Адзіны народ — непераможны

Адзіны народ — непераможны

Інаўгурацыя
Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў Палацы Незалежнасці 6 лістапада.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі». Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка прачытаў прысягу на беларускай мове.
Далей Аляксандр Лукашэнка падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў прысутнасці больш як адной тысячы запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці.
Затым беларускія ваеннаслужачыя на плошчы Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту. Ваеннаслужачыя ўрачыста пакляліся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцаў Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту, абараняць Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця. На заканчэнне цырымоніі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам прайшла рота ганаровай варты.

Прыярытэтам наступнай пяцігодкі будуць эканомія, якасць і павышэнне ўзроўню жыцця людзей

Эканоміку Беларусі ў наступны пяцігадовы перыяд трэба будзе ўзняць на больш высокі ўзровень.
«У спакойнай і бяспечнай краіне нам трэба будзе вырашыць маштабныя задачы ў эканоміцы. Трэба ўзняць яе на больш высокі ўзровень. Эканоміка наступнай пяцігодкі — якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую і інавацыйную мадэрнізацыю, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне аб безумоўным захаванні рабочых месц і выплаце дастойных зарплат застаецца ў сіле».
«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб Беларусь стала адным з самых прыцягальных месц для інвестыцый, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Абапіраючыся на супрацоўніцтва з дзелавымі коламі вядучых краін, кааперацыйныя сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы маем намер і далей нарошчваць свой экспарт. Пры гэтым актывізуем работу па пошуку новых рынкаў збыту».
Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе нададзена ўмацаванню інстытута сям’і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Акрамя таго, новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы, запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Не дзяліць тое, што стагоддзямі накоплена беларускім народам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не мае намеру займацца дзяльбой і разбазарваннем таго, што стагоддзямі накоплена беларускім народам.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней беларускі бок прапаноўваў купіць акцыі «Беларуськалія», які ацэньваецца $32 млрд. Прэзідэнт дадаў, што спецыялісты прызнаюць гэту цану. «У нас хто-небудзь купіў хоць адну акцыю за гэту цану? Не», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даў зразумець, што катэгарычна не згодны з такой прыватызацыяй прадпрыемстваў, пры якой заніжаецца іх цана.

Народ Беларусі на выбарах зноў прадэманстраваў свету высокую палітычную культуру

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з’яднанае грамадства, за мільёны землякоў — грамадзян свабоднай Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «шматлікія наглядальнікі, і нашы, і замежныя, маглі пераканацца ў тым, што ўся выбарная кампанія прайшла спакойна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам». Усім кандыдатам былі прадастаўлены шырокія магчымасці для агітацыі.
Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, усім тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога.

Стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый» правальная

«Праведзеныя выбары чарговы раз даказалі самым розным сілам, у тым ліку за межамі нашай краіны: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый» і «плошчаў» правальная! Гэтага ніколі не будзе!» — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі «па-ранейшаму ёсць жменька, сапраўды жменька, палітыкаў, якія хочуць распаліць агонь унутранай смуты».

Няхай пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе разам мы стварылі жыццяздольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца, пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб’ектаў інфраструктуры, мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, што, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, ужо ў бягучай пяцігодцы дасць эфект. У сціслыя тэрміны была вырашана праблема харчовай бяспекі. Больш таго, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур’ёзную крыніцу экспарту, дадаў ён.

Лукашэнка на пасадзе Прэзідэнта мае намер садзейнічаць росту ўзаемапаразумення на кантыненце

Беларусы як талерантная і адкрытая нацыя будуць усямерна садзейнічаць росту ўзаемапаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце.
Ён нагадаў, што Беларусь з’яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. «Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыі і інтэграцыйным працэсам яшчэ на Зямлі ніхто не прыдумаў, — падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. — Процістаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі. Прыклад таго — наша родная Украіна. Нехта там свае жыццёвыя інтарэсы бачыць, а церпіць нават ужо не народ Украіны, а тыя, хто не змог выехаць з таго ж Данбаса — старыя і дзеці».
«Мы, беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя будзем усямерна садзейнічаць росту ўзаемапаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям, і іншым краінам».

Лукашэнка заяўляе, што не здольны на здраду

«Я звычайны чалавек. І значыць, магу памыляцца. Але я заўсёды стаўлю перад сабой жалезную задачу — не дапусціць пры такой уладзе сістэмных памылак. І мы з вамі іх не дапусцілі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Былі розныя перыяды. Можа, мы недзе няправільна рабілі. Пройдзе час — гісторыя ацэніць, народ ацэніць».
Звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў, Прэзідэнт заявіў: «Я ніколі вам не здраджу. Лічу, што лепш няхай цябе заб’юць на полі бітвы, але ты не павінен адступіць, ты не павінен здрадзіць свайму народу, сваім ідэям, усяму таму, што ты абяцаў народу. Хачу з гэтай высокай трыбуны заявіць: гэтага не было тыя 20 гадоў, што я служу народу, нашай дзяржаве. І гэтага не будзе ніколі».

Беларусь — міралюбівая
і добразычлівая краіна без якіх-небудзь фантастычных амбіцый

«Наша жаданне адно, простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям, мы заўсёды былі дружныя з імі, мы ішлі з адкрытым сэрцам, з кавалкам хлеба, а не з каменем у руках. І будзе так у далейшым!»
Ён адзначыў, што сёння Беларусь — адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце. Хутка развіваючы транспартна-лагістычную інфраструктуру, рэспубліка стала незаменным транзітным калідорам. Праз тэрыторыю краіны цячэ вялікі паток тавараў, які будзе павялічвацца.
«Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расіяй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы», — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што імкліва развіваюцца адносіны Беларусі са стратэгічным партнёрам — Вялікім Кітаем. Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну і дэлегацыі, якую той накіраваў у Мінск на цырымонію інаўгурацыі.

Лукашэнка выступае супраць
неабдуманых і навязаных
структурных рэформ у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што «занадта шмат сёння гавораць і пішуць аб рэформах, аб структурных рэформах». Пры гэтым ніхто не гаворыць, што менавіта яны сабой уяўляюць, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў прыхільнікаў рэформ сумленна сказаць, што яны прадугледжваюць павышэнне пенсійнага ўзросту, увядзенне платнай медыцыны, адукацыі і гэтак далей.
Прэзідэнт упэўнены, што трэба задацца пытаннем, ці патрэбны краіне такія рэформы. Такія пераўтварэнні правялі ўжо ў суседніх Расіі, Украіне. Ён заклікаў вучыцца на чужых памылках і нагадаў аб поспехах, якія былі дасягнуты ў сацыяльнай сферы, у тым ліку ў ахове здароўя, адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы таксама выступіў супраць таго, каб увесці прыватную ўласнасць на зямлю і раздаць яе фермерам. Ён падкрэсліў, што гэты крок немэтазгодны, паколькі сельская гаспадарка (і аб гэтым сведчыць вопыт еўрапейскіх краін) мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.

Лукашэнка заяўляе, што гатовы служыць беларускаму народу да апошніх дзён

«Я строгі чалавек, я буду патрабаваць ад народа, ад сваіх падначаленых максімальна. Інакш у гэтым разладзе не вытрымаем — разарвуць на кавалкі, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. — Я разумею, што некаторыя людзі прагаласавалі за мяне авансам. Гэта зразумела, асабліва на прэзідэнцкіх выбарах. Можа, хтосьці сумняваецца, ці таго выбралі». Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: «Вы прагаласавалі правільна, і не таму, што я выключны, не таму, што я самы разумны і больш такіх няма, а таму, што мы сёння нікому нічога не павінны. Мы не адмывалі грошы ў перадвыбарную кампанію. Мы абышліся капейкамі, праводзячы выбары. Я нікому не даваў ніякіх абяцанняў — ні на Усходзе, ні на Захадзе, ні ў Амерыцы, ні ў Афрыцы. Мы прайшлі гэтыя выбары незалежна. Гэта самы вялікі здабытак, калі Прэзідэнт перамагае дзякуючы народу, калі яго народ выбірае, калі не маюць ролі грошы, калі мільярды не ўкідваюць у перадвыбарную кампанію, адмываючы і раскладаючы іх па кішэнях».

Лукашэнка прапануе Захаду перагарнуць старонкі мінулага і пачаць гісторыю адносін з чыстага ліста

Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам, калі яны гэтага хочуць.
«Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносін з чыстага ліста. Мы гатовы да гэтага і разлічваем на такую ж гатоўнасць нашых заходніх партнёраў», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што апошнім часам намеціліся добрыя перспектывы.
На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, адзінства і мэтанакіраванасць беларускага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, яснасць праводзімага кіраўніцтвам краіны курсу пабудзілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом.

Спробы ізаляваць Беларусь з’яўляюцца тупіковымі

«Мы заўсёды сцвярджалі: спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, — гэта тупіковы шлях. Ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе», — сказаў беларускі лідар.
«Лёгка стаць на шлях санкцый, але вельмі складана потым звярнуць з яго і вярнуцца да нармальнага жыцця. Таму не трэба заганяць сябе ў кут», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт заклікае не сутыкаць Беларусь з Усходам і Захадам

«Некаторыя, пачуўшы або ўбачыўшы, што мы вядзём перагаворы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі або Еўрасаюза, пачынаюць крычаць аж да Уладзівастока: Лукашэнка кудысьці разварочваецца! Як толькі ўбачылі нашы брацкія, цёплыя тэндэнцыі адносна нашай Расіі, нашай роднай Украіны, іншых постсавецкіх рэспублік — ужо на дыбкі становяцца на Захадзе», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі беларускаму боку намякаюць з Захаду, каб трымаліся далей ад Расіі, ён заўсёды сумленна і шчыра гаворыць, што Беларусь не можа быць далей ад Расіі, ад Украіны і Казахстана, таму што «мы выраслі з аднаго кораня». «Як гэта можна разарваць? Так, у нас ёсць уласны пункт гледжання, так, у нас ёсць уласныя інтарэсы, і мы не раз гэта дэманстравалі», — сказаў беларускі лідар.
«Але калі нас будуць на Усходзе падбіваць супраць Захаду, і нехта будзе радавацца санкцыям, якія Захад супраць нас уводзіць, не дачакаецеся! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем нармалізоўваць адносіны з Захадам, таму што яны таксама нашы суседзі. У нас ёсць там эканамічныя інтарэсы. У нас сёння 42 працэнты экспарту ў Расію, а больш як 50 працэнтаў — у Еўрасаюз. Дык як мы можам ад гэтага адмовіцца? І навошта ў гэты складаны і цяжкі час нас спрабаваць спіхнуць з гэтай дарогі, з гэтага шляху шматвектарнай знешняй палітыкі? Навошта? Калі тут застаўся адзіны, 800 кіламетраў па шырыні калідор, дзе і Усход, і Захад могуць спакойна перамяшчацца і супрацоўнічаць?»
«Гэта мой адказ тым, хто спрабуе з нас зрабіць ворагаў для Расіі і для Захаду», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адзіны народ — непераможны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларускі народ быць непарыўным цэлым і захоўваць згоду ў грамадстве.
«Яшчэ здаўна гаварылі: калі народ адзіны, ён непераможны. Увесь наш гістарычны шлях, вопыт абавязвае як зрэнку вока берагчы згоду ў грамадстве. Мы павінны быць непарыўным цэлым, тым маналітным арганізмам, які называецца «беларускі народ», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ўпартая праца, разважлівасць і мудрасць будуць садзейнічаць развіццю Беларусі.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер адкрываецца новая старонка ў гісторыі Беларусі. «Яна будзе вельмі змястоўнай, цікавай і неймаверна цяжкай. Каб паспяхова рухацца наперад, нам трэба будзе задзейнічаць усе свае рэзервы, праявіць вытрымку, самаадданасць, рашучасць, талент. Словам, паказаць свае лепшыя якасці — той унутраны духоўны стрыжань, дзякуючы якому наш народ выходзіў пераможцам з любых сітуацый, таму што верыў у свае сілы і збіраў іх у кулак», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка запэўнівае, што будзе абараняць інтарэсы краіны, яе канстытуцыйныя асновы
і тэрытарыяльную цэласнасць

Як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка вышэй за ўсё ставіць сабе за мэту надзейную абарону інтарэсаў краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Беларусь, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, ніколі нікому не пагражала і пагражаць не будзе: «наша ваенная мэта — абараніць свой кавалак зямлі, на якім спрадвеку жыла частка славянскага народа — беларусы — чыстая, прыгожая і адукаваная нацыя».
Людзі ў пагонах, паводле яго слоў, павінны абараняць сваю зямлю, сем’і, родных. «Мы жыццём сваім павінны абараніць нашу краіну, у якой будзе жыць мірная і паспяховая нацыя», — перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым у поўнай меры выконваць узятыя на сябе па міжнародных дагаворах і пагадненнях абавязацельствы па захаванні міру.
Ён звярнуў увагу, што сёння на плошчы Дзяржаўнага Сцяга ў адзіным страі стаяць прадстаўнікі ўсіх сілавых структур дзяржавы, здольныя забяспечыць мірныя ўмовы для стваральнай працы. «Пад вашай надзейнай абаронай, нашай абаронай, усе разам мы пераадолеем любыя цяжкасці і вырашым самыя маштабныя задачы на карысць нашага агульнага дома — Рэспублікі Беларусь!» — выказаў упэўненасць Прэзідэнт.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top