Калі сцежка была шырокім гасцінцам…

Калі сцежка была шырокім гасцінцам…

IMG_4135

Гісторыя Жабінкі пакуль не напісана, хоць цікавіць многіх. Для яе стварэння неацэнныя не толькі архіўныя дакументы, але і ўспаміны старажылаў. Сваімі расказамі яны дапаўняюць і ў нечым ажыўляюць “малюнкі” старажытнасці.

У шматплынным жыцці нярэдка так бывае: нешта вялікае з часам мялее, іншае — было непрыкметнае, дробнае, а сёння ўжо ўзнеслася вышэй за дрэвы… Гэтая думка не аднойчы прыходзіла ў галаву, як слухаў расповеды Раісы Міхайлаўны Маргевіч. Аднойчы яна правяла экскурсію для краязнаўцаў па родным горадзе.
Вандроўка пачалася ад будынка раённай бібліятэкі. Пачатак гэты быў абраны зусім невыпадкова. Гадоў 70-80 таму паблізу была мяжа будучага горада, а сённяшняя вуліца Паркавая складала частку вялікага Гостыньца (як казалі тутэйшыя), што цягнуўся ад царквы ў Чаравачыцах Кобрынскага раёна да нашай Свята-Пакроўскай і нават далей — да Сакаў, дзе таксама месціўся праваслаўны храм.
— Пазней даведалася, — расказвала Раіса Міхайлаўна, — назва шырокай дарогі ўзялася ад слова “госць”, якім са старадаўніх часоў звалі гандляроў-купцоў, што наведвалі наш край.
А на месцы сённяшняй бібліятэкі было нізкае поле, названае Далінай, якое штовесну затаплялася ў паводку. Увогуле, даваенная Жабінка складалася ўсяго з некалькіх вуліц: Касцюшкі, Траўгута, Пілсудскага, Кобрынскай. Ад іх, тагачасных, пры сённяшняй забудове засталіся толькі кавалкі.
— Нярэдка мяне пытаюцца, — працягвала Раіса Маргевіч, — ці не пабудавана танцпляцоўка на старых яўрэйскіх могілках? Адказваю заўжды адмоўна, бо добра памятаю: іўдзейскія дамавіны цягнуліся вузкай палоскай паміж сённяшнімі будынкамі пошты і ГДК (калі яны будаваліся працаўнікі нават зачапілі пахаванні).
Непадалёку цяпер раскінулася любімае месца адпачынку гараджан — гарадскі парк. Аднак, заўважыла Раіса Міхайлаўна, ён узнік значна пазней, у 1956 годзе, дрэвы і кустоўе насаджвалі пад кіраўніцтвам тагачаснага старшыні райвыканкама Мікалая Няразіка.
Затым падарожных чакала найстарэйшая гарадская вуліца Леніна (раней — Касцюшкі). Некалі яна заканчвалася домам Мікіты Грыцука, жылі таксама польскія сем’і Крулёвых, Бульскіх, паліцыянт Валошын ды іншыя. А вось каменны дом на рагу вуліц Леніна і Свабоды — пасляваенны. У ім некалі адчынілі цэх жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе выраблялі фуфайкі. Цэнтр мястэчка вельмі пацярпеў у пачатку Другой сусветнай вайны, згарэла, напрыклад, яўрэйская школа (паблізу сённяшняй трэцяй гарадской), якую мясцовы люд між сабой называў чамусьці “бажніцай”.
Раіса Міхайлаўна паказала і месца (на ім цяпер — драўляная хата, побач з аддзелам адукацыі, спорту і турызму), дзе да чэрвеня сорак першага стаяла сінагога. І зараз нібыта перад вачамі стаіць другі дзень вайны, калі нямецкі танк ушчэнт знішчыў малельню.
Тэма жудасных выпрабаванняў, якія ляглі на плечы жабінкаўцаў у дні ліхалецця, працягвалася і далей: на вуліцы Міру, ля помнікаў ахвяраў фашызму, дзе ляжаць астанкі людзей розных нацыянальнасцяў — яўрэяў, беларусаў, рускіх, палякаў… І на вуліцы Кірава (колішняй Пілсудскага). Спыніліся насупраць будынка раённага выканаўчага камітэта.
— Тут у вайну была плошча, — прыгадала Раіса Міхайлаўна. — Бачыце, на будынку райвыканкама шыльда з імёнамі Вакульчанкі, Кулава, Кудзіева і Пеліна. Гэта партызаны-чарнакоўцы, забітыя ў сорак трэцім на Шчэглікаўскім мосце, калі ішлі ў разведку. Каб запалохаць мясцовых жыхароў, целы іх павесілі на плошчы. Уявіце, які жах адчувала я, тады яшчэ малая дзяўчынка, калі наступным ранкам давялося несці здаваць малако паўз закатаваных партызан, чытаць надпіс, прымацаваны на целы: “Гэтак будзе з кожным, хто не падпарадкуецца нямецкай уладзе”… Затым забітых загадалі прыдаць зямлі. І толькі пазней па капсулах узнавіліся іх імёны, увекавечаныя зараз на брацкай магіле. Пра тое паклапаціліся многія, у тым ліку дырэктар школы-інтэрната Пётр Іванцоў. Траурны мітынг адбываўся на 20-ыя ўгодкі Перамогі, 9 мая 1965 года. Запрашалі родных-блізкіх герояў, адгукнулася толькі маці Пеліна, прыехала з Масквы.
У час падарожжа па родным горадзе ўдзельнікі даведаліся, дзе пасля вайны знаходзіліся адзіны на ўсё мястэчка хлебны магазінчык (домік на вуліцы Піянерская захаваўся дасюль), а таксама будынкі арганізаваных у савецкія часы інфекцыйнага аддзялення і самай першай райбальніцы (яны захаваліся да нашых дзён). З расказа цікавай суразмоўцы стала вядома, дзе стаялі ранейшая аптэка Сычука і вятрак, згарэлыя ў ліхалецце, і першы пасляваенны раддом (цяпер на ягоным месцы жылы шматкватэрны дом, які тутэйшыя называюць “Тытанікам”). Але вядома, найбольш зацікавіў бібліятэкараў дом на вуліцы Кірава, дзе размяшчалася першая публічная бібліятэка ў Жабінцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: удзельнікі краязнаўчай экскурсіі перад будынкам райбібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top