Выхаваць будучага сем’яніна

Выхаваць будучага сем’яніна

igra-v-kukly-Большасць бацькоў на першае месца ставяць выхаванне ў дзяцей сямейных каштоўнасцяў. Сапраўды, хто ж не хоча, каб яго сын ці дачка вырас добрым, шчырым і чулым чалавекам? Дык як трэба паступаць, каб дасягнуць пазітыўнага выніку? Сямейныя традыцыі ў асноўным не толькі знаёмяць з тым, што можна рабіць, а й чаго нельга, з набыткамі сваіх пакаленняў.

Ёсць людзі, якія наогул не ведаюць, што такое сямейныя каштоўнасці. Яны праблемныя ў зносінах, іх у большасці выпадкаў не лічаць паўнацэннымі членамі грамадства.
Прывіваць сямейныя каштоўнасці павінны, вядома, бацькі. Як гэта зрабіць? Найперш, трэба разабрацца, якія з іх вы б хацелі перадаць свайму дзіцяці. Для гэтага трэба пачаць з сябе, пастарацца шчыра адказаць на такія пытанні: “Які прыклад я падаю свайму дзіцяці?”, “Якую ролю адыгрываю ў жыцці дзяцей?”, “Ці трэба тлумачыць малому, што такое сямейныя каштоўнасці?”.
Вялікую ролю ў выхаванні маюць паводзіны саміх бацькоў. У большасці выпадкаў многія з іх навязваюць менавіта той макет паводзін, якога прытрымліваюцца самі, нават не задумваюцца над гэтым. Усе жадаюць, каб іх дзіця было лепшым чалавекам, чым яны самі. Аднак нашчадкі падражаюць сваім бацькам і хочуць быць падобнымі на іх. Задумайцеся над гэтым. Менавіта таму трэба падаваць і паказваць выключна ідэальны прыклад для пераймання. У іншых выпадках любыя вашы словы “нельга” будуць бескарыснымі. Нішто так не растлумачыць дзецям выраз сямейныя каштоўнасці, як бездакорныя паводзіны бацькоў. Ашукаць немагчыма, яны як ніхто іншы адчуваюць гэта і “акцёрскую гульню” сваіх бацькоў. З гэтага трэба зрабіць вывад, што абманваць і прыкідвацца, канечне, не мае сэнсу. Каб вашы сыны і дочкі прытрымліваліся такіх жыццёва важных каштоўнасцяў, як павага, любоў, дабрыня, вернасць, вам проста неабходна любіць сваю сям’ю, клапаціцца пра яе, не саромецца паказваць ім свае пачуцці. Жорсткія адносіны з малымі вельмі часта выклікаюць у іх не раскаянне, а зусім іншыя рэакцыі: страх, жаданне абмануць ці адпомсціць. А самае страшнае, што жорсткія метады бацькоўскага выхавання могуць узнавіцца дзецьмі-бацькамі ў сваіх сем’ях.
Не забывайце ўдзельнічаць у жыцці сваёй сям’і. Прысутнасць тлумачыцца не пакупкамі і падарункамі, а ў простых і звычайных сямейных справах. Гэта могуць быць штодзённыя шчырыя размовы на кухні і абмеркаванне таго, як прайшоў дзень. Галоўнае, каб кожны мог свабодна пра нешта расказаць і выслухаць іншых.
У сённяшнім свеце складана супрацьстаяць агрэсіі, барацьбе, зайздрасці і іншым негатыўным формам паводзін. Таму трэба сачыць за тым, што глядзяць вашы дзеці і колькі па тэлевізары, у камп’ютары. Найлепш самому падбіраць фільмы і мультфільмы, якія навучаюць іх быць добрымі людзьмі. Праглядаць іх пажадана ўсёй сям’ёй.
Галоўнай задачай для дзіцяці з’яўляецца засваенне мужчынскіх і жаночых паводзін праз назіранне, гульні і разнастайную дзейнасць. Яны спрабуюць стаць мужчынамі і жанчынамі, праўда, пакуль у гульнёвай форме. Але гэта вельмі важная трэніроўка перад будучай сапраўднай дзейнасцю.
Хлопчык павінен на гэтым этапе засвоіць наступныя рысы сапраўднага мужчыны: абаронца, воін, герой, будаўнік, умелец, гаспадар, кармілец і памочнік. Мужчына ж павінен быць працавітым, карміць сям’ю. Гаспадарскія адносіны да дома дзіця пераймае праз сумесную працу з бацькам, які павінен часцей браць сына з сабою і працаваць разам з ім.
Дзяўчынкі на гэтым этапе павінны засвойваць жаночы лад паводзін, які праяўляецца ў наступных рысах: казачная прынцэса. У будучым ёй давядзецца стаць для некага незвычайнай казачнай дзяўчынай. Гэты вобраз асабліва важны цяпер, таму што ў адносінах паміж хлопцамі і дзяўчатамі ў падлеткавым узросце ўсё менш рамантыкі. Але толькі рамантыка можа выратаваць у гэтым узросце ад спакушэння фізіялагічнага даспявання, якое яны перажываюць. Працаўніца, умелая гаспадыня, мама — кожная дзяўчынка павінна рыхтавацца стаць ёю, а значыць, гуляць у “дочкі-маці”.
Выхоўваючы ў дзіцяці такія рысы як цярпенне, тактоўнасць, недапушчальнасць злых насмешак, яго трэба вучыць, каб сам умеў будаваць адносіны з людзьмі, якія жывуць разам. Выхаваныя такім чынам дзеці намнога будуць лягчэй пераносіць сямейныя цяжкасці.
Уменне жыць шчасліва ў сям’і — гэта рэдкая якасць. Але яе можна і трэба выхоўваць у дзецях. Поспехаў!
Вольга КАСКО, псіхолаг ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top