Зоркі зарабляюцца “на зямлі”

Зоркі зарабляюцца “на зямлі”

IMG_6909

Ён не згаджаўся на сустрэчу: “Ну які з мяне герой для публікацыі? У нас ёсць больш заслужаныя, пра каго можна расказваць у газетах”, — аднак, як чалавек у пагонах, падпарадкаваўся дысцыпліне і пагадзіўся завітаць у рэдакцыю і… не прыехаў. Высветлілася: за выклікам — выклік, за справай — справа, што не пакідалі часу для размовы. Толькі познім вечарам давялося сустрэцца ў райаддзеле з участковым інспектарам Сцяпанкаўскага сельсавета капітанам міліцыі Андрэем Казулькам — паміж выклікамі, дзяжурствам, бясконцымі справамі.
“Участковы інспектар знаходзіцца вельмі блізка да простых людзей, да іх праблем, перажыванняў”, — сказаў ён пра месца сваёй службы ў жыцці грамадства. Так, сённяшні час вымагае ад участковых высокага прафесіяналізму, дысцыпліны і арганізаванасці пры бездакорным і строгім выкананні законаў. Папулярнасці гэтай прафесіі дадавалі (кожны ў свой час) вобразы кінагерояў — Аніскіна, а зараз лейтэнанта Краўцова з тэлесерыяла “Участак”.
Ад дзейнасці такіх вось “некіношных” “Аніскіных — Краўцовых”, якія штодня знаходзяцца непасрэдна “на зямлі”, залежыць многае. Агульна прызнана: служба ўчастковых інспектараў — важнае звяно ва ўсёй сістэме органаў унутраных спраў. Асабліва для прафілактыкі і прадухілення правапарушэнняў і злачынстваў.
У канцы лістапада — дзевяць год, як лейтэнант міліцыі Андрэй Казулька прыйшоў у Сцяпанкі, і з таго часу нязменна абслугоўвае гэты ўчастак.
— Першыя мае афіцэрскія зоркі “ўпалі на пагоны”, калі нёс службу ў АБЭПе Маскоўскага раёна Брэста, — успамінае Андрэй Мікалаевіч. — Даведаўся пра тое 1 красавіка 2006 года і не адразу паверыў, што не першакрасавіцкі жарт. На той час у мінулым была вучоба ў Цэнтры першапачатковай перападрыхтоўкі супрацоўнікаў міліцыі ў сталіцы. Размеркаваўся ў Брэст. Для іншых — мэта і ўдача служыць у абласным цэнтры, а мяне цягнула дамоў. Калі вызвалілася месца ўчастковага ў Сцяпанках, звярнуўся да тагачаснага начальніка Жабінкаўскага РАУС Аляксандра Ясько і атрымаў згоду на перавод.
Калі папрасіў Андрэя прыгадаць які-небудзь выпадак з жыцця ягонага ўчастка, пачуў не пра заліхвацкую пагоню або затрыманне злодзея, а вельмі жыццёвую гісторыю:
— Жыла на “маёй зямлі” цікавая бабулька (на жаль, нядаўна яе не стала) Лідзія Васільеўна Муха. Колькі год таму, як зіма была снежная, марозная, тэлефануе: “Вада ў мяне замёрзла, сыночак. Без яе не магу. Трэба ж прывезці. Ты ж у нас улада — дапамажы, калі ласка”. Узяў 40-літровую флягу — і выканаў пажаданне пажылага чалавека, і, паверце, было прыемна: не ад таго, што “ўладай” назвала, а таму, што адчула ўва мне свайго сыночка-памочніка, які і вады паднясе на старасці, і абароніць, як спатрэбіцца, ад зламыснікаў.
Так, праз паводзіны ўчастковага ўвогуле часта складваецца ступень даверу людзей да міліцыі. Таму вельмі важна заставацца заўсёды патрабавальным да сябе, справядлівым да іншых, нецярплівым да парушальнікаў, але й пры гэтым быць уважлівым да жыццёвых праблем, якіх заўсёды хапае на ўчастку.
За гады бездакорнай службы — шмат узнагарод ад камандавання. Яшчэ больш — “ордэнаў” “Дзякуй” і “медалёў” “Калі ласка” — ад простых грамадзян, што вераць: іх участковы інспектар на сваім месцы і не падвядзе ў любых складаных сітуацыях.
А ён не спыняецца ў сваім развіцці. Таму сёлета паступіў завочна ў філіял Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы высокіх тэхналогій БДУ ў Брэсце. Відаць, марыць замест чатырох маленькіх зорак на пагонах атрымаць адну, але вялікую, маёрскую. Пажадаем яму поспехаў, бо ўсе свае зоркі Андрэй Мікалаевіч зарабляе сумленнай працай “на зямлі”.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: участковы інспектар капітан міліцыі Андрэй Казулька.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top