Безадзыўны ўклад гарантуе больш высокую даходнасць

Безадзыўны ўклад гарантуе больш высокую даходнасць

210337-05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада падпісаў дэкрэт нумар 7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)». Поўны тэкст дакумента прыведзены на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта па адрасе www.president.gov.by.

З 12 лістапада ўводзяцца
безадзыўныя банкаўскія ўклады

У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца безадзыўныя банкаўскія ўклады, пры якіх датэрміновае вяртанне па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Адпаведная норма закладзена ў дэкрэце Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года нумар 7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)».
У адпаведнасці з дзеючай цяпер класіфікацыяй банкаўскія ўклады ў Беларусі падраздзяляюцца на некалькі відаў: тэрміновыя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пасля заканчэння тэрміну, вызначанага дагаворам, працэнтная стаўка залежыць ад сумы і тэрміну размяшчэння ўкладу — чым большая сума ўкладу і тэрмін яго размяшчэння, тым вышэйшы працэнтны даход); умоўныя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пры надыходзе пэўнай умовы (падзеі), зафіксаванай у дагаворы); уклады да запатрабавання (грошы з такога ўкладу можна знімаць у любы час без страты працэнтаў, але працэнтная стаўка па іх звычайна ніжэйшая ў параўнанні з іншымі відамі ўкладаў).
«У адпаведнасці з дэкрэтам, пачынаючы з 12 лістапада 2015 года дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падраздзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў стануць умовы датэрміновага вяртання ўкладу», — расказалі ў Нацбанку. Пры заключэнні адзыўнога дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам. Безадзыўным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца.
«Дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), заключаныя да 12 лістапада 2015 года, будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння.

Новыя падыходы адпавядаюць міжнароднай практыцы

Падыходы дэкрэта Прэзідэнта Беларусі нумар 7 да класіфікацыі банкаўскіх укладаў поўнасцю адпавядаюць міжнароднай практыцы. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджаным Нацыянальным банкам прэс-рэлізе.
«У многіх краінах свету распаўсюджана катэгорыя банкаўскіх укладаў, якія адрозніваюцца ад укладаў да запатрабавання. Агульным прынцыпам з’яўляецца неабходнасць узгаднення магчымасцей і ўмоў датэрміновага вяртання ўкладаў паміж банкам і ўкладчыкам. Як правіла, укладчык можа забраць грошы да заканчэння тэрміну ўкладу, але закон не абавязвае банк вяртаць уклад датэрмінова», — расказалі ў прэс-службе.

Безадзыўны ўклад будзе гарантаваць больш высокую даходнасць

«Сёння безадзыўны ўклад, з аднаго боку, не прадугледжвае датэрміновага адзывання грошай, але, з іншага боку, ён можа гарантаваць больш высокую даходнасць для фізічных асоб з пункту гледжання кіравання сваімі зберажэннямі», — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

Пры гэтым нормамі дэкрэта прадугледжана ў асобных выпадках магчымасць датэрміновага скасавання дагавора нават безадзыўнога ўкладу. Аднак гэта можа адбыцца толькі са згоды ўкладаатрымальніка, г.зн. банка. «Магчымасць выбару якраз і закладзена ў дэкрэце нумар 7. Кожны будзе сам выбіраць — атрымліваць больш высокі даход і пагаджацца на ўмовы безадзыўнасці або мець магчымасць адзывання ўкладу па крыху меншай стаўцы», — растлумачыў Тарас Надольны.
У Нацбанку лічаць, што стаўка па адзыўных дэпазітах можа скласці 20-25 працэнтаў, безадзыўных — 25-30 працэнтаў.

Датэрмінова зняць безадзыўны ўклад можна будзе толькі ў выключных выпадках

«Такія выпадкі будуць крайнім выключэннем. Рашэнне будзе прымацца непасрэдна банкам», — адзначыў Тарас Надольны. Ён дапусціў, што падставай для датэрміновага адзывання ўкладу могуць стаць нейкія трагічныя абставіны, якія закранулі самога ўкладчыка або яго сям’ю, калі могуць тэрмінова спатрэбіцца грошы. «Пры прад’яўленні нейкіх пацвярджальных дакументаў, я думаю, банк можа пайсці на тое, каб датэрмінова вярнуць. Але гэта не будзе мець сістэмны характар і не будзе стандартнай практыкай. Размова ідзе толькі аб выключных выпадках», — растлумачыў ён.
У сувязі з гэтым Нацыянальны банк не збіраецца распрацоўваць нейкія крытэрыі або даваць банкам рэкамендацыі, што можна лічыць выключным выпадкам. Такое рашэнне можа прыняць толькі банк, у якім захоўваецца ўклад.

Нацбанк прагназуе павелічэнне долі безадзыўных дэпазітаў
у доўгатэрміновай перспектыве

«Любое новаўвядзенне на фінансавым рынку, безумоўна, успрымаецца крытычна. Хутчэй за ўсё, на першым этапе, пакуль будуць растлумачвацца прававыя аспекты дэкрэта нумар 7 пэўны адток можа быць. Але ў доўгатэрміновай перспектыве насельніцтва пойдзе ў «доўгія дэпазіты», — лічыць Тарас Надольны.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што банкі па-ранейшаму ў поўным аб’ёме выконваюць усе свае абавязацельствы перад укладчыкамі. «Сёння з пункту гледжання ліквіднасці банкаўскай сістэмы праблем асаблівых няма. Мы сустракаліся з банкамі і правялі папярэднюю работу. Наша ўмова: хоча чалавек забраць уклад — калі ласка, безагаворачна трэба аддаць. Тут ніякіх праблем няма. Але ў доўгатэрміновай перспектыве насельніцтва зразумее — навошта страчваць у даходнасці выключна з-за магчымасці зняцця ўкладу? Мне здаецца, ільгота па падаткаабкладанні даходаў павінна адыграць істотную ролю», — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Што датычыцца аб’ёмаў дэпазітаў, то Тарас Надольны дапусціў, што яны могуць не павялічыцца. Тым не менш, іх структура з цягам часу зменіцца ў бок павелічэння долі ўкладаў з больш доўгімі тэрмінамі, лічыць ён.

Доля ўкладаў у беларускіх рублях на тэрмін меншы за год складае каля 80 працэнтаў

«Сёння сярод укладаў у беларускіх рублях пераважаюць уклады тэрмінам да года. Прыкладна 80 працэнтаў — гэта менавіта ўклады да года, адпаведна, на ўклады звыш года прыпадае 20 працэнтаў», — сказаў Тарас Надольны. Сярод укладаў да года найбольш папулярныя ў беларусаў уклады да трох месяцаў. Паводле ацэнак Нацбанка, яны складаюць амаль палавіну «хуткіх» укладаў у беларускіх рублях.
Што датычыцца валютных укладаў, што тут уклады да года складаюць каля 60 працэнтаў, частка ўкладаў мае тэрмін звыш двух гадоў.
Тарас Надольны акцэнтаваў увагу, што згодна з дэкрэтам нумар 7 пралангацыя старых укладаў не дапускаецца. «Напрыклад, быў гадавы ўклад, ён скончыўся — далей толькі на ўмовах дэкрэта нумар 7. Новыя ўклады будуць прапаноўвацца ў адпаведнасці з нормамі прынятага дэкрэта», — падкрэсліў ён.

Уладальнікам зарплатных картак падаходны падатак плаціць
не давядзецца

«Што датычыцца картак, то дэкрэтам нумар 7 прадугледжана норма, што пад падаткаабкладанне падпадаюць толькі тыя ўклады, стаўка па якіх перавышае стаўку да запатрабавання. Сёння Нацбанк давядзе банкам рэкамендацыі па арыенцірах па працэнтнай стаўцы да запатрабавання. Гэтыя стаўкі складуць прыкладна 3 працэнты па беларускіх рублях і 0,2 працэнта па замежнай валюце. Фактычна зарплатныя праекты, дзе стаўка да запатрабавання вельмі нізкая, не маюць ашчаднага характару, не падпадаюць пад падаткаабкладанне. Калі ж прырода ўкладу прадугледжвае выкананне функцый зберажэння, то ў гэтым выпадку яны падпадаюць пад падаткаабкладанне», — растлумачыў Тарас Надольны.

Дэкрэт нумар 7
распаўсюджваецца і на іншаземцаў

Тарас Надольны звярнуў увагу, што ў тэксце дэкрэта не пазначана, што для нерэзідэнтаў устанаўліваюцца якія-небудзь абмежаванні або выключэнні. «Адпаведна, яны таксама будуць плаціць», — сказаў ён.
Намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка адзначыла, што банкі будуць налічваць і ўтрымліваць падаходны падатак з працэнтаў самастойна. «Гэта працэдура будзе выконвацца непасрэдна банкамі, грамадзяніну не трэба будзе прадастаўляць дэкларацыі, і сродкі дэклараванню не падлягаюць», — растлумачыла яна. Пры заключэнні дагавора банкі абавязаны падрабязна інфармаваць укладчыкаў аб усіх умовах прыцягнення ўкладу, а ў выпадку неабходнасці спагнання падаходнага падатку з атрыманых укладчыкам працэнтных даходаў — аб суме пералічаных у бюджэт сродкаў.

На здымку: Дэкрэт №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)» павінен стымуляваць «доўгія» зберажэнні. Аб гэтым паведаміў 12 лістапада журналістам першы намеснік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны

БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top