А дзверы лёгка “адмыкаліся”…
У адзін з восеньскіх дзён зламыснік завітаў на вуліцу Хутарская ў вёсцы Хадасы. Невядомага зацікавілі рэчы, схаваныя ў гаспадарчай пабудове, размешчанай на адным з зямельных участкаў. Дзеля гэтага няпрошаны “госць” збіў замок і завалодаў чужой маёмасцю: не толькі шматлікімі будаўнічымі інструментамі замежнай вытворчасці, але нават альпінісцкімі вяроўкамі. У выніку ад рук злодзея пацярпеў грамадзянін Г.: матэрыяльная шкода склала амаль 13 мільёнаў рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Праваахоўнікі ў чарговы раз просяць грамадзян быць пільнымі, каб не стаць ахвярамі тых, хто сквапны на чужое.
Узняў нож на мачаху
Агульнае бурлівае “сталаванне” з ужываннем алкаголю прывяло ўвечары 24 верасня да трагедыі ў райцэнтры. Спрэчка, што тычылася “кватэрнага пытання”, неўзабаве перарасла ў моцную сварку паміж Віктарам М. і ягонай мачахай. Пры гэтым у руках мужчыны апынуўся нож, і ён не знайшоў нічога больш разумнага, як пусціць яго ў справу. Аднаго ўдару ў грудзі хапіла, каб жанчына, дастаўленая ў райбальніцу, памерла ў рэанімацыйным аддзяленні. Цяпер забойцу давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закона, прынамсі, паводле часткі 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Гвалтаўніцтва ў райцэнтры
Вядомая аксіёма — пад уздзеяннем моцных напояў чалавек не можа цалкам кантраляваць сябе, што і прыводзіць нярэдка да злачынстваў. Так, увечары двое п’яных мужчын згвалцілі ў Жабінцы жанчыну. Пры гэтым А. сарваў са сваёй ахвяры вопратку і ўтрымліваў яе за рукі, пакуль П., ударыўшы пацярпелую па твары, здзейсніў супраць яе волі палавы акт. У выніку гвалтаўнікі прыцягнуты да адказнасці паводле часткі 2 артыкула 166 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
“Прайшоўся” злодзей па рынку
Вынікі ягонага “рандэву” адчулі ў сярэдзіне верасня індывідуальныя прадпрымальнікі, што маюць гандлёвыя павільёны на вуліцы Леніна. Ва ўсіх выпадках невядомага цікавіла вопратка. Зламыснік не пашкодзіў замкі і пад покрывам ночы вынес тавары. У выніку шкода, прынесеная П. няпрошаным “візіцёрам”, ацэнена амаль у 15 мільёнаў рублёў, Я. пацярпела на 28,4 мільёны.
Біў нагамі і рукамі
Пра якую павагу да старэйшых можна весці размову ў дачыненні да жабінкаўца, які пабіў пажылага чалавека. Розніца паміж імі ва ўзросце — 40 гадоў. Пацярпелы нарадзіўся ў вайну, ягоны мучыцель — у мірны час. Адкуль жа вытокі такой жорсткасці? На гэтае і шмат іншых пытанняў адкажа суд.
Плот гуляць перашкаджаў?
Невядомая асоба (наколькі справядліва прымяняць гэтае слова да хулігана) пакінула свой брыдкі “след” на вуліцы Міру ў аграгарадку Ленінскі. Ахвярай ягоных штукарстваў стаў… плот. У выніку былі разбураныя чатыры жалезабетонныя панэлі агароджы, што належаць Ленінскаму сельвыканкаму.
Аляксей СТРУК, намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.