Гимн любви — маме

Гимн любви — маме

Гімн любові — маме
Як добра, што ёсць такое свята — Дзень маці, калі мы цёплыя, шчырыя словы адрасуем роднай, адзінай, непаўторнай, прыгожай у любым узросце, самай-самай любай — нашай матулі
— У гэты дзень мы ўшаноўваем вас, захавальніц дамашняга агменю, і выказваем пачуцці вялікай падзякі за мудрасць і любоў, дабрыню і працавітасць, клопат і адказнасць, утульнасць і спакой у сям’і, за вашу ганаровую і адказную місію — нараджэнне і выхаванне дзяцей, — гаварыў на ўрачыстай сустрэчы ў райвыканкаме, прысвечанай уручэнню ордэнаў Маці кіраўнік раёна М.В.Токар.
Хто яны сённяшнія гераіні? Багдана Багданаўна Місіюк з Жабінкі і Наталля Мікалаеўна Бялецкая са Старога Сяла. А Жанна Леанідаўна Андрасюк з Грыцэвічаў для ўручэння галоўнай мацярынскай узнагароды была запрошана ў гэты дзень на ўрачысты прыём у аблвыканкам.
Гэтыя жанчыны папоўнілі спіс жабінкаўскіх маці-ардэнаносцаў, якіх з 1996 года дагэтуль было 29. У кожнай свой лёс, свая жыццёвая дарога, а вось аб’ядноўвае іх бязмежная любоў да сваіх дзяцей, самаахвярнасць, мудрасць і цярпенне. Менавіта гэтыя чалавечыя якасці дазваляюць ім выхоўваць сыноў і дачок працавітымі, чулымі і мэтанакіраванымі людзьмі.
У Б.Б.Місіюк, медрэгістратара УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”, чатыры сыночка і дзве дочкі. “Мілая і мудрая жонка, клапатлівая мама, цудоўная гаспадыня, добрасумленная работніца”, — такімі словамі характарызуюць яе людзі, што жывуць і працуюць побач. А яшчэ яна вельмі сціплая, ніяк не можа прывыкнуць да павышанай увагі (журналісты мясцовай і абласной газет пісалі пра гэтую вялікую дружную сям’ю).
Пяцёра дзяўчынак выхоўвае Н.М.Бялецкая, аператар машыннага даення ПУАП “Азяты”. Цяпер яна ў адпачынку па догляду за маленькай Дашай. Мама вельмі ўважлівая да сваіх дзетак, паспявае ўсіх атуліць клопатам і пяшчотай, да таго ж майстрыха на ўсе рукі: і смачна гатуе, і шыць умее, і гаспадарку вядзе, і кветкі разводзіць. У хаце Наталлі Мікалаеўны заўжды ўтульнасць і парадак. Старэйшыя дзяўчаткі радуюць яе сваімі поспехамі: наведваюць розныя секцыі, гурткі, а грамат у іх за прылежную вучобу не злічыць.
М.В.Токар ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста павіншаваў віноўніц урачыстасці з Днём маці, з заслужанай узнагародай, а таксама ўсіх маці раёна з цудоўным светлым святам, пажадаў здароўя, энергіі і радасці на доўгія гады, упэўненасці ў заўтрашнім дні, сямейнага дабрабыту, міру і дабрыні.
Да віншаванняў далучылася старшыня Жабінкаўскага аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын”, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Н.У.Калыбская.
Прыемныя хвіліны ўручэння ордэна Маці, цёплыя словы, кветкі, падарункі і шчаслівыя вочы дзетак Б.Б.Місіюк і Н.М.Бялецкай, якія прысутнічалі ў зале і разам са сваімі дарагімі матулямі раздзялілі гонар за іх і за сваю сям’ю, свой род.
Б.Б.Місіюк падзякавала за ўвагу, клопат пра шматдзетныя сем’і як з боку дзяржавы, так і кіраўніцтва раёна. Сапраўды, праводзімая ў рэспубліцы сацыяльная палітыка садзейнічае таму, каб жанчына змагла выканаць сваю галоўную місію — нарадзіць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Дзяржаўныя дапамогі пастаянна павялічваюцца, асобным сем’ям з дзецьмі аказваецца адрасная сацыяльная дапамога (у раёне яе атрымалі 125 сямей на агульную суму 128,6 млн.руб.), выдзяляецца бясплатнае харчаванне для малых першых двух гадоў жыцця (для 214 сям’яў, на што патрачана 286 млн.руб.). Выраслі фінансавыя падтрымкі шматдзетным і маладым сем’ям у пагашэнні запазычанасці крэдытаў, выдадзеных на будаўніцтва і набыццё жылля (14 шматдзетных сем’яў жабінкаўцаў атрымалі аднаразовыя бязвыплатныя субсідыі на суму 93,3 млн.руб.).
… Прыгожым дапаўненнем да арганізаванага свята была песня. Свае музычныя нумары падарылі мамам-ардэнаносцам і ўсім, што прысутнічаў у зале, Ірына Рынчук і Данііл Казлоў.
С.МІКАЛАЕВА.
На здымках: старшыня райвыканкама М.В.Токар уручае ордэн Маці Н.М.Бялецкай, фота на памяць: пасля ўшанавання Б.Б.Місіюк і Н.М.Бялецкая разам са сваімі дзеткамі.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top