Камкор з Дзяменічаў

Камкор з Дзяменічаў

Германович

У гэтыя лістападаўскія дні нашаму земляку, слыннаму савецкаму военачальніку Маркіяну Германовічу споўнілася б 120 гадоў.
Нарадзіўся Маркіян Якаўлевіч 10 лістапада 1895 года ў вёсцы Дзяменічы, у беднай сялянскай сям’і.

Хлопчык рос кемлівым, добра вучыўся, але болей, чым скончыць пачатковую школу і чатырохкласнае вучылішча, ён не змог. Для яго, як і для многіх вясковых дзяцей, жыццё, здавалася, угатавала быць земляробам. Ды пачалася Першая сусветная вайна. Калі яна ўшчыльную падступіла да Дзяменічаў, прыскакалі казакі, якія палілі хаты і выганялі людзей у бежанцы.
Ніхто з блізкіх тады не здагадваўся, што Маркіян назаўсёды развітваецца з малой радзімай. Перапоўнены цягнік вёз бежанцаў у глыбіню Расіі. Сям’я Германовічаў знайшла прытулак у Саратаўскай губерні. Тут і адшукала дваццацігадовага юнака позва ў войска.
Маркіяна залічылі ў першы запасны батальён у Петраградзе, дзе праявіў кемлівасць і стараннасць да службы. Яго заўважылі і накіравалі ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў.
Першае баявое хрышчэнне малодшы афіцэр роты атрымаў на Паўночным фронце. Не раз ротнаму выпадала падымаць салдат, адбіваць атакі. Даслужыўся да штабс-капітана.
У сямнаццатым годзе адбыліся Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі. Кожны выбіраў, з кім ён. У красавіку 1918 года на прызыўным пункце ў Петраградзе добраахвотнік Маркіян Якаўлевіч папрасіў:
— Запішыце мяне радавым. Клянуся верна служыць народу і рэвалюцыі!
Яго прызначылі інструктарам у першы Жалезны полк абароны пралетарскай рэвалюцыі.
Усё тужэй сціскалася вогненнае кальцо франтоў вакол сталіцы маладой Савецкай дзяржавы. Германовіч папрасіўся на перадавую і быў назначаны камандзірам 15-га Юр’еўскага палка, які прымаў удзел у вызваленні ад белагвардзейцаў і інтэрвентаў Архангельска і Пскова. Расло баявое майстэрства маладога камандзіра, а з ім і аўтарытэт сярод салдат. Так, пад Псковам Маркіян Якаўлевіч кіраваў ужо дывізіяй. У 1919 годзе ягоныя смелыя аперацыі былі адзначаны першым ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
Асабліва праявіліся ваенныя здольнасці нараджэнца Жабінкаўшчыны на Паўднёвым фронце, пры выгнанні барона Урангеля. Дзёрзкім і неспадзяваным для “белых” аказаўся пераход арміі па гнілым дне Сіваша (правадніком быў мясцовы жыхар Пётр Гірскі).
Момант нечаканасці сыграў тут сваю ролю: штурмавыя атрады і перадавыя батальёны 154-й і 155-й брыгад, нягледзячы на шалёны агонь праціўніка, авалодалі паўвостравам, скінулі Урангеля, як кажуць, у Чорнае мора. За фарсіраванне Сіваша і ўмелае кіраванне войскамі Усерасійскі ЦВК узнагародзіў М.Я.Германовіча імянным залатым гадзіннікам, а затым і другім ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
Грамадзянская вайна закончылася. Ва Украіне, аднак, разгульвалі банды бацькі Махно, іншых атаманаў. На вынішчэнне іх былі кінуты вялікія сілы, у тым ліку і дывізія Германовіча.
У 20-30-ыя гады Маркіян Якаўлевіч знаходзіўся на камандных пасадах: камандзір і камісар трэцяй Крымскай дывізіі, камандзір 15-й Сівашскай дывізіі, слухач Вышэйшых ваенна-акадэмічных курсаў, камандзір 23-й Харкаўскай дывізіі, камандзір і камісар 5-га корпуса ў Беларусі, памочнік камандуючых Харкаўскай, Сярэднеазіяцкай, Беларускай, Маскоўскай і Ленінградскай ваеннымі акругамі, член Ваеннага Савета Наркамата абароны СССР. У снежні 1935 года яму было прысвоена званне камандзіра корпуса, што адпавядае сучаснаму генерал-лейтэнанту. Адзін толькі пералік пасад засведчыў, якую значную ролю адыграў Германовіч, яго вайсковыя веды ў нашай краіне.
30-ыя гады прынеслі подых новай вайны. У СССР ва ўсю разгарнуліся сталінскія рэпрэсіі, шукалі “ворагаў народа”. Разгарэлася не спрэчка, а сапраўдная “бітва” між “кавалерыстамі”, якімі лічыліся Будзённы і Варашылаў, з аднаго боку, і “танкістамі”, якім быў Тухачэўскі, — з другога. Германовіч падтрымліваў маршала Тухачэўскага, бо лічыў, што чакаецца “вайна матораў”. Ён быў ініцыятарам, а затым кіраўніком і камісарам Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
Перамаглі тыя, хто сцвярджаў, што ў будучай вайне найбольшыя цяжкасці лягуць на кавалерыю. Тухачэўскага як злачынцу расстралялі, узяліся за Германовіча. Следчы ў ягонай аўтабіяграфіі тлустай чырвонай лініяй падкрэсліў сказ: “У 1930 годзе меў шасцімесячную камандзіроўку ў Германію”. Гэтага было дастаткова, каб яго прызналі “агентам фашысцкай разведкі”.
Германовіча арыштавалі і 20 верасня жудаснага 1937 года ён загінуў. Аднак тым, хто знішчыў нявінаватага военачальніка, не ўдалося выкрасліць яго імя з гісторыі. Яго памятаюць. Славутаму камкору паэты прысвяцілі вершы. У “Апошнім маналогу Германовіча” Маркіян Якаўлевіч згадвае перад смерцю сваіх блізкіх, малую радзіму і жадае, каб яго памяталі:
Можа, Дзяменічы — родная вёска —
Хоць калі-небудзь згадаюць мяне?..
Вестка пра яго жыццё і смерць дайшла сюды вельмі позна, у канцы 50-х гадоў, калі ўжо быў рэабілітаваны. У Хмелеўскай сярэдняй школе вырашылі адкрыць мемарыяльны пакой, праводзіць Германовічавы чытанні. Матэрыялаў для гэтага было вельмі мала, і група педагогаў здзейсніла паездку па баявых мясцінах слаўнага военачальніка, пабывалі на Крымскім паўвостраве, на Перакопе, сустракаліся з людзьмі, якія асабіста ведалі Маркіяна Якаўлевіча.
Зараз цэнтральная вуліца ў Дзяменічах, на якой стаяў дом Германовічаў, носіць імя слаўнага земляка. Тут устаноўлены і помнік. Адной з новых вуліц у райцэнтры таксама прысвоена імя камкора. У пярэдадзень 120-х угодкаў была сустрэча з жыхарамі знакамітай вуліцы.
— У 2004 годзе, — успамінаў начальнік гандлёва-вытворчага ўчастка “Сузор’е” камбікормавага завода Віктар Якубук, — райкам БРСМ вырашыў увекавечыць вуліцы, якія носяць слаўныя імёны, устанавіўшы мемарыльныя дошкі. Звярнуліся і да мяне. Я адразу пагадзіўся.
— Калі нам выдзелілі ўчасткі на забудову, — выказаўся другі жыхар Віталь Даўгялюк, — мы не надта прыдавалі значэння, якая назва. А зараз разважаем інакш: гэта ж не якая-небудзь Лясная ці Палявая вуліцы, а носіць імя нашага слаўнага земляка. Каб жыла памяць пра яго!..
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: камкор Маркіян Германовіч.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*