Узнагароды і віншаванні творцам

Узнагароды і віншаванні творцам

IMG_6326 IMG_3674 IMG_6324
У святочна прыбранай зале дзіцячай школы мастацтваў ладзілі ўрачыстасць людзі, якія ўмеюць ствараць настрой, дарыць прыемныя імгненні іншым, і без якіх не абыходзіцца ніводнае прафесійнае свята работнікаў розных галін Жабінкаўшчыны.
— Людзі вашай прафесіі — яркія, творчыя, захопленыя, ініцыятыўныя, — гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мартысюк. — У вас ёсць прызванне да мастацтва, моцны характар і вялікая душа. Вы — асаблівая суполка творцаў, ад дзейнасці якіх залежыць фарміраванне значна большых каштоўнасцяў жыцця, чым грошы, колькасць сыравіны і эфектыўнасць вытворчасці. Без культуры немагчыма гаварыць аб нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцыях, дзяржаўнасці і ўзроўні развіцця краіны. Я выказваю прызнанасць усім, хто клапоціцца пра культуру раёна, уважлівы і ашчадны да нашай спадчыны, мастацтва, народнай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы.
Словы ўдзячнасці выказаў ён і ветэранам гэтай галіны за адданасць сваёй прафесіі, пажадаў усім гасцям свята здароўя, аптымізму, поспехаў, шчасця і дабрабыту.
Затым Сяргей Васільевіч уручыў узнагароды райвыканкама — Ганаровую грамату бібліятэкару Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі Ірыне Самасюк і Пісьмо падзякі дырэктару Залуззеўскага сельскага Дома народнай творчасці Людміле Пышынскай; Ганаровую грамату прэзідыума раённага Савета дэпутатаў настаўніку па класе баяна Святлане Зотавай.
Па-сяброўску цёпла і шчыра павіншавала з прафесійным святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ніна Куракевіч.
— Гэтае свята аб’ядноўвае ўсіх, хто рупіцца ў шматграннай сферы культуры, — сказала Ніна Віктараўна. — У супрацоўнікаў бібліятэк, школ мастацтваў, музея, кіно, дамоў культуры і клубаў, калектываў мастацкай самадзейнасці адна агульная справа — штодзень несці людзям часцінку дабра і святла, вучыць разумець, берагчы і памнажаць прыгожае.
Ніна Віктараўна назвала перамогі, якія атрымалі работнікі культуры сёлета, пажадала ўсім, для каго творчасць стала справай жыцця, здароўя, энергіі, натхнення і ўручыла найлепшым узнагароды ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.
Парад віншаванняў прадоўжылі спевакі і музыкі. “Адкрыў” іх аркестр народных інструментаў настаўнікаў ДУА “Жабінкаўская ДШМ” пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай. На змену аркестру на сцэну выйшлі юныя цымбалісткі, вучаніцы Надзеі Жываевай. Іна Новік і Вікторыя Шаўчук уразілі віртуознай ігрой на акардэонах, а Кацярына Татарынчык і Сяргей Маляваны — на гітарах.
Вячаслаў Фядотаў, Алеся Жукава, Валерый Няменьшы, Аксана Пракошына, Таццяна Грыцук і Вячаслаў Кулік падарылі калегам вершы і песні. “Завёў” залу юны саліст з Брэста Дзіма Шымбарэвіч сваёй вясёлай песенькай “Качка”. Падрастае дастойная “культурная” змена!
Завяршылі віншавальна-музычную праграму “Непаседы” — танцоры малодшай групы, выхаванцы Ірыны Паўлавай.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: вядучыя свята Ілля Учаеў і Алеся Жукава; спявае Аксана Пракошына; іграе аркестр народных інструментаў настаўнікаў ДУА “Жабінкаўская ДШМ” пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top