Прафілактыка — найлепшы спосаб прадухілення хваробы

Прафілактыка — найлепшы спосаб прадухілення хваробы

uzi017

Рак малочнай залозы сёння займае першае месца сярод анкалагічных захворванняў у жанчын. Кожны год па ўсім свеце рэгіструецца каля 1 млн. выпадкаў. Паводле статыстычных дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 30% жанчын, у якіх быў выяўлены рак малочнай залозы, мелі ўзрост менш за 45 гадоў. Падлічана, што пры своечасовым звароце хвароба паддаецца лячэнню ў 98% выпадкаў. Таму асаблівае значэнне мае своечасовая дыягностыка і прафілактыка раку грудзей.
Самым надзейным сродкам своечасовай дыягностыкі ўсіх захворванняў малочнай залозы, у тым ліку і анкалагічных, з’яўляецца штомесячнае самаабследаванне і штогадовы ўрачэбны агляд.
Кожная жанчына павінна рэгулярна, адзін раз у месяц, праз 5-10 дзён пасля заканчэння менструацыі, калі знікае нагрубанне малочных залоз і яны найбольш зручныя для агляду, праводзіць іх самаабследаванне. Гэта візуальны агляд малочных залоз каля люстэрка пры добрым асвятленні і старанная іх пальпацыя (абмацванне). Жанчыны, у якіх няма менструацый, павінны рабіць гэта ў першы тыдзень кожнага месяца.
Калі ж пасля агляду вы выявіце ўшчыльненні ці прыпухласць у вобласці малочнай залозы, якія не знікаюць пасля менструацыі; змену памераў або формы малочнай залозы; выдзяленні з саскоў, не звязаныя з лактацыяй або з прымессю крыві; змену скураных пакроваў у вобласці грудзей (рабізну, пачырваненні), неадкладна звяртайцеся да гінеколага або анколага. Толькі спецыяліст назначыць неабходнае абследаванне і паставіць правільны дыягназ.
Для прадухілення раку малочнай залозы вялікую ролю адыгрывае прафілактыка. Яна заключаецца ў правільным падборы ніжняй бялізны (бюстгальтар павінен быць са шлейкамі, адпавядаць памерам малочнай залозы і не парушаць яе правільнае, анатамічнае становішча), у правільным харчаванні (жанчына абавязкова павінна ўжываць у ежу прадукты, багатыя антыаксідантамі), у адмове ад курэння і ўжывання спіртных напояў.
Неабходна займацца гімнастыкай для мышцаў грудзей, пазбягаць стрэсаў, своечасова лячыць запаленчыя захворванні жаночых палавых органаў, а таксама эндакрынныя і аўтаімунныя.
Працэс лактацыі з’яўляецца добрай прафілактыкай раку малочнай залозы, бо менавіта пры кармленні грудзьмі адбываецца выпрацоўка спецыяльных гармонаў.
Асаблівую ўвагу прафілактыцы павінны надаваць жанчыны, якія маюць сямейную схільнасць да раку малочнай залозы.
Вераніка ХАРКОВІЧ, урач паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top