Untitled-13

Сертыфікат пацвярджае: экалагічна чысты прадукт

ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” распрацавала, укараніла і падтрымлівае сістэму экалагічнага менеджменту згодна з патрабаваннямі МС ISO 14001:2004 у галіне вытворчасці цукру-пяску і грануляванага сухога жому, распрацоўкі буйнакрышталічнага і жэліруючага цукру. Інжынеры-эколагі прадпрыемства па ахове навакольнага асяроддзя каля трох гадоў займаліся распрацоўкай неабходных дакументаў, якія датычацца адходаў водакарыстання і водаадвядзення. Цяпер, дзякуючы атрыманаму сертыфікату, прасоўваць сваю прадукцыю на ўнутраным і знешнім рынках будзе лягчэй, а спажыўцы жабінкаўскай прадукцыі будуць упэўнены ў яе экалагічнай чысціні.

З клопатам
пра захаванне правапарадку

23 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне Жабінкаўскага сельвыканкама. Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, — стан злачыннасці і правапарадку на тэрыторыі сельсавета за 9 месяцаў года. З аналітычнай даведкі маёра міліцыі Аляксандра Каржука вынікае, што калі ў 2013 годзе колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыі сельсавета складала 25, летась — 18, дык сёлета іх адбылося 19, большасць са злачынстваў (11) — крадзяжы. Дзеля захавання правапарадку ўчастковым інспектарам аддзела ўнутраных спраў райвыканкама С.П.Галоўчыку і А.С.Каржуку, паводле рашэння сельвыканкама, даручана працягваць работу ў выяўленні незаконнай рэалізацыі спіртных напояў, актыўна тлумачыць насельніцтву неабходнасць устаноўкі ахоўнай сігналізацыі, штогод сумесна з вясковымі старастамі абследаваць адзінокіх і асобна пражываючых людзей пажылага ўзросту, каб папярэджваць злачынствы і правапарушэнні ў адносінах да іх.

Займальныя канікулы з кнігай

З карысцю для сябе праводзяць восеньскія канікулы наведвальнікі школьнага лагера ў СШ №1 г.Жабінка. 26 і 27 кастрычніка каля 80 вучняў пачатковых класаў пераступілі парог чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі ў райцэнтры не толькі для таго, каб працягнуць сяброўства з кнігамі, часопісамі і газетамі, але і паўдзельнічаць у віктарынах з прыказак, прымавак і загадак, паглядзець мультасарці, падрыхтаваныя бібліятэкарамі Таццянай Прудзялюк, Вольгай Гурыш і Таццянай Раманавай. Супрацоўнікі бібліятэкі даходліва і цікава пазнаёмілі малодшых школьнікаў з новымі выданнямі, што атрымала чытальня, некалькі маленькіх чытачоў у гэтыя дні запісаліся ў бібліятэку, тым самым павялічылі кола сяброў кнігі.

Самагон
праблем не вырашае

Раніцай 23 кастрычніка нідзе не працуючы Л. моцна захваляваўся, калі да яго ў жыллё прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і АДАІ. І не здарма. На кватэры ў жабінкаўца было знойдзена і канфіскавана 400 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці. Навошта аднаму чалавеку столькі “напояў” — высветліць следства.
Наогул, супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС сёлета знішчылі 4 самагонныя апараты, 33 літры самагону, 1000 — брагі, 655 — фальсіфікаваных спіртных напояў.
У дзяжурнай часці УУС Брэсцкага аблвыканкама створана і дзейнічае тэлефонная лінія “П’янству — не!”. Калі вам сталі вядомыя факты незаконнага вырабу, захоўвання і рэалізацыі самагону і іншай спіртаўтрымліваючай вадкасці, паведаміце па нумарах: (80162)45-62-15, (801641)2-12-76, 102 (Жабінка). Магчыма, менавіта ваш званок захавае нечае жыццё і здароўе.

Рэсурсныя цэнтры
рыхтуюць алімпійцаў

На базе гарадскіх СШ №1, СШ №3 і ліцэя арганізавана работа рэсурсных цэнтраў па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд. У іх праводзяцца вучэбныя заняткі па асобных тэмах з адоранымі навучэнцамі, кансультацыі з выкарыстаннем адпаведных рэсурсаў цэнтраў. У канікулярны час яны праходзяць штодзённа, у вучэбны — па суботах.
Дарэчы, першы этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, рускай, англійскай, нямецкай мове, па матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы і іншых прадметах прайшоў з 19 па 23 кастрычніка. Вынікі яго падводзяцца.

Змены ў руху цягнікоў

Беларуская чыгунка правяла карэкціроўку часу руху цягнікоў з калегамі з Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы ў сувязі з пераходам гэтых краін на зімовы час. Ён адбыўся ў ноч з 24 на 25 кастрычніка.
Змены ў руху некаторых саставаў закранулі і Жабінку. Цяпер цягнік №95 Масква-Брэст замест 05.48 будзе прыбываць у наш райцэнтр у 5.51 і адпраўляцца ў 5.53. Электрычка №6309 Мінск (Інст.культ.)-Брэст мяняе час адпраўлення з 18.13 на 18.15. Цягнік №666 Брэст-Мінск Пасажырскі будзе прыбываць у Жабінку ў 0.50 і адпраўляцца ў 0.52 (раней прыбываў у 01.11 і стаяў адну хвіліну).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top