай атлетыцы ў 2013-2014 вучэбным годзе ў групе пачатковай падрыхтоўкі другога года навучання з нагрузкай 6 гадзін на тыдзень і ў групе па-чатковай падрыхтоўкі другога года навучання з нагрузкай 3 гадзіны. У 2014-2015 вучэбным годзе ён павінен быў весці заняткі ў навучальна-трэніровачнай групе першага года навучання з нагрузкай 9 гадзін на тыдзень. Заняткаў не праводзіў, а наўмысна ўносіў заведама хлуслівыя звесткі ў журналы ўліку вучэбна-выкладчыцкай работы. Паводле дакументаў, Дарошку В.І. за гэта было налічана незаконна 15280244 рублі заработнай платы. На судзе абвінавачаны віну сваю ў здзяйсненні злачынства прызнаў поўнасцю.
Улічваючы абставіны справы і асобу абвінавачанага, суд прыйшоў да высновы, што яго выпраўленне магчыма пры назначэнні пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады са штрафам. Паводле ч.1 арт.210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Дарошку В.І. назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў на тры гады са штрафам у 100 базавых велічыняў на суму 18 мільёнаў рублёў.
Катэгорыя карупцыйных злачынстваў з’яўляецца глыбока латэнтнай. Пра здзяйсненне гэтых правапарушэнняў, як правіла, звесткамі валодаюць нямногія. Калі нехта з грамадзян ведае аб злачыннай дзейнасці кіруючых і матэрыяльна адказных асобаў і органаў улады, дзяржаўнага кіравання, а таксама кіраўнікоў рознага ўзроўню арганізацый і прадпрыемстваў просьба звяртацца ў праваахоўныя органы.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top