У выйгрышы той, хто не спяшаўся

У выйгрышы той, хто не спяшаўся

_DSC2423

У нашым раёне вырошчваннем цукровых буракоў займаюцца 6 з 9 гаспадарак.
Сёлета з прычыны сухога надвор’я, калі пасевы літаральна папякліся на палях, вялікага ўраджаю чакаць не даводзілася. Трэба было ўбіраць тое, што ёсць, і адпраўляць на перапрацоўку сыравіну згодна з распрацаваным графікам.
Першымі ў нашым раёне ўбралі салодкія карані ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”, СВК “Шпіталі”. Ураджайнасць зусім невялікая — 275-314 цэнтнераў з гектара, таму даведзены план здачы буракоў выкананы толькі ад 43 да 72 працэнтаў.
Сітуацыя, на думку спецыялістаў, крыху лепшая ў СВК “Рагазнянскі”, “Вазнясенскі” і “Маціевічы” — гэтыя гаспадаркі пачалі ўбіраць буракі пазней. Чаму так атрымалася, спрабуем раза-брацца са спецыялістамі СВК “Маціевічы”.
— Калі ў пачатку верасня пачалі капаць караняплоды, ураджайнасць іх ледзь “дацягвала” да 200 цэнтнераў з гектара, — узгадвае аграном Адам Ануфрыевіч Харламповіч. — Літаральна за некалькі тыдняў буракі, якія дачакаліся-такі вільгаці, выпусцілі бацвінне, актыўна пачалі набіраць вагу, і ўраджайнасць павысілася мінімум на 150 цэнтнераў на круг. Унесеныя яшчэ летам мікраўгнаенні — бор і марганец, нарэшце засвойваюцца раслінамі і адбываецца інтэнсіўны прырост караняплодаў. На некаторых участках накопваем звыш 600 цэнтнераў з гектара.“Дзякуючы” капрызам надвор’я (усё лета сушыла, а верасень прыйшоў — задажджыла), у выйгрышы аказаліся тыя, хто з уборкай сыравіны марудзіў.
Праўда, тут ёсць адваротны бок медаля: расліны многа назапашанага цукру выкарыстоўваюць на адрастанне бацвіння. Таму перад сельгасвытворцамі стаіць дылема: выкапаць раней і здаваць на завод дробную, затое салодкую (у многіх гаспадарках напачатку верасня сыравіна была з цукрыстасцю вышэй за базісную), або крыху пачакаць, даць буракам падрасці і выйграць за кошт вагі. У СВК “Маціевічы” абралі другі шлях.
Старшыня гаспадаркі Мікалай Іванавіч Кавальчык упэўнены: выкопваць салодкую сыравіну не трэба спяшацца, яны здорава могуць прыбавіць у вазе, абы снегу і марозу не было.
— Мы і так неда-
атрымаем мінімум 1000 тон буракоў, ці, гаворачы “мовай” грошай — 300 мільёнаў рублёў, — падкрэслівае кіраўнік.
— Нам засталося выкапаць ураджай на 39 гектарах.
У гаспадарцы для збору ўраджаю 6 гадоў таму закупілі буракаўборачны камбайн замежнай вытворчасці “RОРА”, які за адзін праход выконвае некалькі аперацый: зразае бацвінне, выкопвае корань, даачышчае, загружае ў бункер і высыпае ў бурт або кузаў аўтамабіля. З гэтай манеўровай тэхнікай выдатна спраўляецца Аляксандр Мікалаевіч Ляўчук. За дзень ён на камбайне ўбірае да 7 гектараў, хаця магутнасці машыны ў тры разы большыя.
У дзень на мясцовы буракапрыёмны пункт адпраўляюць каля 300 тон салодкіх каранёў. Маглі б і больш — ды ліміт вывазу не дазваляе. Таму з уборкай не надта спяшаюцца, нават суседзям-шпіталёўцам дапамаглі з дзясятак гектараў салодкай сыравіны выкапаць, калі ў тых тэхніка падвяла.
— Накапалі ўжо амаль 8,5 тысячы тон, — кажа механізатар Аляксандр Ляўчук. — Пакуль што мы другія ў раёне пасля ААТ “Жабінкаўскі”. Аднак, улічваючы, што калегі ўраджай сабралі, а мы толькі 84% плошчаў, то ёсць магчымасць “выбіцца” ў перадавікі. Ды й ураджайнасць апошнім часам неблагая. Сёлета ў выйгрышы той, хто не спяшаўся.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: задаволеныя ўраджаем аграном аховы раслін Андрэй Бяльчук, механізатар Аляксандр Ляўчук і галоўны аграном Адам Харламповіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top