Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі — адна з асноўных умоў дабрабыту дзяржавы

Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі — адна з асноўных умоў дабрабыту дзяржавы

210207-06
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на аператыўным зборы каманднага складу Узброеных Сіл Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта першая сустрэча ў такім фармаце пасля праведзеных у краіне прэзідэнцкіх выбараў.

Нацыянальная бяспека — умова дабрабыту любой дзяржавы

У сваім выступленні Прэзідэнт закрануў тэму стварэння і развіцця ААН. Ён нагадаў, што на нядаўнім саміце ААН па ўстойлівым развіцці была адкрыта выказана пазіцыя Рэспублікі Беларусь адносна палітыкі так званых «уладных людзей». У сваім імкненні да дамінавання любымі сродкамі і спосабамі яны часта пераходзяць рысу нацыянальнага эгаізму, дапускаюць дзеянні, здольныя паставіць свет на мяжу глабальнага ваеннага канфлікту.

Проціборства на інфармацыйным полі не ўступае рэальным баявым дзеянням

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасных умовах неад’емнай часткай дэструктыўнага ўздзеяння на дзяржаву стала інфармацыйная экспансія.
Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне, Сірыі дэманструюць прыклады актыўнага проціборства на інфармацыйным полі. Інфармацыйная прастора Беларусі не з’яўляецца выключэннем, адзначыў Прэзідэнт. Чарговая хваля інтэрнэт-атак адчувалася ў час выбарчай кампаніі. «І хоць гэтыя патугі скончыліся поўным правалам, важнасць і значнасць інфармацыйнага проціборства неабходна ўлічваць, асабліва ў сферы ваеннай бяспекі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку
ў Еўропе па-ранейшаму аказвае ЗША

Асноўны дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку ў Еўропе па-ранейшаму аказвае імкненне Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў замацаваць за сабой вядучую ролю ў сучасным светаўладкаванні, лічыць Прэзідэнт Беларусі.
«Менавіта ў гэтым кантэксце трэба разглядаць прагрэсіруючую мілітарызацыю рэгіёна, — перакананы Кіраўнік дзяржавы. — Прыкладамі таго з’яўляюцца стварэнне аператыўных штабоў НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы, нарошчванне ваеннай прысутнасці, у тым ліку амерыканскай ядзернай зброі, у еўрапейскіх дзяржавах». На думку Прэзідэнта, палітычнае кіраўніцтва гэтых краін імкнецца максімальна выкарыстоўваць уяўную пагрозу з Усходу для атрымання дывідэндаў у выглядзе разгортвання дадатковых воінскіх кантынгентаў НАТА, а таксама для мадэрнізацыі існуючых і стварэння новых аб’ектаў ваеннай інфраструктуры.
Ён заўважыў, што такая актыўнасць ЗША па ўдасканаленні свайго ваеннага патэнцыялу парушае існуючы ў рэгіёне баланс сіл.

Важна захаваць выпрацаваны баланс адносін з Масквой і Кіевам

Для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае падаграваемая звонку нацэленасць Кіева на канфрантацыю з Масквой. “Гэта ўжо замацавана на заканадаўчым узроўні.
У прыватнасці, у новай рэдакцыі ўкраінскай ваеннай дактрыны Расія называецца ваенным праціўнікам», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Актыўны і рацыянальны ўдзел Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу па заслугах ацэнены і падтрыманы сусветнай супольнасцю. Прэзідэнт, які адказвае непасрэдна за бяспеку краіны, паабяцаў прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць гэтыя пазіцыі, перш за ўсё, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.

Расійская авіябаза на нашай тэрыторыі не патрэбна ні Беларусі, ні Расіі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мірны час у Беларусі ёсць дзяжурныя сілы ППА, у складзе якіх і расійскі кампанент. На аэрадроме ў Баранавічах штосутачна знаходзяцца беларускія экіпажы МіГ-29 і расійскія Су-27.
«Мы не ўтойваем, што ў выпадку развязвання ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, лічы і супраць Расіі, будзе прыменена сумесная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных Сіл, па плане, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінуты вялікія сілы расійскай арміі, у тым ліку значная колькасць расійскай авіяцыі. Але ў выпадку канфлікту або наспяваючага канфлікту», — падкрэсліў Прэзідэнт.
На яго думку, у выпадку размяшчэння расійскай базы на беларускай тэрыторыі Беларусь, як і Расія, будзе мець больш мінусаў, чым плюсаў.

Беспрэцэдэнтнае абвастрэнне ў адносінах па лініі Расія — Захад

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе прынята новая амерыканская нацыянальная ваенная стратэгія, дзе ў якасці адной з прыярытэтных задач упершыню замацавана процідзеянне «рэвізіянісцкім дзяржавам». Да іх прылічана і Расія, якая настойліва спрабуе ўнесці карэктывы ў існуючую архітэктуру міжнароднай бяспекі.
У паласе вострых супярэчнасцей па пытаннях падзелу зямельных і водных рэсурсаў знаходзяцца дзяржавы Цэнтральнай Азіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, удзельнікі гэтых канфліктаў зноў жа нашы партнёры — Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан і Туркменістан. Прэзідэнт лічыць, што вайна ў Сірыі, пагаршэнне сітуацыі ў Афганістане вядуць да росту тэрарыстычнай актыўнасці. Вялікі трафік зброі і наркотыкаў, дзясяткі тысяч узброеных людзей на граніцах, прагназуемая перакідка значных сіл, што ваююць у Сірыі і Іраку, на тэрыторыі паўночнага Афганістана — усё гэта нясе пагрозу суседзям — Таджыкістану, Туркменістану, а таксама іншым дзяржавам. «Перш за ўсё — пагрозу радыкалізацыі», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі гатовы праект новай Ваеннай дактрыны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да канца 2015 года гэты дакумент павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Савета бяспекі.
Акрамя таго, да канца года запланаваны разгляд новага Плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў на Вышэйшым дзяржсавеце.
«Наяўнасць саюзнікаў і дружалюбных краін-партнёраў для нас з’яўляецца важным фактарам забеспячэння ваеннай бяспекі. Менавіта таму Беларусь разглядае свой удзел у такіх міждзяржаўных структурах як дзейсны фактар стрымлівання ў ваеннай сферы. Аднак работа механізма калектыўнай абароны павінна выбудоўвацца з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Арыентацыя на айчынную вытворчасць
і павышэнне якасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад ваенных арыентавацца на айчынную вытворчасць ваеннай прадукцыі, мадэрнізацыю і рамонт існуючых рэсурсаў.
«Магчыма, якасць нашага абароннага сектара эканомікі яшчэ не дацягвае да сусветных брэндаў. Але і кошт крыху даражэйшы замежнай. Дык трэба сумеснымі намаганнямі давесці айчынную прадукцыю да патрэбнай якасці. У тым ліку ў ходзе яе эксплуатацыі ў войсках. Любы выраб у ВПК трэба неадкладна аддаваць у армію і там яго добра пратэсціраваць», — лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, прадаўжаецца пастаўка ў войскі новых узораў узбраення, і работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы.

Працэс аптымізацыі Узброеных Сіл Беларусі не павінен «застыць»

Далейшая аптымізацыя Узброеных Сіл Беларусі павінна быць накіравана на павышэнне якаснага стану арміі, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гады суверэннага існавання Беларусі Узброеныя Сілы падвергліся значнаму скарачэнню. Паступова, без рэзкіх узрушэнняў колькасць арміі зменшана з чвэрці мільёна да 65 тыс. чалавек.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна пазбаўляцца ад тэхнікі і маёмасці, выкарыстанне якіх ужо немэтазгодна, але рабіць гэта па-гаспадарску, з відавочнай выгадай.

Лукашэнка не задаволены фізічнай падрыхтоўкай афіцэраў

Кіраўнік дзяржавы лічыць захаванне кадравага патэнцыялу Узброеных Сіл адной з важнейшых задач.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў насцярожанасць некаторымі момантамі, у прыватнасці ўзроўнем прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэраў. «Перш за ўсё здзіўляе ўзровень фізічнай падрыхтоўкі маладых афіцэраў ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. «Дасягненні» больш як 50 працэнтаў з іх ацэнены на «здавальняюча» і «нездавальняюча». У многіх афіцэраў слаба развіта вынослівасць. Значная колькасць мае залішнюю вагу. Як гэта разумець? — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. — Не мне ж вам тлумачыць, што няма ні афіцэра, ні салдата без належнай фізічнай падрыхтоўкі. У нас жа некаторыя афіцэры-танкісты, камандзіры БМП і іншыя ў люк не ўлазяць!»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па некаторых іншых напрамках падрыхтоўкі ваеннаслужачыя паказваюць нядрэнныя вынікі, аднак месцамі прасочваюцца спрашчэнства і фармалізм.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top