Если вы решили создать семью

Если вы решили создать семью

Вы рашылі стварыць сям’ю…
Калі вы прынялі рашэнне аб стварэнні сям’і, безумоўна, трэба пайсці ў орган загса, каб назначыць той самы шчаслівы дзень. Што трэба ведаць, каб у вас не ўзнікла лішніх праблем? Кампетэнтна пастаралася акрэсліць іх начальнік аддзела загса райвыканкама Галіна Пятроўна Аксюцік:
— У нашым раёне рэгіструюць шлюб аддзел загса райвыканкама і сем сельскіх выканаўчых камітэтаў. Шлюб з удзелам замежнага грамадзяніна рэгіструем толькі мы.
Заяву маладым неабходна падаваць асабіста не меней чым за 15 дзён і не болей чым за 3 месяцы да рэгістрацыі. Пажадана заранёў узгодніць дату і час з бацькамі, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, сварак, а затым пераносіць мерапрыемства.
У аддзеле загса вядзецца папярэдні запіс на рэгістрацыю шлюба. Гэта зручна: ёсць магчымасць распланаваць свой час і падрыхтавацца да ўрачыстасці. Гэта можна зрабіць як на асабістым прыёме, так і па тэлефоне 21-6-58 у любы рабочы дзень тыдня. Заява падаецца па месцы жыхарства аднаго з уступаючых у шлюб ці па месцы жыхарства бацькоў. Пры падачы заявы па месцы жыхарства бацькоў патрэбен пашпарт каго-небудзь з іх, у якім ёсць рэгістрацыя ў даным населеным пункце.
Для ўступлення ў шлюб неабходна дасягненне шлюбнага ўзросту — 18 гадоў. Ён можа быць зніжаны па ўважлівай прычыне — пастаноўка на ўлік па цяжарнасці, нараджэнне агульнага дзіцяці, аб’яўленне непаўналетняга поўнасцю дзеяздольным (эмансіпацыя).
З сабой неабходна ўзяць пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні (для ўстанаўлення нацыянальнай прыналежнасці), дакумент аб спыненні папярэдняга шлюбу (калі такі быў), а таксама грошы на аплату дзяржаўнай пошліны ў памеры 35 тыс.руб. пры неўрачыстай рэгістрацыі і за паслугі загса пры ўрачыстай рэгістрацыі — 50200 руб. Калі вы выбралі рэгістрацыю ў гарадскім Доме культуры па індывідуальным сцэнарыю, установай культуры бярэцца дадатковая плата.
І вось усе падрыхтоўчыя мерапрыемствы праведзены, настаў той доўгачаканы, шчаслівы дзень. Каб нічога не азмрочыла яго не забывайце:
— прыбыць на 5 хвілін раней, але не пазней назначанага часу;
— узяць з сабой заручальныя пярсцёнкі;
— колькасць гасцей пажадана абмежаваць, не болей 30-ці чалавек. Маленькіх дзяцей рэкамендуем не браць, бо іх паводзіны прадказаць практычна немагчыма;
— выключыць мабільныя тэлефоны.
Самым “плённым” годам для стварэння сям’і ў горадзе за апошнія 40 гадоў стаў 2006-ы, у якім быў заключаны 161 шлюб. Аналізуючы сёлетні, ужо можна гаварыць, што гэты паказчык пераўзыйдзем. У горадзе ўжо зарэгістравана 140 шлюбаў і яшчэ шмат пададзена заяў. Меней за ўсё шлюбаў было ў 2000-ым годзе: у раёне — 140, з іх у горадзе — 76. Што датычыцца Жабінкаўшчыны ў цэлым, дык адбылося значнае скарачэнне шлюбаў за кошт змяншэння іх у вёсцы, што найбольш стала прыкметна з 1994 года.
Некалькі слоў хацелася б сказаць пра саму цырымонію шлюбу. Гэта вельмі асабістая падзея, на ўрачыстым мерапрыемстве побач з маладымі павінны знаходзіцца самыя блізкія людзі (ва ўсіх астатніх будзе магчымасць павіншаваць іх непасрэдна на вяселлі). Для таго, каб не сапсаваць адчуванне свята, гасцям таксама трэба паводзіць сябе прыстойна. Маладым не павінна быць сорамна ў такі асаблівы дзень за іх паводзіны. Да рэгістрацыі шлюбу трэба адносіцца не як да тэатральнай пастаноўкі, а як да вельмі важнай і сур’ёзнай дзяржаўнай падзеі. Гасцям размовы пра свае праблемы неабходна пакінуць за парогам загса, не заходзіць у залу ў верхняй вопратцы, не хлопаць дзвярыма і не шумець у фае. Наколькі нам лягчэй працаваць, калі бачым, што людзям, якія прыйшлі ў загс, гэта таксама патрэбна. Ад усіх гэтых, здавалася б, дробязяў залежыць атмасфера, якая пануе ў час гэтага чароўнага свята.
Запісала С.СВЯТЛОВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top