Аб працоўным заканадаўстве — кампетэнтна

Аб працоўным заканадаўстве — кампетэнтна

IMG_6521

29 кастрычніка на базе СШ №3 г.Жабінка праведзена пасяджэнне-семінар раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў адукацыі па тэме “Работа ўстаноў адукацыі па захаванні працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь”. На ім прысутнічалі і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, а таксама госці з Брэста.
Адкрываючы пасяджэнне, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко адзначыла важнасць ведання і прымянення на практыцы нарматыўна-прававой дакументацыі Рэспублікі Беларусь для кожнага кіраўніка.IMG_6503
Галоўны прававы інспектар Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Пятручык нагадаў прысутным аб парадку прыёму работнікаў на працу, тых дакументах, якія павінны прадастаўляцца наймальніку. Спыніўся Анатоль Міхайлавіч і на абавязковых умовах працоўнага дагавора, формах кантракта, тэрмінах адпачынку, матэрыяльнай адказнасці работнікаў, іншых пытаннях.
Старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віктар Харытановіч прывёў прыклады парушэнняў працоўнага заканадаўства ва ўстановах адукацыі. Віктар Андрэевіч спыніўся таксама на пытаннях уліку працоўнага часу, рабоце па сумяшчальніцтве, эканоміі і прэміраванні работнікаў і іншых.
Начальнік Брэсцкага вучэбна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра прафсаюзаў Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Галіна Снітко пазнаёміла з асноўнымі задачамі і напрамкамі работы цэнтра, узаемадзеяннем з Брэсцкім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў.
Старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Аляксандр Гаўрыловіч правёў з прысутнымі шэраг псіхалагічных тэстаў, накіраваных на вызначэнне ўзроўню камунікатыўнасці, выяўленне стэрэатыпнасці, якая перашкаджае зносінам, ускладняе іх.
Вынікі работы семінара падвяла кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна, дырэктар СШ №2 г.Жабінка Ірына Кашчэва. Яна выказала словы падзякі гасцям з вобласці за слушныя парады і падказкі ў рабоце, кампетэнтныя адказы, што тычыліся пытанняў працоўнага заканадаўства.
Алеся ДАБРАВЕСТ.
На здымках: у час правядзення семінара ў трэцяй гарадской школе.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top