Untitled-13Старажытнасць патрабуе аховы

Як паведаміла метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны АМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Алена Чыркун, цяпер на Жабінкаўшчыне налічваецца сем помнікаў археалогіі. Сёлета спецыялістам Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аленай Касюк праведзены ў раёне даследаванні некаторых помнікаў старажытнасці. Навукова вывучаліся курганы-могільнікі ў лясных урочышчах Руслаўка, Воўчы Брод, Смалярня (размешчаныя каля в.Старое Сяло) і Кружкі (паблізу в.Мышчыцы Ленінскага сельсавета), а таксама гарадзішча Замкавая Гара ля в.Філіпавічы. У выніку на аб’екты археалогіі вырабленыя пашпарты, пад час абследавання ля Мышчыцаў зафіксавана 11 добра захаваных курганоў, усталявана ахоўная дошка. На кургановыя могільнікі, што знаходзяцца ў Азяцкім сельсавеце, былі распрацаваны праекты зон аховы, якія перададзены для зацвярджэння ў Міністэрства культуры Беларусі.

Вызначаны пераможцы журналісцкай алімпіяды

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшло ўганараванне пераможцаў алімпіяды сярод юных журналістаў. Адначасова ладзіўся Рэгіянальны вучэбна-метадычны семінар школьнай і студэнцкай моладзі, арганізаваны выкладчыкамі філалагічнага факультэта. Ён складаўся з лекцыі “Перыядычны друк Брэсцкай вобласці” і майстар-класа ад Ганны Івашчанка “Тэхналогія інтэрв’ю”. Затым удзельнікі семінара сабраліся ў актавай зале ўніверсітэта, дзе былі агучаны імёны пераможцаў трэцяй завочнай алімпіяды па журналістыцы. Сёлета найлепшай прызнана Юлія Гардзяйчук (г. Іванава), адразу два навучэнцы, што набралі па 79,5 бала, падзялілі другі выніковы радок. Гэта Андрэй Шапялюк з Іванаўскага раёна і навучэнка ліцэя г. Жабінка Алена Баброва. Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі ў падарунак цікавае выданне “Журналістыка — славеснасць — культура: погляд маладых даследчыкаў”, выдадзенае летась у БрДУ, і кнігу Георгія Тамашэвіча “Журналісцкія будні”, прэзентаваную аўтарам.

“Не прапальвай сваё жыццё!”

Пад такой назвай у нашым раёне праводзіцца рэспубліканская акцыя, якая прадоўжыцца да 28 лістапада. Яна накіравана на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх праз неасцярожнае карыстанне агнём пры курэнні.
Прычыны загаранняў амаль заўсёды звязаны з дзейнасцю чалавека і ў многім залежаць ад таго, наколькі дакладна і акуратна выконвае ён усе супрацьпажарныя правілы.
Аналіз паказвае, што каля 30% пажараў у жылых дамах адбываюцца з прычыны неасцярожнага карыстання агнём.
Вельмі часта дарослыя не задумваюцца над тым, якую бяду прыносіць людзям абыякавае абыходжанне з цыгарэтай. Нярэдка чалавек нападпітку кідае дзе папала непатушаныя акуркі, кладзецца ў ложак з запаленай цыгарэтай і зусім не думае аб наступствах. Такая нядбайнасць амаль заўсёды заканчваецца трагедыяй.
“Будзьце асцярожныя з агнём! Строга выконвайце правілы пажарнай бяспекі. Не курыце ў ложку. Пры ўзнікненне надзвычайных сітуацый тэлефануйце на нумар 101”, — сказала Таццяна Мартынава, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела надзвычайных сітуацый.

Вечная тэма бацькоў і дзяцей

Урок маралі “Як палепшыць адносіны з бацькамі?” адбыўся ў аўторак у раённай бібліятэцы. У якасці настаўнікаў выступілі бібліятэкар Святлана Скаліна і настаяцель Свята-Пакроўскай царквы айцец Сергій Петрусевіч. Увазе адзінаццацікласнікаў першай гарадской школы былі прапанаваны не толькі іх змястоўныя лекцыі, але і два відэафільмы на тэму ўзаемаадносінаў бацькоў і дзяцей. Школьнікі разам з бібліятэчнымі настаўнікамі разважалі, у чым прычына канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі, як іх вырашаць, выказвалі адносіны да фізічнага пакарання дзяцей у сям’і. Айцец Сергій патлумачыў юнакам і дзяўчатам, што адна з прычын “амаладжэння” смерці — непавага да бацькоў, незахаванне біблейскіх запаведзяў, адсутнасць веры ў Бога.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top