Высокія надоі — у прафесіяналаў

Высокія надоі — у прафесіяналаў

_DSC3226
26 красавіка 1986 года падзяліла жыццё Надзеі Лабенскай на “да” і “пасля”. Чарнобыльскі выбух прымусіў яе бацькоў і дзевяцёра дзяцей шукаць лепшай долі і новае месца жыхарства.

Так яны апынуліся на Жабінкаўшчыне. У СВК “Рагазнянскі” шматдзетная сям’я Юркевіч знайшла прытулак, жыллё і працу. Бацькі рупіліся, каб забяспечыць сыноў і дочак неабходным. Хутка да іх далучылася і Надзея, другая па ліку ў сям’і. Яна ўладкавалася працаваць на ферму ў Багданах, даглядала малодшую групу цялят.
Увішную працаўніцу неаднойчы хваліла кіраўніцтва — спраўлялася з работай спрытна, акуратна. Цяляты ў яе былі заўжды своечасова накормленыя, напоеныя і падасланыя. Прыходзіла на работу з добрым настроем, лагодна размаўляла з гадаванцамі, а тыя адгукаліся хуткай прыбаўкай у вазе.
Усё нібыта складвалася ў жыцці Надзеі — ёсць жыллё, аплачваемая работа. Што яшчэ для радасці трэба? А сэрца прасіла простага жаночага шчасця. І гэта дала гасцінная жабінкаўская зямля — дзяўчына сустрэла сваю другую “палавінку” — механізатара Мікалая Лабенскага. Неўзабаве новаўтвораная сям’я пераехала жыць у асобны домік, пабудаваны ў гаспадарцы па прэзідэнцкай праграме. Надзея і Мікалай разам пастараліся стварыць прыгажосць і ўтульнасць у пакоях, а ў хлеўчыку “пасяліліся” свінні і свойская птушка. У сямейным “гняздзе” Лабенскіх заўжды чыста і пахне выпечкай.
У 2009 годзе Надзеі Рыгораўне прапанавалі перайсці на МТФ “Бусні-1”, СВК “Рагазнянскі”, даіць кароў. Сучасны будынак, разлічаны на тысячу рагуль, аснашчаны найноўшым абсталяваннем, створаныя выдатныя бытавыя ўмовы для працаўнікоў, безумоўна, імпанавалі жанчыне, ды й дабірацца да комплекса зусім недалёка ад дома. Параілася з мужам і пагадзілася.
— З дойным статкам працаваць аказалася крыху лягчэй, чым з малымі цялятамі, — успамінае Надзея Рыгораўна. — Працоўны дзень пачынаецца раненька — а шостай гадзіне. Муж едзе на ферму яшчэ раней, бо ён на кормаздрабляльніку рыхтуе і раздае корм рагулям на комплексе і на суседняй МТФ.
Праца даяркі пазбаўлена рамантыкі: вымя кожнай каровы трэба памыць, апрацаваць і выцерці аднаразовай сурвэткай, здаіць першыя струменьчыкі ў кубак, што дазваляе выявіць мастытных жывёл, начапіць даільны апарат і ўключыць яго. На гэтыя аперацыі даярцы адводзіцца ўсяго 2-3 хвіліны, бо ад дотыкаў да саскоў пачынаецца працэс малакааддачы, прамаруджванне адаб’ецца стратай малака. Пры гэтым трэба пільна сачыць за санітарыяй. Дастаткова выдаіць адну мастытную карову або кепска памыць вымя, як гэтае малако, як тая лыжка дзёгцю ў бочцы мёду, сапсуе цыстэрну гатовай прадукцыі.
— Надзея Рыгораўна малайчына, такіх сітуацый не дапускае, — гаворыць Віктар Іванавіч Сабалеўскі, брыгадзір жывёлаводаў МТФ “Бусні-1”. — З першага дня, як перайшла на нашу ферму даяркай, паказала сябе адказнай, мэтанакіраванай, дысцыплінаванай работніцай. Увогуле, яна — надзейны чалавек. На такіх гаспадарка трымаецца. За 10 месяцаў надаіла 7089 кілаграмаў малака на карову — гэта лепшы паказчык не толькі па МТФ, але і ў СВК “Рагазнянскі” ў цэлым. Мы ўсе вельмі радыя, што менавіта нашу руплівіцу Надзею Лабенскую да прафесійнага свята ўзнагародзілі Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў. Паболей б такіх працаўнікоў!
Хаця, брыгадзір адзначае, што калектыў фермы “Бусні-1” з 16 чалавек падабраўся зладжаны, дружны, сумленна выконвае сваю работу. Аб гэтым сведчаць і вынікі: штодзень у перапрацоўку на ААТ “Савушкавы прадукт” адпраўляецца каля 9,5 тоны малака, прычым 92% прадукцыі залічваецца гатункам “экстра” і “вышэйшы”. За дзесяць месяцаў надой на кожную карову склаў 6788 літраў, і брыгадзір упэўнены, што іх ферма па выніках года возьме 8000-ную “планку”. Збалансаванае кармленне (а ў меню кароў кукурузны сілас, сянаж, жом, салома, камбікорм, патака) дазваляе ад кожнай рагулі атрымліваць 22,9 кілаграма малака ў суткі. Віктар Іванавіч падкрэслівае, што на ферме ёсць свае “рэкардсменкі” — даюць да 50 літраў! Ад такіх за лактацыйны перыяд надойваюць да 13000 літраў малака. Гэтых прадукцыйных жывёл адзначаюць, і цяляты, атрыманыя ад іх, на асобым рахунку, заносяцца ў базу камп’ютара і маюць спецыяльныя зялёныя ашыйнікі. 110 пяршачак з добрым генетычным патэнцыялам папоўнілі дойны статак малочнатаварнай фермы.
Кадры, кармленне, каровы — тры “к”, на якіх трымаецца МТФ “Бусні-1”. Памножаныя на добрасумленнасць, уважлівасць і адказнасць яе рупліўцаў, тут дабіваюцца выдатных вынікаў.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: Н.Р.Лабенская.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top