Untitled-13Семінар-нарада
адбылася ў Бярозе

3 лістапада на базе Бярозаўскага раёна пад кіраўніцтвам начальніка абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Аляксандра Каляды адбылася нарада кіраўнікоў адпаведных устаноў Брэстчыны. На пасяджэнні разгледжаны стан плацяжоў у бюджэт Фонду. Асобна звярталася ўвага на тое, што ў некаторых раёнах вобласці за 9 месяцаў бягучага года назіраўся рост пратэрмінаванай запазычанасці, што негатыўна ўплывае на стан пенсійнай сістэмы. У гэтым плане Жабінкаўшчына адзначана са станоўчага боку. Яе суб’екты гаспадарання ў большасці сваёй вытрымліваюць тэрміны плацяжоў у Фонд. Паводле слоў начальніка раённага аддзела ФСАН Вадзіма Калюха, у тым немалая заслуга кіраўніцтва раёна, устаноў і прадпрыемстваў. Удзельнікі семінара таксама наведалі Бярозаўскі сыраробны камбінат, дзе пазнаёміліся з умовамі працы калектыву і вырабамі бярозаўскіх сыравараў.

145 гадоў Азяцкаму храму

31 кастрычніка жыхары аграгарадка Азяты і навакольных вёсак святкавалі 145-ую гадавіну з часу асвячэння сваёй Свята-Мікалаеўскай царквы (заснавана ў 1870 г. клопатамі тагачаснага настаяцеля айца Адама Лехачэўскага і прыхаджан Азяцкай воласці). Ва ўрачыстай службе, малебне, хрэсным ходзе бралі ўдзел свяшчэннікі цэркваў Жабінкаўскай акругі. Дабрачынны айцец Сергій Петрусевіч у гонар свята падараваў храму абраз Гаўрыіла Беластоцкага — шасцігадовага хлопчыка, які пакутаваў за праваслаўную веру напрыканцы XVII стагоддзя.
Святкаванні з нагоды юбілею Азяцкага храма будуць працягвацца да канца года, іх завяршэнне плануецца 19 снежня царкоўнымі мерапрыемствамі, якія ўзначаліць епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.

Сустрэча з пісьменнікам

У лістападзе дзіцячая бібліятэка распачала месячнік па папулярызацыі нацыянальнай беларускай літаратуры сустрэчай з пісьменнікам Расціславам Бензеруком. Для вучняў 4-х класаў першай школы бібліятэкары Вольга Гурыш, Таццяна Прадзялюк і Таццяна Раманава чыталі вершы, прысвечаныя роднай зямлі, загадвалі загадкі, правялі гульню “Чароўны куфэрак”.
Госць сустрэчы Расціслаў Мацвеевіч распавёў пра свой творчы шлях, першыя крокі ў літаратуры, прачытаў некаторыя свае вершы і апавяданні.
Нягледзячы на юны ўзрост, чытачы праявілі цікаўнасць да пісьменніка і засыпалі яго пытаннямі. Атрымаўся цікавы дыялог.
Увазе дзяцей была таксама прапанавана выстава твораў пісьменніка, надрукаваных у кнігах і часопісах.

Сяргей не падвёў

У горадзе Іванава, што ў Расійскай Федэрацыі, адбыўся Міжнародны турнір памяці заслужанага трэнера СССР В.Кудраўцава ў боксе. За званне лепшага змагаліся юныя баксёры з Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Беларусі. Спартсмен з Жабінкі Сяргей Дзятлаў у складзе зборнай нашай краіны заняў ганаровае другое месца. Дарэчы, юнак рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы, які адбудзецца напрыканцы лістапада ў Польшчы.
А Кірыл Мартынюк і Уладзіслаў Макасюк у мінулыя выхадныя ўдзельнічалі ў спартакіядзе ДЮСШАР Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў. Вярнуліся баксёры з Баранавічаў з занятымі другім і пятым месцамі.

Бралі карэльскія парогі

Каб прадукцыйна працаваць — трэба, вядома, умела і з карысцю адпачываць. На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” стараюцца такой ісціны прытрымлівацца. Маршруты іх падарожжаў, экскурсій пралягаюць не толькі па Беларусі, але й далёка за яе межы.
Апошняе падарожжа было ў далёкую Карэлію. Шасцёра завадчан разам з двума інструктарамі з Берасця Ігарам Драневічам і Сяргеем Махоценкам на дзевяць дзён накіраваліся ў цікавую вандроўку. Большасць з іх знаходзіліся ў гэты час у чарговым адпачынку, некаму давялося браць дні за свой кошт. Калі спартыўны інвентар (байдаркі, якія даўно закуплены прадпрыемствам) былі ўкладзены ў мікрааўтобус, падарожнікі расселіся. Мікрааўтобус накіраваўся ў дарогу — у 1400 кіламетраў.
З гарадка Кем, што знаходзіцца сярод незвычайнай прыгажосці, пачалося плаванне жабінкаўскіх падарожнікаў. Пяць дзён яны захапляліся незвычайнай прыродай, белымі начамі, бесперашкодна праходілі водныя парогі. 125 кіламетраў было пройдзена, з якіх 25 — па Белым моры. І надвор’е, і навізна, і экстрым дадавалі ім настрою. Уражанняў і захапленняў хопіць падарожнікам на доўга. Усе яны вельмі ўдзячныя дырэктару ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васілю Канстанцінавічу Волку за падтрымку ідэі, паразуменне і частковае фінансаванне незабыўнага падарожжа.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top