По данным переписи

По данным переписи

Што засведчыў перапіс насельніцтва?
Колькі нас, які наш узрост, хто мы паводле нацыянальнасці, наколькі мы адукаваныя — на гэтыя і многія іншыя пытанні адказалі жыхары Жабінкаўшчыны пад час Усебеларускага перапісу насельніцтва 14 кастрычніка 2009 года.
Як засведчыў леташні перапіс, насельніцтва раёна склала роўна 25 тыс.чалавек: 13,1 тыс. у Жабінцы і 11,9 — у сельскіх населеных пунктах. За дзесяць гадоў, што прайшлі ад часу папярэдняга перапісу, насельніцтва раёна скарацілася на 700 чалавек (3,1%). Для параўнання: у перыяд паміж перапісамі 1989 і 1999 гг. колькасць насельніцтва на паўтысячы чалавек павялічылася (1,9%).
Для апошняга дзесяцігоддзя рост характэрны толькі для горада. Жабінкаўцаў стала больш на 400 чалавек (3%). Затое значны спад у колькасці — на 8,7%. Скарачэнне звязана як з міграцыйным адтокам вяскоўцаў у горад, так і з асаблівасцямі ўзроставага складу сельскага насельніцтва.
Для раёна, як, дарэчы, і для нашай вобласці, характэрны працэс “старэння” насельніцтва, што выяўляецца ў паступовым павелічэнні долі старэйшых (65 гадоў і больш)узроставых груп. У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН, насельніцтва лічыцца старым, калі доля асобаў ад 65 гадоў і вышэй складае не менш чым 7%. У нас гэтая частка жыхароў у цэлым перавысіла 16,6%, а ў сельскай мясцовасці — 20%. Сярэдні ўзрост жыхара Жабінкаўшчыны — 39,9 года. У 1999-м мы былі прыкметна маладзейшыя — 38 гадоў.
У перыяд паміж двума апошнімі перапісамі скарацілася колькасць дзяцей да 15 гадоў: з 23% ад агульнай колькасці жыхароў у 1999-м да 18% у 2009-м.
Паводле мінулагодняга перапісу, у раёне захоўваецца рост колькасці жыхароў у працаздольным узросце. Працаздольных у параўнанні з 1999г. стала больш на 7,5%, або на тысячу чалавек. Аднак гэты прырост адбыўся ў асноўным за кошт асобаў ва ўзросце 50 — 54 гады. Колькасць дадзенай катэгорыі жыхароў вырасла ў паўтара раза.
Істотная розніца ёсць ва ўзроставай структуры гарадскога і сельскага насельніцтва. Калі доля дзяцей у горадзе і вёсках блізкая — 19% і 17%, дык працаздольнае насельніцтва ў Жабінцы складае 60%, у сельскай мясцовасці — 54%. Людзей пенсійнага ўзросту ў райцэнтры 20,5%, у сельскіх населеных пунктах — 28,7%.
За апошнія дзесяць гадоў у раёне адбыліся істотныя змены ў суадносінах мужчын і жанчын — фактар, які ўплывае на фарміраванне сем’яў. На 14 кастрычніка 2009г. на Жабінкаўшчыне жыло 11,7 тыс. мужчын і 13,3 тыс. жанчын. За дзесяцігоддзе мужчын стала менш на 2,6%, жанчын  — на 3,2%.
У раёне захоўваюцца традыцыйныя нормы шлюбна-сямейных паводзінаў насельніцтва: 66% мужчын і 55,6% жанчын ва ўзросце 15 гадоў і старэй (зыходны ўзрост, рэкамендаваны ААН для збору інфармацыі) знаходзяцца ў шлюбе. Павялічылася доля сямейных параў, шлюб якіх юрыдычна не аформлены, — з 2,6% да 4,2%. Найбольшая колькасць незарэгістраваных шлюбаў прыпадае на ўзроставую групу 18 — 24 гады. За апошнія дзесяць гадоў на 23,7% вырасла колькасць тых, хто развёўся або разышоўся (знаходзяцца ў шлюбе, але не вядуць сумеснай гаспадаркі). Больш чым палова разведзеных жанчын — у дзетанараджальным узросце. Высокі ўзровень смяротнасці сярод мужчын выклікаў рост удзельнай вагі ўдоваў — на 5,7% у параўнанні з 1999 годам. Для раёна характэрная невысокая ўдзельная вага асобаў, якія ні разу не бралі шлюбу. Толькі два працэнты мужчын і жанчын ва ўзросце 50 і больш гадоў знаходзяцца па-за шлюбам.
Адзін з найважнейшых індыкатараў якаснага развіцця грамадства — узровень адукацыі насельніцтва. На момант мінулагодняга перапісу 18,8 тыс. чалавек (84,6% насельніцтва раёна ад 15 гадоў) мелі вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю. Скончылі ВНУ 3,3 тыс. чалавек, атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю 5 тыс., прафесійна-тэхнічную — 2 тыс. чалавек. Пачатковую адукацыю мела 3,2 тыс. чалавек, з іх 92,5% — людзі ва ўзросце 60 і болей гадоў.
Перапіс высвятляў і нацыянальны склад насельніцтва. На момант яго правядзення на тэрыторыі нашага раёна пастаянна жылі прадстаўнікі 28 нацыянальнасцей. 88,6% жыхароў аднеслі сябе да беларусаў, 5,5% — да рускіх, 4,3% — да ўкраінцаў, 1% — да палякаў. Доля прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей у агульнай колькасці насельніцтва застаецца нязначнай: армяне, малдаване, немцы, казахі і інш. 13,3 тыс., або 53%, жыхароў раёна роднай мовай прызналі беларускую. Аднак толькі 3,8 тысячы (15,1%) карыстаюцца ёю як моваю зносін. Асноўным сродкам зносін жабінкаўцаў па-ранейшаму з’яўляецца руская мова (81,6%).
Такія асноўныя дадзеныя перапісу насельніцтва раёна ў 2009 годзе. З пытаннямі, якія вас цікавяць яшчэ, звяртайцеся да нас у аддзел.
Г.КАЗАК, начальнік аддзела статыстыкі Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top