Дамушнік заўсёды рыхтуецца

Дамушнік заўсёды рыхтуецца

21

Больш паловы ўсіх зарэгістраваных злачынстваў — крадзяжы чужой маёмасці. Асаблівае хваляванне ў грамадства выклікаюць кватэрныя крадзяжы. Злодзеі чужой маёмасці пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі і спосабы пранікнення ў кватэры: выкарыстоўваюць сучасную тэхніку, радыё- і мабільную сувязь, набываюць і вырабляюць інструменты, спецыяльна прыстасаваныя для адкрыцця дзвярэй і запорных устройстваў. Залазяць у кватэры рознымі спосабамі: узломваюць дзверы, уздзейнічаюць на акно; праз фортку і балкон; шляхам падбору ключа і г.д.
Сёлета на тэрыторыі раёна адбылося 20 кватэрных крадзяжоў. Больш паловы злодзеяў неаднойчы былі судзімыя менавіта за аналагічнае злачынства. Злавіць таго, хто залез у кватэру, вельмі складана. Сабраць доказы, каб пакараць злачынцу, таксама вельмі цяжка. Таму раскрывальнасць у параўнанні з іншымі відамі злачынстваў вельмі нізкая. Нездарма ў крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь такое злачынства трактуецца як “тайны крадзёж маёмасці, пры якім няма ніякіх сведак”.
Большасць крадзяжоў адбываецца праз віну саміх пацярпелых. Неабачліва пакідаючы адкрытымі ўваходныя дзверы і знаходзячыся пры гэтым дома, гаспадары даюць магчымасць зламыснікам бесперашкодна ўвайсці ў жытло і здзейсніць крадзёж. Дзверы заўсёды павінны быць замкнёнымі. Ніколі не адчыняйце іх, не пераканаўшыся, хто знаходзіцца за імі.
Сёлета 1 ліпеня С.Паляшчук, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, свабодна залез у жытло дома №6 па вуліцы 1 мая ў Жабінцы. З веранды наўмысна ўкраў мабільны тэлефон “Самсунг”, коштам 1 мільён рублёў, пачак цыгарэт і запальнічку. Тым самым нанёс Л.Абухавай матэрыяльны ўрон на агульную суму 1014150 рублёў. Пад час судовага паседжання злачынца прызнаў сваю віну.
У сувязі з тым, што вінаваты быў ужо судзімы за наўмысныя злачынствы і зноў здзейсніў аналагічнае, у яго дзеяннях ёсць рэцыдыў злачынстваў паводле ч. 1 арт. 43 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Палешчуку Сяргею Мікалаевічу судом было назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 1 год 6 месяцаў з адбываннем яго ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Механізм здзяйснення крадзяжу не такі ўжо просты, як здаецца на першы погляд. Дамушнік сур’ёзна рыхтуецца, перш чым пайсці на справу. Ён падбірае кватэру, у якой ёсць каштоўнасці. Прыкметамі падрыхтоўкі да крадзяжу з’яўляюцца рэгулярнае празвоньванне кватэры; частыя тэлефонныя званкі: “прабачце, не туды трапіў”. Гэта павінна вас насцярожыць. Прыкметай крадзяжу з’яўляюцца адсутнасць асвятлення ў пад’ездзе, якое да апошняга часу працавала; царапіны, умяціны на дзвярах, замку сведчаць пра тое, што да іх спрабавалі падабраць ключы.
Як папярэдзіць кватэрны крадзёж? Не трэба дэманстраваць, што вы жывяце ў дастатку, не расказваць пра вашы даходы і пакупкі нават блізкім, знаёмым, якія, таго не падазраючы, могуць стаць наводчыкамі для злодзея. Дзеці ў школе таксама не павінны расказваць пра гэта. Трэба быць назіральнымі, падазрона адносіцца да незнаёмцаў, якіх вы можаце сустрэць каля дома, пад’езда ці на лесвічнай пляцоўцы. Старайцеся запамінаць іх прыкметы, цікаўцеся да каго з вашых суседзяў яны прыйшлі. Устанавіце сяброўскія адносіны з суседзямі і папрасіце іх быць назіральнымі.
Дзе злодзеі часцей за ўсё шукаюць каштоўнасці?
У пасцельнай бялізне, у кішэнях паліто і касцюмах, у бачку ўнітаза, у крупах і муцэ, у кнігах, пад матрацамі, у шуфлядах стала, у маразільніку, за люстрамі і ў вентыляцыйных адтулінах, у бытавой тэхніцы.
Прыміце меры асцярожнасці. Для гэтага пастаўце надзейныя дзверы, замкі і сігналізацыйныя сістэмы. Заўсёды, калі выходзіце з кватэры нават на кароткі час, зачыняйце дзверы на ключ.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top