Вырастаюць сыны — і на пункт прызыўны!

Вырастаюць сыны — і на пункт прызыўны!

IMG_6571 IMG_6667 IMG_6680 IMG_65822

Хлопчыкаў з маленства вучаць вынослівасці, смеласці. “Сорамна плакаць, ты ж будучы салдат, абаронца Радзімы”, — кажуць дарослыя. І кожны юнак ведае, што па дасягненні 18-гадовага ўзросту ён пойдзе служыць, выконваць свой грамадзянскі абавязак.
4 лістапада на парозе “школы мужнасці” апынуліся 35 маладых жабінкаўцаў: у гарадскім Доме культуры ім уручылі позвы як сімвал пачатку воінскай службы і ўрачыста праводзілі ў шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Заўтрашніх салдат чакае служба ў сухапутных, унутраных, пагранічных войсках, у сілах спецыяльных аперацый і войсках супрацьпаветранай абароны.
Традыцыйна мерапрыемства пачалося ля помніка загінулым воінам-інтэрнацыяналістам, да якога прызыўнікі ўсклалі кветкі. Старшыня раённага аб’яднання ГА “БРСМ” Вольга Плавух нагадала будучым абаронцам Радзімы пра подзвігі Валерыя Мігеля, Мікалая Мароза і Васіля Дудара, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку ў Афганістане, пажадала, каб юнакам-прызыўнікам ніколі не прыйшлося ваяваць.
Затым удзельнікі ўрачыстасці перамясціліся ў гарадскі Дом культуры. Пакуль юнакі распраналіся і займалі месцы ў зале, назірала за імі. У кагосьці на твары ўсмешка, па іншых бачна, што хвалююцца. Падыходжу, каб пазнаёміцца. Прызыўнік Сяргей Балтрамяюк — малады спецыяліст, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Ленінскай сярэдняй школы, будзе праходзіць службу ў рэзерве. Сяргей Дулевіч вучыўся ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, пасля заканчэння прыйшоў на працу ў ААТ “Жабінкаўскі” інжынерам-механікам. Служыць будзе ў пагранічных войсках, як і некалі яго бацька. Сяргей Мацук — трактарыст СВК “Маціевічы” — не першы ў сям’і з сыноў ідзе ў армію: старэйшы брат Юрый служыў ва ўнутраных войсках, а Сяргея чакаюць у пагранічных.
Трэба ж, усе тры прызыўнікі — Сяргеі, толькі падумала я, як наступны малады чалавек назваўся Мікалаем. Выпускнік Калінінградскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалай Буневіч вярнуўся ў родную Беларусь, каб выканаць свой воінскі абавязак перад Радзімай. У 2010 годзе юнак скончыў Ленінскую адзінаццацігодку, а ў 2015-м — пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплома — уладкаваўся інжынерам-механікам на Кобрынскі мясакамбінат. Як кажуць, і паўгода не прайшло, а наперадзе — служба.
…І вось гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Намеснік ваеннага камісара Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў маёр Яўген Бінецкі зачытвае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве грамадзян на тэрміновую воінскую службу.
З віншаваннямі і пажаданнямі да маладых людзей звяртаецца намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Шалтанюк. Ён падкрэслівае, што дзяржава не можа быць моцнай, калі ў яе няма моцнай арміі. Прэзідэнтам і ўрадам Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца Узброеным Сілам, якія адыгрываюць немалаважную ролю ў падтрыманні міру і стабільнасці ў нашай краіне. Аўтарытэт беларускай арміі ўзрос, а служба ў ёй стала прэстыжнай і ганаровай, адзначае Анатоль Вітальевіч. У шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь служаць сёння больш за 150 юнакоў з Жабінкаўшчыны і далучаюцца яшчэ 35.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ніна Куракевіч падкрэсліла, што маладыя жабінкаўцы знаходзяцца на парозе дарослага жыцця ў год 70-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, нагадала пра подзвігі дзядоў і прадзедаў нашых.
— Наперадзе вас чакаюць не толькі новыя веды і ўменні, але і цяжкія выпрабаванні, — падкрэсліла Ніна Віктараўна. — Звыклы камфорт зменяць армейскія будні. Штодзённа вы будзеце здаваць іспыты на смеласць і стойкасць, цярпенне і вернасць. А сябры, якіх знойдзеце пад час службы, пройдуць з вамі праз усё жыццё, таму што армейскае сяброўства наймацнейшае.
Пра службу як ганаровы абавязак і пра салдацкае брацтва распавёў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні раённага аддзела ўнутраных спраў Алег Смаршчок.
У зале прысутнічалі родныя і блізкія юнакоў-прызыўнікоў, якія хвалююцца заўсёды больш, чым самі віноўнікі ўрачыстасці. Ад імя бацькоў словы на армейскую дарогу сказала Ірына Дулевіч. Яна прыйшла правесці сына Сяргея.
— Служба — нялёгкая справа, — з хваляваннем гаварыла Ірына Паўлаўна. — Гэта “школа жыцця, мужнасці, стойкасці”. Упэўнена, што вы будзеце сумленнымі, смелымі і дысцыплінаванымі салдатамі. Вяртайцеся дадому здаровымі, узмужнелымі, а мы — матулі, бабулі, жонкі, нявесты і ўсе родныя — бу-дзем вас чакаць.
Сугучнымі мацярынскім словам сталі і вершаваныя радкі, зачытаныя вядучай Алесяй Жукавай.
Мы не подвигов ждем
На тропе боевой —
Возвращайся в свой дом
Невредимый, живой.
Сроки службы пройдут —
Вместе будем опять.
Вы из тех, кого ждут,
Вас ведь есть кому ждать.
На памяць аб урачыстасці будучым абаронцам Айчыны ўручылі падарункі ад райвыканкама. Музычныя ж віншаванні для іх прагучалі ў выкананні Алесі Жукавай, Валерыя Няменьшага, Аксаны Пракошынай, Наталлі Лосевай, юнага саліста Дзмітрыя Шымбарэвіча і народнага хору “Скарбніца”. Артысты таксама пажадалі юнакам годнай службы.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: прызыўнікі на парозе дарослага жыцця.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top