Справа стала сямейнай

Справа стала сямейнай

_DSC3166

Ці многа чалавеку для шчасця трэба? Аляксандр Жданюк, адзін з герояў нататкі, не філасофстваваў доўга, а адказаў проста:
— Нямнога. Цікавая работа, дружная сям’я, падтрымка братоў і сяброў.
Так сталася, што ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” стаў родным для трох братоў — Віктара, Аляксандра і Дзмітрыя Жданюкоў. У калектыве іх ведаюць як працавітых, сумленных, кемлівых хлопцаў. Яны заўжды трымаюцца разам. Гэтых братоў-волатаў нялёгка “зламаць” ветрам, праблемам.
…Першым дарожку да завода “пратаптаў” Аляксандр. Ён адслужыў у войску, скончыў чыгуначнае вучылішча, займеў прафесію правадніка і слесара рухомага састава. З год працаваў па спецыяльнасці. Аднак хутка прыйшоў да высновы, што рамантыка далёкіх падарожжаў пад размераны грукат жалезных колаў — гэта зусім не яго справа. Папрацаваў сезон на прыёмцы сыравіны на буракапункце цукровага завода. Чакаў, што на чыгунку возьмуць слесарам — корпацца ў процьме жалязяк яму было даспадобы з юнацтва, але спатрэбіўся такі спецыяліст на камбікормавым заводзе.
— Той першы працоўны дзень у 2002 годзе я памятаю да дробязяў, — узгадвае Аляксандр. — Адчуў тады: не я знайшоў працу па душы, а яна мяне. На заводзе акурат устанаўлівалася новая лінія па вытворчасці камбікармоў. Прыехалі наладчыкі з Германіі, манціравалі найноўшае абсталяванне. Я разам з напарнікам Юрыем Лаготам сачыў за кожным рухам замежных спецыялістаў. Самае цікавае, што моўны “бар’ер” зусім не перашкаджаў нам разумець адзін аднаго: “мова” чарцяжоў і шматлікіх схем — інтэрнацыянальная.
Аляксандр апантана засвойваў усе асаблівасці новай лініі, на якой трэба быць не толькі слесарам, але і праграмістам, бо за выпускам камбікармоў сачыла “вока” камп’ютара.
Хутка Аляксандр асвоіўся з новай лініяй і навучыў “кіраваць” ёю яшчэ тры чалавекі. Была забяспечана чатырохзменная бесперапынная работа лініі.
— А тут з чыгункі даслалі ліст, — расказвае Аляксандр. — Запрашаем, маўляў, слесарам да нас. Паразглядаў паперчыну і падумаў: не, маё месца — тут, на заводзе, лепшай долі шукаць не буду. І ніколечкі не шкадую.
Услед за Аляксандрам на прадпрыемства прыйшоў брат Віктар. Ён спачатку ўладкаваўся на млын, малоў збожжа. Для Віктара і яго жонкі праца на заводзе аказалася сямейнай: муж рыхтаваў муку, а Таццяна з яе выпякала пірагі і булачкі.
Неўзабае ў заводскую сям’ю ўліўся і малодшы брат Дзмітрый. У Маскоўскім дзяржаўным універсітэце тэхналогіі і кіравання вывучыўся на інжынера. Крыху папрацаваў слесарам на цукровым заводзе і папрасіўся бліжэй да братоў.
— Спецыялістам з такімі “корачкамі” мы заўжды радыя, — сказаў тады, прымаючы Дзмітрыя ў калектыў, дырэктар прадпрыемства Васіль Канстанцінавіч Волк.
Ягоны брат, Аляксей Канстанцінавіч, на жаль, ужо нябожчык, узяў пад сваё “крыло” маладога механіка, навучаў яго ўсяму, што ведаў сам. Удзячны вучань, кемлівы і прагавіты да ведаў, стараўся запамінаць ўсё сказанае галоўным механікам-настаўнікам. Урокі і парады старэйшага калегі спатрэбіліся Дзмітрыю, калі сам заняў пачэсную і адказную пасаду галоўнага механіка на заводзе.
Камбікормавы завод у жыцці братоў Жданюкоў значыць вельмі многае. Тут яны атрымлівалі працоўныя навыкі, сталелі прафесійна. Так, Аляксандр цяпер — старшы майстар участка сыравіны і гатовай прадукцыі. Ён клапоціцца аб прыёмцы сыравіны для вытворчасці корму, адгрузцы рассыпнога камбікорму, дастаўцы яго ў цэх, вырашае процьму арганізацыйных пытанняў. У яго 40 падначаленых у чатырох зменах. З машыністамі, вадзіцелямі пагрузчыкаў, майстрамі Аляксандр стараецца гутарыць вытрымана, спакойна, ніколі не павысіць голас, калі трэба — пажартуе, і заўжды выслухае работніка. Не “цырымоніцца” толькі з гультаямі і выпівохамі. Тут ім не месца.
— Увогуле нашым калектывам ганаруся, — у голасе Аляксандра гучаць ноткі радасці. — Галіна Іванаўна Марковіч, Наталля Іванаўна Міхалічук, Ларыса Паўлаўна Волк, Дзмітрый Анатольевіч Капчук, Святлана Віктараўна Галавейка, Святлана Аляксандраўна Трыфанава — майстры з вялікай літары. Падабраліся і рупліўцы-грузчыкі. Сярод іх хочацца назваць Алега Стэца, Максіма Пракапчука, Дзмітрыя Браўэра. Добрых слоў заслугоўвае кладаўшчыца Таццяна Барысюк. Прозвішча вадзіцеля пагрузчыка Максіма Лазавіка занесена на заводскую Дошку пашаны, машыніст Дзмітрый Беларус з нагоды прафесійнага свята атрымае Ліст падзякі ад завода.
Аляксандр Жданюк адзначае таксама, што, каб быць добрым кіраўніком, няхай і невялікага ўчастка, трэба ўмець разбірацца ў хітраспляценнях чалавечых узаемаадносін і ўдасканальваць свае веды. Ён паспяхова адвучыўся ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, а цяпер атрымлівае спецыяльнасць эканаміста-арганізатара ў Гродзенскім універсітэце. Малодшы брат Дзмітрый мае ўжо дзве вышэйшыя адукацыі — ён інжынер і менеджар-эканаміст. Віктар, паводле прыкладу братоў, сёлета стаў навучэнцам Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Веды, як кажуць, за плячамі насіць не трэба.
Для братоў Жданюкоў завод — гэта і вялікая дружная сям’я. У Аляксандра жонка працавала тут эканамістам. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку, гадуе маленькага Дзяніску і першакласніцу Уллянку. Цесць Анатоль Ягоравіч Данільчанка — інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай рабоце. У Віктара (які цяпер, дарэчы, перайшоў у цэх фасоўкі гатовай прадукцыі), жонка, як ужо расказвалася раней, радуе завадчан і гараджан пірагамі і булачкамі. У іх сям’і падрастае школьнік Мікіта. І ў Дзмітрыя на заводзе працуе вартаўніком цесць Аляксандр Міхайлавіч Нярода. Ён разам з бацькамі радуецца школьным і спартыўным поспехам унука Ягоркі.
Для Жданюкоў прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — ужо стала і сямейным святам таксама. Як здорава, што ёсць такія працоўныя дынастыі! Можа, дзеці братоў Жданюкоў працягнуць справу іх татаў і матуляў?
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: для братоў Аляксандра, Дзмітрыя і Віктара Жданюкоў завод — гэта вялікая дружная сям’я.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top