“Віяланчэль мяне зачаравала…”

“Віяланчэль мяне зачаравала…”

IMG_6557

Кожны ўрач памятае свой першы прыём, кожны педагог — праведзены ўпершыню ўрок. Хвалюючыя і незабыўныя яны — першыя крокі ў прафесіі. Сёлета ў ліку іншых маладых спецыялістаў іх робіць і настаўнік па класе віяланчэлі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Луіза Шульган. Пачынаючы педагог адказала на некалькі пытанняў карэспандэнта раёнкі.

— Луіза, напэўна, я не буду арыгінальнай, калі спытаюся, адкуль у вас такое незвычайнае, небеларускае імя?
— Сапраўды, многія гэтым цікавяцца. Мая матуля Валянціна Іванаўна вельмі любіла чытаць мастацкую літаратуру. У адным з твораў галоўную гераіню звалі Луізай. Маме спадабалася гэтае імя. Калі я нарадзілася, яна сказала: “Усміхнецца дачушка, назавём Луізай, заплача — будзе Інэсай”. І я ласкава пасміхнулася самаму блізкаму і дарагому мне чалавеку.
— Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма, пісаў Кузьма Чорны. Раскажыце пра вашы школьныя гады і родныя мясціны.
— Нарадзілася я ў Брэсце 20 гадоў таму. Дарэчы, у шматдзетнай сям’і, дзе я восьмая па ліку. Вучылася ў СШ №32. Яна размяшчаецца ў раёне “Бярозаўка”. Побач — вуліцы, названыя ў гонар вялікіх рускіх кампазітараў Глінкі, Чайкоўскага, Мусаргскага. Напэўна, музычны “дух” вітаў вакол мяне ад нараджэння. Увогуле люблю свой родны горад, вуліцы Савецкая, Гогаля, падабаецца наведваць Брэсцкую крэпасць-герой, парк 1 Мая.
— Луіза, як вы прыйшлі ў музыку, тым больш звязалі сваё жыццё з такім “нежаночым”, на мой погляд, інструментам, як віяланчэль?
— Пачынаючы з першага класа, наведвала заняткі ў брэсцкай музычнай школе №2. Калі прыйшлі з мамай туды ўпершыню, нам правялі экскурсію па класах, паказалі інструменты. Мне спадабалася віяланчэль, яна мяне зачаравала, і мы спынілі свой выбар на ёй. Маім настаўнікам стала Валянціна Васільеўна Ярацэвіч. Чулы чалавек, выдатны педагог, тонкі псіхолаг, яна “падбірала ключык” да кожнага дзіцяці, усяляла ўпэўненасць і веру, што ў таго ўсё атрымаецца. Яшчэ вельмі ўдзячна настаўніку па сальфеджыа Ларысе Віктараўне Бабенка. Гэтыя педагогі ўлюблялі навучэнцаў у музыку, захаплялі адданасцю сваёй справе.
— Я так думаю, пры выбары будучай прафесіі ваганняў не было. Ці памыляюся?
— Ваша праўда. Ужо ў пятым класе я марыла звязаць сваё жыццё з музыкай. Наступнай прыступкай пасля школы стаў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы, аддзяленне інструментальнага мастацтва. Студэнцкія гады самыя запамінальныя, мы ўсе былі як адна сям’я. Словы падзякі хачу выказаць сваім выкладчыкам па класе віяланчэлі Таццяне Мікалаеўне Голуб і па тэорыі сальфеджыа Таццяне Анатольеўне Сцепанюк. Увогуле мне пашанцавала на настаўнікаў, мо таму музычны каледж скончыла на выдатна. Размеркаванне атрымала ў Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў.
— Як вас прынялі ў калектыве? Раскажыце пра ўражанні ад першых двух месяцаў працы.
— Калектыў дзіцячай школы мастацтваў дружны, творчы. Старэйшыя калегі падтрымліваюць, тлумачаць, як весці дакументацыю. У мяне 6 вучняў, з кожным з якіх сустракаемся па тры разы на тыдзень. Выкладаць даспадобы. Але толькі калі сама пачала настаўнічаць, зразумела, наколькі складаная і адказная праца педагогаў.
— Луіза Васільеўна, на каго са знакамітых віяланчалістаў вам хацелася б быць падобнай?
— Такога куміра ў мяне няма. Захапляюся творчасцю вялікіх віяланчалістаў Мсціслава Растраповіча, Пабла Казальса, Наталіі Гутман, Мішы Майскага. Удасканальваю ігру на віяланчэлі па інтэрнэтных майстар-класах венгерскага і амерыканскага віртуоза Янаша Старкера.
— Раскажыце пра вашы захапленні акрамя музыкі.
— Люблю чытаць мастацкую, псіхалагічную, духоўную літаратуру, захапляюся шыццём (было ў каго павучыцца: матуля вяжа, сястра — мадэльер).
Але найбольш падабаецца падарожнічаць. У Расіі, Украіне, Малдове, Галандыі ўжо пабывала, мару аб паездках і ў іншыя краіны.
Інтэрв’ю правяла Наталля ВАЛОШКА.
На здымку: настаўнік па класе віяланчэлі Жабінкаўскай ДШМ Луіза Шульган.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top